Вы тут

Сплаў, які нас аб'яднаў


На працягу апошніх трох гадоў калектыў нашай Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пры падтрымцы прафсаюзнага камітэта арганізуе сплаў для моладзі па рэках і азёрах Віцебскай вобласці. Сёлета мы вырашылі даведацца, што такое сапраўдны экстрым на звілістай рацэ з разнастайнымі перашкодамі, і таму, абмяркоўваючы маршрут і прыгадваючы ранейшыя, выбралі раку Нешчарда. З'ездзіўшы туды і пагутарыўшы з мясцовымі жыхарамі, даведаліся, што нядаўна тут былі байдарачнікі-расіяне, але з-за цяжкасці і непраходнасці шляху зняліся з маршруту. І мы вырашылі выпрабаваць сябе. Калі цяжка — значыць, цікава, значыць, нас чакаюць прыгоды, а прыгоды — гэта тое, што нам трэба. У якасці баявых таварышаў да каманды нашай установы, якая налічвала 17 чалавек, далучыліся трое акцёраў Полацкага народнага тэатра «Пілігрым» на чале з кіраўніком.

28-32

Прыбыўшы на месца спуску да возера Нешчарда і сплаўляючыся па ім каля трох кіламетраў, мы атрымлівалі асалоду ад прыгажосці і бязмежных прастораў. Але гэта быў толькі пачатак... Прайшоўшы возера, увайшлі ў раку, дзе нас сустрэла старое высахлае дрэва — быццам бы вароты ў таямнічы заток беларускай Амазонкі.

Каля 25 кіламетраў ішлі па рацэ, бясконца манеўруючы налева-направа, пераадольваючы высачэзныя гушчары чароту, з якіх на нас дажджом сыпаліся разнастайныя дробныя павучкі і жучкі. Уразілі дзікія качкі, што грэліся на сонейку каля берага і ніяк не рэагавалі на людзей. Складвалася ўражанне, што тут не ступала нага чалавека.

Нешчарда то разыходзілася ўшыркі, то раптам звужалася — байдарка ў такіх месцах ледзь праходзіла. На гэтым жа ўчастку мы пераадолелі невялікую дамбу. Увайшоўшы ў лес, узбадзёрыліся было, што нарэшце чарот з войскам насякомых пройдзены, але дзе там...

За кожным паваротам нас сустракалі старыя сагнутыя дрэвы, галіны якіх былі апушчаны. Іх трэба было абыходзіць злева-справа, праплываць пад імі або нават часам паўзці па нахіленых ствалах. На шляху сустракалася мноства бабровых плацін, завалаў, якія мужчыны расчышчалі сякерамі.

28-33

Лясная Нешчарда аказалася мелкаводнай, з мноствам дрэў у вадзе. Для пераадолення такіх участкаў даводзілася скакаць у ваду і цягнуць байдарку за сабой.

...Чым далей мы плылі, тым менш весялосці чулася ў нашых галасах. Акалелыя ад мокрага адзення, стомленыя ад пераадолення бясконцых завалаў, галодныя, мы плылі ў на-
дзеі хутчэй знайсці якуюсьці стаянку для начлегу. Кожны паварот даваў надзею, што вось-вось будзе паляна. Першы паварот, другі, трэці... Надзея згасала... Каля васьмі вечара нарэшце знайшлі выдатны сухі бярозавы гай. Разбіўшы лагер і прыгатаваўшы вячэру, мы сядзелі вакол вогнішча і дзяліліся ўражаннямі ад мінулага дня.

На наступны дзень з новымі сіламі рушылі далей з надзеяй хутка выйсці да ракі Дрыса, што для нас азначала працяг паходу па ціхай воднай гладзі без завалаў ды перашкод.

...Але да Дрысы мы так і не дайшлі. Занадта доўгая і цяжкая была Нешчарда. Прынялі рашэнне скончыць паход на бліжэйшым мосце. Знясіленыя, падрапаныя, мы завяршылі сваё падарожжа. Склаўшы байдаркі і спакаваўшы рэчы, за абедам на паляне прыгадвалі наш незабыўны паход. У кожнага экіпажа байдаркі была свая гісторыя сплаву са сваімі прыгодамі. Паход атрымаўся! Чаго хацелі, тое і атрымалі! Цяжкасці і перашкоды толькі загартавалі і з'ядналі наш калектыў.

Вольга КОЧАТАВА.

г. Полацк.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.