Вы тут

У наступным нумары "ЛіМ": "За паўкрокі ад актуальнасці"


У нядаўнім артыкуле, прысвечаным "наіўнаму мастацтву" і эпігонству, згадвалася праблема актуальнасці літаратурнай творчасці. Актуальнасць можна разглядаць у двух аспектах: як мастацкую і жыццёвую. Пачнём з мастацкай актуальнасці – і зноў выкарыстаем умоўны падзел аўтараў на аматараў і прафесіяналаў.

За паукроки

МАСТАЦКАЕ

Прафесійны пісьменнік, які вырашае стварыць, напрыклад, гістарычны раман, па-першае, знаёмы з лепшымі ўзорамі гэтага жанру ў айчыннай і сусветнай літаратуры, па-другое, высвятляе, якім чынам ужо пісалі пра абраных ім герояў і гістарычныя падзеі, па-трэцяе, дасведчаны ў сучасных мастацкіх тэхніках і, адпаведна, свабодны ў выбары стылю і наратыўнай стратэгіі. Кампетэнтнасць пісьменніка-аматара па гэтых пунктах не заўсёды высокая. Напрыклад, немагчыма выбіраць з таго, чаго не ведаеш, -- таму калі наш аўтар не цікавіцца еўрапейскай прозай ХХ стагоддзя, гэта значна абмяжоўвае яго выяўленчыя здольнасці. Больш чытаць – галоўная творчая парада Андрэя Федарэнкі!

Згадаем і "Кароткую літаратурную энцыклапедыю": "Крыніца эпігонства – згасанне і распад тых альбо іншых ідэйна-культурных і мастацкіх канцэпцый, якія перастаюць быць імпульсам да творчасці і робяцца аб'ектам чыста фармальнага і бяздумнага ўзнаўлення". Гэтая заўвага падкрэслівае неабходнасць уважлівага стаўлення да нюансаў мастацкай творчасці. Так, ужыванне фальклорнай вобразнасці было абсалютна натуральным для Я. Купалы, Т. Шаўчэнкі, А. Кальцова: прыгожа, блізка, родна для аўтараў і іх чытачоў. Перагукі з народнымі песнямі ў вершах сучасных паэтаў таксама адсылаюць нас да багаццяў народнай культуры, але скарб, атрыманы ў спадчыну ад продкаў, – гэта ўжо не жывыя грошы, а частка музейнай калекцыі: рэліквія, памяць, гісторыя. Народныя песні не актуальныя для сучаснага чытача ў той самай ступені, як стагоддзе таму для яго прабабкі, і вершы, поўныя фальклорных вобразаў, чытаюцца сёння як наследаванне класікам, як працяг пэўнай традыцыі беларускай паэзіі. Далёка не заўсёды гэта будзе "фармальным і бяздумным узнаўленнем", але каб надаць вершу лірычнасці і чуласці, дастаткова аднаго-адзінага адухаўлення ці сталага эпітэта, якія ў шчаслівым суседстве іншых слоў зайграюць і захопяць старажытнай глыбінёй.

Што ж тычыцца першага пункту, калі прафесійны аўтар арыентуецца на дастаткова высокі ўзровень пісьменніцкага майстэрства, то лінія старту для сучаснага празаіка ўжо не Я. Колас ці І. Мележ, а В. Быкаў і У. Караткевіч. Вядома, кожны адметны творца таленавіты па-свойму, але валодаць тэхнікай пісьма амаль на ўзроўні блізкіх да нас літаратурных класікаў у прынцыпе рэальна. У глыбіні душы прафесіянал таксама ўсведамляе, што зробленае ім павінна быць "не горш чым у людзей" – блізкіх ці далёкіх суседзяў. Каб проза альбо паэзія, перакладзеная з беларускай мовы, выклікала ў замежнага чытача прынамсі павагу! Найбольшымі максімалістамі ў гэтым сэнсе былі, відаць, "нашаніўцы": здавалася, яшчэ некалькі гадоў, і беларуская літаратура ўздымецца да еўрапейскага ўзроўню, дасць імёны сусветнага маштабу… Але еўропацэнтрызм змяніўся мультыкультуралізмам, колькасць аўтараў, якія ствараюць якасную літаратуру, за стагоддзе павялічылася ў дзясяткі разоў і беларуская літаратура неяк згубілася паміж іншымі, хаця творы еўрапейскага ўзроўню ў ёй былі, і імёны значнага маштабу таксама.

Чаму б не выпрастаць плечы:

вялікія мэты і сёння дарэчы!

Іх варта асэнсоўваць, да іх варта ісці, а вось пустая амбітнасць толькі замінае на гэтым шляху.

Аматар пачуваецца больш сціпла, чым прафесіянал, ён можа пісаць "проста для сябе" альбо "як атрымліваецца", але напісанае ніжэй за пэўны ўзровень проста не ўлічваецца пры размове аб развіцці літаратуры. Адсюль шмат нараканняў на занядбанасць класічных традыцый: творчасць многіх пісьменнікаў належыць да кансерватыўна-традыцыйнай плыні, яны далёкія ад постмадэрнізму і не схільныя да літаратурных эксперыментаў, але даследчыкі ўпарта не заўважаюць плёну іх працы. Верагодна, справа ў неактуальнасці, хаця асобныя тэксты могуць быць зусім неблагімі. (Зрэшты, у нашай літаратуры не заўважаецца вельмі шмат -- у першую чаргу амаль адсутным чытачом.) Праўда, часцей за сціпласць сустракаецца саманадзейнасць і ўпэўненасць ва ўласнай геніяльнасці, і не дазваляюць аўтару вучыцца, развівацца і рухацца наперад. Адэкватная самаацэнка і самакрытычнасць – таксама абавязковыя рысы прафесіянала.

