У Віцебску прайшла прэзентацыя незвычайнага часопіса, які ствараюць дзеці
У стагоддзе інтэрнэту, планшэтаў і іншых гаджэтаў, аказваецца, ёсць нямала дзяцей, якія не толькі захапляюцца паэзіяй і прозай, але і вельмі добра пішуць самі. Хлопчыкам і дзяўчаткам дапамагаюць развіць талент прафесіяналы пяра. На Віцебшчыне гэтым займаюцца члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Масцітыя творцы з задавальненнем праводзяць для дзятвы ўрокі майстэрства, арганізуюць конкурсы, рыхтуюць да выдання ўнікальныя часопісы.
— Такія «школы» літаратурнага майстэрства дзейнічаюць у Віцебску, а таксама ў Полацкім, Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім раёнах... Юныя аўтары ў ліку іншага бяруць удзел у літаратурных конкурсах, — расказвае карэспандэнту «Звязды» Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Часопіс «Родничок» выдаюць у віцебскай дзіцячай бібліятэцы імя Маршака пад куратарствам Маіны Бабарыкі, дзіцячай пісьменніцы, паэткі, адной са старэйшых майстроў слова ў краіне.
Наклад «Родничка» невялікі: на каляровым прынтары раздрукоўваюцца некалькі асобнікаў. А ўсё таму, як растлумачылі ў бібліятэцы, што ва ўстановы культуры, зразумела, грошай заўсёды мала.
Але юныя таленты спадзяюцца, што знойдуцца добрыя дарослыя, якія змогуць дапамагчы. Кожны нумар — адназначна ўнікальны. У прыватнасці, юбілейны — ілюстраваны даволі прафесійнымі малюнкамі адной з юных аўтарак.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.