Вы тут

Дар'я Марозава: Пантэон


Аблокі апаўзалі ўніз з гары. Спачатку пухнатую выспу праткнуў востры камяністы пік. Затым густа сплеценае сеціва хмар пачало паволі апускацца, нанізвацца на вяршыню, то хаваючы, то агаляючы яе няроўную паверхню. Густыя і вільготныя аблокі прыкрылі сабою пару самотных дрэўцаў, абрасілі велізарныя валуны, "пагладзілі" засохлыя рэчышчы горных ручаёў, пракаціліся праз голы выступ з купкаю жывых істот і запаволілі свой рух, марудна спыняючыся далёка пад вяршыняй гары, але ўсё яшчэ высока над зямлёй. Аблокі аперазалі каменную глыбу. Яны адрэзалі ціхі прыстанак нешматлікіх горных насельнікаў ад засушлівага і мітуслівага свету ўнізе.

28-30

...Над іх галовамі свістаў вецер, які больш нішто не стрымлівала. Ён ускудлаціў рэшткі сівых валасоў на галаве мужчыны. Той не зварухнуўся. Усе рухі, якія можна было б заўважыць, ствараліся ветрам. Абляцеўшы вакол самотнай калоны, якая адыгрывала ўжо нікому не вядомую ролю, ён звыкла пакруціўся між пакінутых на стале прадметаў, нібыта правяраючы, ці ўсё стаіць на сваім месцы: дванаццаць важкіх келіхаў, некалі блішчастых, з засохлымі слядамі ад невядомага напою; безліч чарак — значна болей за колькасць прысутных тут асоб; шматлікія талеркі і глыбокія місы. Пустыя гарлачы традыцыйна прагулі сваю маркотную песню, калі вецер паказытаў іх знутры. Усё было звыкла. Як, напрыклад, і ўчора. Не стрымаўшыся, узмахнуў высока ў неба, зрабіў крутую пятлю, агінаючы млявую птушку, і рынуўся долу, назад; скокнуў пад стол, разрэзаўшы паветра ціхім свістам, абляцеў спарахнелыя ножкі і пакінуў урэшце яго ў спакоі...

Тым часам сонца хілілася да густых, рэльефных аблокаў. У самым іх цэнтры распачало бурчэць, вуркатаць і енчыць.

Вецер гарэзліва зварухнуў крысо бруднага плашча. Пападкідваў яго: уверх, уніз, улева, уверх... Жанчына вялікімі мутнымі вачыма ніякавата паглядзела на падранае сеціва нітак. Цяжкавата было вызначыць, якога яны колеру. Ды яна ўжо і не памятала. Галава яе цяжэла, хаця жанчына даўно зняла высокі шлем. Выляталі з галавы імёны і постаці. Можа, гэты ашалелы вецер выносіў іх?.. Перад вачыма застаўся хіба толькі вобраз чыіхсьці шырокіх плячэй, па якіх ненатуральна марудна сцякаў струменьчык крыві, і было ад гэтага няёмка і балюча. Калі ўжо спыніцца тая кроў? Чаму яна настолькі не спяшаецца?.. Шуміць, грукае ў скронях. Дрыгаецца павека. З замкнёных вуснаў цячэ ціхуткае мычанне.

Звысоку добра відаць тое, чаго ніколі не заўважыш, не ўзняўшыся. Зрэшты, няшмат вясёлага было ў тых, хто сядзеў побач з жанчынаю. Даўно назіраў вецер за гэтымі хваравітымі ды спалоханымі целамі. Памятаў іх здаровымі, дужымі і чыстымі, як тая духмяная вада, што калісьці поўніла іх кубкі. Не меў і блізка тады той свабоды, якою не можа наталіцца і сёння. Незаўважна, паступова саслабелі магутныя, зрабіўшыся дзікунамі, перасталі адыходзіць ад убранага стала, скурчыліся, асалавелі. Рукамі, што некалі моцна сціскалі зброю ды кубкі, апанаваў трэмар, і ўсё радзей яны ўздымаліся. Дзіка і няўтульна было б тут жывому чалавеку, але вецер... За доўгія тысячагоддзі ён упершыню адчуў сваю волю. Не баяцца дзівакоў, не аблятаць іх за мілю, не бегчы да іх на першы вокліч, але рваць іх плашчы, падкідваць валасы — гуляцца па сваіх правілах!