…Паводле Т. Вабішчэвіч, якая ці не першай выкарыстала паняцце “інсітнага мастацтва” ў дачыненні да беларускай літаратуры, у першыя гады выдання "Нашай Нівы" большасць пісьменнікаў з'яўлялася менавіта "наіўнымі" аўтарамі. Але іх творчасць была запатрабаванай – напэўна таму, што мела актуальнасць жыццёвую.

ЖЫЦЦЁВАЕ

Самыя чытаныя сучасныя беларускія празаікі – А. Бахарэвіч, А. Брава, А. Глобус, В. Марціновіч, Ю. Станкевіч, А. Федарэнка – звяртаюцца пераважна да рэалій сённяшняга часу. Але хапае і аўтараў, якіх актуальнае ў сучасным жыцці зусім не вабіць. Пісьменнікі сталага ўзросту непрыхільна ставяцца да глабальных змен 1980 – 1990-х гадоў, у выніку якіх грамадства стала спажывецкім, прагматычным, рацыянальным, бездухоўным, камп'ютарызаваным – гэткая пачвара, вартая абурэння, ад якой хочацца схавацца, адмежавацца, але зусім не назіраць за ёю, каб занатаваць характэрныя рысы, патлумачыць адметнасці і высветліць, як яна гэткай брыдкай зрабілася.

Іншыя аўтары пішуць пра сучаснасць, але высокага, узнёслага вобраза Беларусі не тычыцца ўсё, пазбаўленае выразных нацыянальных асаблівасцей. Цікавасць выклікае гісторыя, вёска, асяроддзе нацыянальна свядомых, звычайна творчых, людзей. Іншыя праблемы і тэмы ў такім мастацкім свеце сустракаюцца рэдка, а жыхары русіфікаванай Беларусі звычайна эпізадычныя і малапрывабныя.

Глыбей, шырэй падумаць пра нашу рэальную краіну -- пра тое, чым мы сённяшнія адрозніваемся ад нас дваццаць гадоў таму, чым адметная наша ментальнасць і светаўспрыманне, якія ў нас набыткі, праблемы ды перспектывы -- празаікі ды (тым больш) паэты наважваюцца не часта. Вядома, можна напісаць выдатны твор без сацыяльнага кантэксту, але ніхто, акрамя беларусаў (пісьменнікаў, журналістаў, сацыёлагаў), не вызначыць гэтыя рэчы. Калі аўтар звяртаецца да жыццёвай праблемы, новай для нашай літаратуры, яго твор можа вельмі зацікавіць. Так, у агледжаных мінулым годам часопісах найбольш запомнілася аповесць Т. Дземідовіч "Не плач, Лізанька", прысвечаная дзецям з асаблівасцямі развіцця – іх стасункам з настаўнікамі, равеснікамі, пошуку сяброў.

Але "сярэдняму" аўтару звычайна не хапае смеласці, цікаўнасці ці жадання, каб па-свойму паглядзець на сучаснае жыццё. Ён часта робіць галоўнага героя падобным да сябе і мінімалізуе сацыяльны кантэкст. Гаротны эпігон – гэта пераважна канфарміст, якому ўласціва канвенцыянальнае мысленне, яму бракуе ўмення думаць самастойна, глыбока і крытычна. Ён прадказальны і стэрэатыпны -- зрэшты, ёсць людзі, якім важна не выявіць уласназаўважанае, а сцвердзіць агульнапрыняты погляд. Адстойваць значнасць традыцыйных каштоўнасцей і жыццёвых прынцыпаў таксама варта, але рабіць гэта пажадана тонка, разумна і доказна, бо многія класічныя ўстаноўкі сёння не з'яўляюцца безадноснымі.

Беларуская паэзія – звычайна таксама маналог, расповед пра сябе ці сваіх блізкіх – каханых, бацькоў, дзяцей. Вершы пра нас пішуцца рэдка, і ідэі іх звычайна не новыя: альбо варыяцыі на тэму "Люблю свой край, старонку гэту...”, альбо размова пра Маці-Краіну ("як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць...”). Па вопыце іншых літаратур відаць, што магчыма і большая разнастайнасць. Але каб творы мелі жыццёвую актуальнасць, трэба разважаць над сучаснасцю, прыглядацца да яе, звяртаць увагу на прыватныя моманты, якія звычайна не вылучаюцца. Праўда, мысленне пісьменніка адметнае: ён думае вобразамі, сюжэтамі, дыялогамі, і такія рэкамендацыі падаюцца празмерна агульнымі. Больш канкрэтна размова пра выяўленне сучаснасці можа весціся ў рэцэнзіях, у артыкулах, прысвечаных творчасці асобных аўтараў. І прафесійны пісьменнік абавязкова цікавіцца тым, што пішуць пра літаратуру – ад "Паэтыкі" Арыстоцеля да амерыканскага бестселера "Як напісаць геніяльны раман?".

З непрыманнем, няведаннем, неразуменнем сучаснасці – як жыццёвай, так і літаратурнай – можна займацца і творчасцю, і крытыкай, і даследчай працай, але стварыць актуальную для свайго часу рэч амаль немагчыма. Чарговы артыкул будзе прысвечаны іншым адметнасцям сучбелліту -- зноў у звязку з праблемамі "сярэдняга аўтара".

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?