Днямі на пляцоўцы першага спарткомплекса БНТУ прайшоў спартыўны фестываль для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Яго арганізатарам выступіла Мінская гарадская арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. «Байцы» мерыліся сіламі ў чатырох дысцыплінах: міні-футболе, валейболе, стрытболе (вулічным баскетболе, у якім каманды гуляюць на адно кальцо) і армрэслінгу. У камандных відах за прызы турніру змагалася 26 калектываў з атрадаў розных ВНУ, у спаборніцтвах па армрэслінгу — каля 50 чалавек.
Свае каманды на фестываль заявілі і тры расійскія ВНУ, студэнты якіх цяпер працуюць у складзе зводных студатрадаў у Мінску: Нацыянальны даследчыцкі Томскі політэхнічны ўніверсітэт, Кабардзіна-Балкарскі дзяржаўны ўніверсітэт і Уральскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін. Карэспандэнты «Чырвонкі» паназіралі за спаборніцтвамі і даведаліся, што вабіць замежных студэнтаў у будатрадаўскім жыцці.
Расказвае Мікіта ФАДЗЕЕЎ, студэнт 3 курса факультэта атамнай электраэнергетыкі Томскага політэхнічнага ўніверсітэта:
— Я ў студатрадаўскім руху ўжо тры гады. Да гэтага ездзіў на рыбаперапрацоўчы завод на Сахаліне, а таксама працаваў правадніком у цягніках. У Расіі студатрадаўскі рух пазіцыянуецца як платформа для выхавання студэнцкага адзінства. Гэты рух яднае, дазваляе знайсці сяброў і павандраваць. Сёлета з'явілася магчымасць патрапіць у Беларусь, паглядзець на краіну, на Мінск, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Я без ваганняў згадзіўся на такую прапанову адміністрацыі ўніверсітэта. Усяго ў Мінск з Томска прыехала васямнаццаць чалавек, а ўвогуле з Расіі — каля сямідзесяці. Некалькі атрадаў з нашай ВНУ зараз працуюць на будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне. Мы з сябрамі працуем у Мінску, на адным з будаўнічых прадпрыемстваў. Будуем жылы дом у мікрараёне «Зялёны Луг». Кладзём тратуарную плітку і падводзім каналізацыю.
— Якія ўражанні ад беларускай сталіцы?
— Нас засялілі ў новыя інтэрнаты ў Студэнцкай вёсцы. Наколькі я ведаю, падчас чэмпіянату свету па хакеі там жылі фанаты замежных зборных. Умовы вельмі добрыя. Усе пытанні, якія ў нас узнікалі, максімальна хутка вырашаліся. У Мінску ўразілі, у першую чаргу, людзі: мне здаецца, што беларусы больш адкрытыя, здольныя ісці на кантакт, чым расіяне. Увогуле, тут ёсць атрады, якія прыязджаюць у Мінск не першы раз — напрыклад, хлопцы з Кабардзіна-Балкарыі. Думаю, тое, што людзі з радасцю едуць у Беларусь штогод, — лепшы паказчык.
— Ці была ў вас якая-небудзь культурная праграма?
— Так, безумоўна. Мы прыехалі ў Мінск яшчэ 3 ліпеня, і адразу трапілі на парад, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Беларусі, наведалі новы Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Штотыдзень мы арганізавана ездзім у экскурсіі па Беларусі. Былі ў Мірскім замку, Белавежскай пушчы, Нацыянальнай бібліятэцы, на «Лініі Сталіна», на хакейным матчы ў «Мінск-Арэне». На выхадных па ўласнай ініцыятыве з'ездзілі ў Брэсцкую крэпасць — гэта было незабыўнае падарожжа і шыкоўныя ўражанні. Яшчэ плануем патрапіць на Мінскае мора і ў аквапарк.
— Як табе здаецца, ці вельмі адрозніваецца цяперашняя Беларусь ад Расіі? Многія расіяне любяць нашу краіну менавіта за тое, што «адчуваюць сябе як дома».
— Я не сказаў бы. Узяць, напрыклад, мову. Беларускую ў Мінску пачуць цяжка, але нават руская мова «ў выкананні» беларуса гучыць зусім інакш: гукі больш мяккія і працяглыя. Адрозніць беларуса па маўленні зусім проста. Мы таксама вывучылі некаторыя словы. Напрыклад, я ведаю, што грошы можна «зарабіць». А яшчэ ўразілі назвы пасад і арганізацый: гаркам, першы сакратар. Тое, што такія рэчы захаваліся з савецкіх часоў, мяне здзівіла. Але на больш шчыльнае знаёмства з беларускай культурай і гісторыяй у нас проста не хапае часу.
— Ці многа вам плацяць за працу у студ-
атрадзе?
— Нядрэнна, у сярэднім дванаццаць мільёнаў рублёў за сорак працоўных дзён. Цэны ў Мінску параўнальныя з буйнымі гарадамі Сібіры — такімі, як Томск. Але, паўтаруся, мы едзем сюды не па грошы, а па ўражанні. Дарэчы, адна з самых пазітыўных рэчаў — беларускія прадукты, іх вельмі добрая якасць. У Томскай вобласці знаходзіцца самае вялікае ў свеце балота, таму ўсё расце фактычна на вадзе, ніякага смаку ў ежы няма. А ў крамах большасць прадуктаў якраз мясцовай вытворчасці. Таму ў Беларусі мы харчуемся з задавальненнем.
— Якія ў цябе ўражанні ад сённяшняга мерапрыемства?
— Мы сабралі дзве каманды — па стрытболе і па футболе. Думаю, у першай дысцыпліне ў нас добрыя шанцы на поспех, бо ўсе хлопцы гуляюць у зборных камандах інстытута і раё-
на. Ды і ў міні-футбольнай камандзе ў нас ёсць моцныя выканаўцы — варатар гуляе за зборную ўніверсітэта.
...Фестываль працягваўся да позняга вечара. Нарэшце былі вызначаны пераможцы ва ўсіх дысцыплінах. Што цікава, у кожным відзе спорту лепшымі аказаліся беларускія каманды. У спаборніцтвах па стрытболе — каманда атрада імя 70-годдзя вызвалення Беларусі (БНТУ), у міні-футболе — каманда атрада «Гвардзейцы» (БДМУ). Найлепшымі валейбалісткамі сталі дзяўчаты са зборнай БДТУ (яна аб'яднала ўдзельніц адразу двух студатрадаў: «Штаб Абітурыент» і «Альбатрос»). Уладальнік самай моцнай рукі і пераможца турніру па армрэслінгу — студатрадавец Алег Назараў (БНТУ).
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.