Вы тут

У наступным нумары "ЛіМ": "Трымаць час у руках"


Вечарына з нагоды 70-гадовага юбілею вядомага тэатра- і літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпана Лаўшука прайшла ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Тут адбылося і адкрыццё кніжнай выстаўкі “Выдатны знаўца айчыннай драматургіі”, прысвечанай навуковай і творчай дзейнасці юбіляра.

Лаўшук - фота Марыны Весялухі

Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук нарадзіўся недалёка ад Рэчыцы, у мястэчку Васілевічы, гадаваўся ў вялікай сям’і, дзе было аж дзевяць дзяцей. Пасля школы паехаў на Урал, як казаў сам Сцяпан Сцяпанавіч, “за туманам і за водарам тайгі”. Хутка адтуль вярнуўся, у 1962 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Падчас вучобы шмат займаўся спортам, сёння нават ганарыцца тым, што змог выканаць нарматыў майстра спорту па вольнай барацьбе. Неяк падчас летняй працоўнай сесіі на асваенні цалінных зямель разам з іншымі студэнтамі-філолагамі наведаў магілу Змітрака Бядулі каля Уральска, якая ў той час знаходзілася на мяжы знікнення. Але ўжо праз год, дзякуючы клопату маладых даследчыкаў, на месцы пахавання класіка беларускай літаратуры з’явілася маналітная надмагільная пліта з надпісам на трох мовах.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Сцяпан Лаўшук працаваў у Лунінецкім раёне настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара і дырэктарам школы. Аднак яго заўсёды захапляў тэатр. Унутранае жаданне да творчай самарэалізацыі падштурхнула да паступлення ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сучасная беларуская драматургія: праблемы канфлікту і характару” і быў залічаны ў штат Інстытута літаратуры АН БССР. Сёння Сцяпан Сцяпанавіч ужо доктар філалагічных навук, займае пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Мае сына, дачку, двух унукаў. Любіць працаваць на дачы, што на Лысай Гары. З’яўляецца аўтарам многіх кніг, а таксама амаль трох соцень артыкулаў у розных энцыклапедычных і навуковых выданнях, перыёдыцы. Сёння апякуецца выданнем 10-томнага збору твораў свайго вядомага земляка Івана Навуменкі. Любіць наведваць родныя Васілевічы. Нават неяк прызнаваўся, што ўсіх васілёўцаў лічыць сваякамі, таму стараецца дапамагчы кожнаму, хто трапляе ў складанае становішча.

Каб павіншаваць Сцяпана Сцяпанавіча з юбілеем, у бібліятэцы імя Якуба Коласа сабраліся яго калегі, сябры, землякі і сваякі. З Магілёва ў Мінск завітаў Аляксей Лаўшук, родны брат Сцяпана Лаўшука, з дзецьмі. Сёння ён дэкан філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. З віншавальным словам да юбіляра звярнуўся і акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя:

— У вас шмат задум, мы з вамі многа спрачаемся наконт таго, каб наша беларускамоўная крытыка больш актыўна ўдзельнічала ў стварэнні новых твораў. Вы робіце ў гэтым напрамку шмат. Я думаю, што крытыка ва ўсе часы з’яўляецца рухавіком творчасці.

Незвычайны падарунак — кветкі з кветніка Дома літаратара і крыштальную кнігу — прынёс юбіляру яго сябар — першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў. Ён распавёў:

— Сёння я ўспамінаў, колькі гадоў мы знаёмыя. І палічыў, што без двух гадоў паўвека. На першым курсе філфака ўсе, хто ленаваўся ісці на фізкультуру, запісваліся ў розныя секцыі, і я запісаўся на вольную барацьбу. Быў там і Сцяпан Лаўшук. Калі мы, першакурснікі, пасля заняткаў заходзілі ў душ, ён глядзеў на нас зняважліва, з вышыні чацвёртага курса, і даваў параду: “Трэба, хлопцы, качаць біцэпс”. Для нас ён быў несумненным аўтарытэтам. Пасля нашы дарогі разышліся, але ў канцы 1980-х мы пачалі цесна супрацоўнічаць, праводзілі агульныя імпрэзы Саюза пісьменнікаў і Акадэміі навук.

З юбілеем Сцяпана Сцяпанавіча таксама віншавалі вядомыя навукоўцы, даследчыкі беларускай культуры, літаратуры, мовы і тэатра: Аляксандр Лукашанец, Аляксандр Лакотка, Сяргей Гаранін, Ігар Капылоў, Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Мушынскі, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, Рычард Смольскі і многія іншыя вядомыя дзеячы. “ЛіМ” таксама віншуе юбіляра. Мы далучаемся да ўсіх пажаданняў, зычым моцнага здароўя, плёну ў працы, няўрымслівасці, поспехаў, натхнення.

Марына ВЕСЯЛУХА,

фота аўтара

 

Першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук Сяргей Чыжык і акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя віншуюць Сцяпана Лаўшука з юбілеем.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.