Уніз, улева, угару, уверх, уніз...

Аблокі зацягнулі сонца ў сябе. Яны пачалі разрастацца, павялічвацца, надзімаючыся брудна-белымі бурбалкамі. Бульканне, скавытанне ўзмацнілася. Набліжалася навальніца, якая ўрэшце заліла б сухія трэшчыны ў зямлі далёка ўнізе. Неба, якое аддзялялася ад яе аблокамі, выглядала пустым, як быццам адно вялікае вока мёртвай птушкі.

Вецер ашалеў ушчэнт. Абраў новую ахвяру сваіх гульняў. Разагнаўся і кінуў сам сябе ў жаўтаваты твар старога. Не адразу, марудна, але той расплюшчыў свае на дзіва маладыя і ясныя вочы. Прызвычаіўся да чырванаватага святла, што праз аблокі яшчэ далятала да стала, да калоны. Стары ў бруднай анучы-плашчы аглядаў сваіх сатрапезнікаў, і ў ягоных ясных вачах плёскаўся паўжывы яшчэ агеньчык. Невядома было ветру, як вытлумачыць такі позірк, але гэта і не мела аніякага значэння. Ён абвіўся вакол старэчай шыі, абмацваючы кожную жылку ды зморшчынку, прашыў наскрозь рэдкую курчавую бараду, пагладзіў худыя плечы ды адляцеў, нацешыўшыся.

Падзяляла з яснавокім старым дзіўнае і велічнае яго крэсла жанчына, якая не здолела адказаць на выпады, дотыкі і шэпты ветру. Хіба што такія ж курчавыя валасы ды незлічоныя залатыя бранзалеткі адгукнуліся шоргатам ды перазвонам. Яе твар, няхай нават і са слядамі колішняй прыгажосці, быў такім хударлявым і выцягнутым, шыя — такой тонкай і даўжэзнаю, а вочы такімі шырокімі, што міжволі кабета нагадала ветру сумную галаву адной яго знаёмай кабылы. Праз увесь лоб, па яго шараватай скуры з маленечкімі кратарамі пор, бегла роўная стужка. След ад металічных пацерак ці ад вытанчанай дыядэмы, а мо ад пампезнай кароны?..

Што за дзіўнае пасяджэнне? Чаму яно так зацягнулася? Чым мусіць скончыцца? Ізноў уверх, уверх, далей ад стала і ад аблокаў, віраваць уверсе, выконваць асабісты танец, вымалёўваць сваю карціну... Няхай яны там, унізе, сядзяць за сталом, нерухомыя, а іншыя, аднааблічныя, крыху ў баку ад стала, няхай і надалей таўкуцца ў бязглуздым нерытмічным руху, павольна перастаўляючы тонкія ногі і няўклюдна ўзмахваючы рукамі... Вакол стала па сцежках схілу блукае шмат народу: аголеныя жанчыны, што выцінаюць стогнам вар'яцкія спевы, шмат мужчын і стварэнняў, да якіх не хацелася падлятаць ці прыглядацца.

Лётаць і ў любы момант змяняць напрамак! І чарговае падзенне да цвёрдай зямлі, якая асцярожна трымала на сабе сонных істот. Вецер зблытаў валасы бялявай парачцы, што сядзела на лаве. Сутыкнуўшыся галовамі, неверагодна падобныя, яны драмалі і трызнілі. Бровы жанчыны часам уздрыгвалі, падскокваючы да апранутага на галаву ўпрыгажэння ў выглядзе паўмесяца. Здавалася, быццам працінаў яе боль ці калючая думка. Мужчына ж быў спакойны, прыгожы нават праз налёт пылу і часу на ягоным твары. Прыадкрыўшы вусны, прамаўлялі яны адно за адным незразумелыя словы, імёны, назвы гарадоў, клікалі...

Грукоча. Аблокі бурляць, рыхтуюцца выбухнуць, выплюнуць, выкрычаць усё, што назбіралі за месяцы. Але не абудзяць дзівакоў ні гукі, ні бліскавіцы; вецер не адно стагоддзе назірае за гэтымі таямнічымі палоннымі невядомага цара.

Усё застанецца, як ёсць. Таму можна няспешна абляцець вершаліну камяністай гары ды напалохаць самотных птахаў, якія шукаюць сабе любыя дзіркі, каб схавацца падчас блізкай буры.

Вецер плыў і бег, ішоў і імчаў — наперад і назад, на захад і на ўсход, да падножжа і да вяршыні. То сцягваўся вузенькай змяёй, то з лопатам разгортваўся на такую адлегласць, што мог цалкам накрыць велізарную гару, нібыта коўдраю. Вецер быў паўсюль. Ён пагладжваў ласкавыя галовы гнеўных хмар, колючы свае рукі аб вострыя маланкі, лавіў апошні прамень кволага сонца. Ён чуў, як далёка ўнізе адна з кабет нечакана рассмяялася, разварушыла цішыню старэчай бяседы, заліваючыся рогатам; але гучаў ён так, як гучыць голас чалавека пасля доўгай хваробы, калі горла і звязкі, адвыклыя ад працы, заржавелыя, спрабуюць узгадаць, якім чынам вымаўляюцца гукі.

Вецер абагнуў вяршыню гары і не абмінуў сваёй увагай ні птушак, ні трох паўпразрыстых незнаёмак, што сядзелі ў цьмянай каменнай альтанцы пад самым пікам і спявалі (кожная на свой лад) песню, якая здалася ветру вельмі блізкай да яго самога. Белыя жанчыны спявалі і перабіралі перад сабою рукамі ў паветры, не зважаючы на стыхію. Вецер ужо прызвычаіўся да дзіўных стварэнняў, што насялялі тую мясцовасць. Ён скалыхнуў бясконцыя танюткія ніткі, што ў руках жанчын спляталіся і ўтваралі сабою дзівоснае вязьмо. Прабягаючы па вытанчаных пальцах кабет, адчуў... Зрэшты, не адчуў нічога: ён вецер, ён толькі дорыць адчуванні, але ніяк не можа прымаць і адчуваць іх.

Вецер імкліва рвануў далей. Тут, над аблокамі, панавала такая ж непагадзь, як і пад імі, як быццам дождж і маланкі разыходзіліся ад хмар і ўніз, і ўверх. Грымоты, электрычнасць і цемра ахуталі свет. Паветра раз за разам расколвалася на кавалкі, а потым злучалася наноў.

Вецер круціўся ў паветры і лавіў бліскавіцы. Падкідваў угару пыл і пясок, што танчылі на камяністым схіле гары. Пырскаў дажджавымі кроплямі, прысвістваў, прытанцоўваў. Ён вярнуўся да самотнай калоны, сарваў з апусцелых лаваў старыя апранахі і доўга падкідваў іх, пакуль тыя канчаткова не парваліся, разляцеўшыся ў розныя бакі свету. Наўрад ці дагоняць яны сваіх гаспадароў.

Доўга яшчэ будзе буяніць, чыніць вэрхал прырода. Вецер не спыніць сваёй гульні. А тры паўпразрыстыя кабеты не пакінуць сваёй альтанкі.

Дар'я Марозава вучыцца на філфаку, на якім аказалася, па яе словах, досыць нечакана. «Літаратурны вопыт сціплы і хаатычны. Не асабліва друкуюся, бо насамрэч люблю пісаць у стол».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.