Вы тут

Зялёнае ўгнаенне


Выбіраем «суседзяў»

Ці будуць яблыні і грушы расці побач з іглічнымі?

Справа ў тым, што іглічныя дрэвы і кусты вельмі закісляюць глебу. Акрамя таго, яны выдзяляюць у атмасферу «непрыязныя» для пладовых дрэў фітанцыды і іншыя лятучыя рэчывы. А калі яшчэ дадаць, што на нізкарослых дэкаратыўных ядлоўцах зімуюць споры шкоднага для грушы грыба, то становіцца цалкам відавочна, што іглічныя расліны лепш размяшчаць на дачным участку далей ад пладовых дрэў. Хоць, дзеля справядлівасці, скажам, што яблыня вельмі нядрэнна суседнічае з сасной.

Выдатна ўжываюцца побач груша, яблыня і чырвоная рабіна. Горш за ўсё да «суседзяў» ставіцца грэцкі арэх. Лічыцца, што гэтае таксічнае дрэва згубна дзейнічае практычна на ўсе пладовыя культуры. Побач з вішняй лепш не саджаць сліву, абрыкос, грушу, алычу: яны будуць дрэнна расці або ўвогуле загінуць. Сліва не любіць персік і грушу, затое лічыць сваёй «сяброўкай» яблыню.

Дасведчаныя садоўнікі і агароднікі даўно развучыліся хадзіць у гаспадарчыя крамы. Панацэя ад усіх бед для іх — гэта добрае насенне рознай травы і гародніны, якія яны вырошчваюць не для нарыхтовак у запас, а для зялёнага ўгнаення.

Культура, якая вырошчваецца на зялёнае ўгнаенне, не дае ніякай прадукцыі ў год вырошчвання, але аздараўляе глебу на 5–6 гадоў. Вы толькі ўявіце сабе — на 5–6 гадоў!

Адно з асноўных правілаў арганічнага ўгнаення — ніколі не пакідаць глебу без расліннага покрыва. Зялёныя ўгнаенні, якія растуць да, пасля або ў прамежках паміж асноўнымі культурамі, ствараюць шчыльнае ліставое покрыва, праз якое не можа прарвацца пустазелле. А для таго, каб само ўгнаенне не стала пустазеллем, неабходна скошваць або заворваць яго да ўтварэння насення.

Аднаразовае зялёнае ўгнаенне раўнацэнна ўнясенню 2–5 кг/кв.м гною. Асабліва карысныя ў гэтым выпадку бабовыя культуры — канюшына, гарох, фасоля, люцэрна, соя, якія за кошт бактэрый, што жывуць на іх каранях, здольны фіксаваць азот паветра і ў выніку папаўняць глебавыя запасы азоту.

Для звязвання азоту ў глебе, прадухілення мінералізацыі і вымывання добрыя ўсе крыжакветныя і злакавыя расліны.

Для позняга пасеву да пачатку верасня вельмі прыдатнай лічыцца гарчыца. Да таго ж яна вызваляе з глебы цяжкарастваральны фосфар. Для ўтварэння вялікай колькасці арганічнага рэчыва для восеньскай сяўбы выкарыстоўваюць рапс.

Добра рыхляць ніжнія пласты глебы сваімі каранямі лубін, алейная рэдзька і тая ж гарчыца. Усе бабовыя незаменныя для падаўлення нематод. Аднаразовае зялёнае ўгнаенне раўнацэнна ўнясенню 2–5 кг/кв.м гною.

Прычым неабходна пазбягаць пасеву на зялёнае ўгнаенне культур, якія адносяцца да таго ж сямейства, што і асноўная культура, якая вырошчваецца на гэтым угнаенні. Напрыклад, для зялёнага ўгнаення пад капусту можна выкарыстоўваць бабовыя, а рапс — нельга.

Пры недахопе арганічных угнаенняў можна ўжываць у пачатку чэрвеня або нават у пачатку ліпеня на сідэраты або зялёнае ўгнаенне сою, сою з аўсом або грэчкай. Выгадаваную зялёную масу скошваюць, здрабняюць і заворваюць у глебу ў канцы верасня. Такі ўчастак называюць сідэральным папарам. Сідэральны папар — лепшы папярэднік для агуркоў і капусты. Вылучаную пад сідэральны пар плошчу ўзорваюць або перакопваюць з восені, а вясною, па меры прарастання на ёй пустазелля, апрацоўваюць граблямі ў сонечнае надвор'е, каб вынятыя на паверхню парасткі пустазелля загінулі. Трох ці чатырохразовае баранаванне дазваляе на 70–80% пазбавіцца ад аднагадовага пустазелля ў верхнім пласце глебы. Затым з 15 па 20 мая глебу перакопваюць і пакідаюць для асядання глебы і прарастання пустазелля. Праз 5–6 дзён глебу ў сонечныя дні барануюць для знішчэння ніткападобных праросткаў пустазелля і праз 2 дні сеюць сою з разліку 0,6–1 кг насення на сотку. Праз 5 дзён пасеў варта зноў забаранаваць граблямі. Соя хутка развіваецца, зацяняе паверхню глебы, перашкаджаючы развіццю пустазелля і сваімі каранёвымі клубеньчыкамі фіксуе азот паветра, назапашваючы тым самым за лета да 3 кг біялагічнага азоту на 100 кв. м. У другой палове жніўня ці на пачатку верасня (у залежнасці ад тэрміну сяўбы) сою трэба скасіць, здрабніць і закапаць на глыбіню 10–17 см. Можна выкарыстоўваць сумесь соі з аўсом у суадносінах
0,5 кг + 1 кг на 100 кв. м або соі з грэчкай 0,5 кг + 0,2 кг на сотку. Грэчка добра душыць пустазелле і, з'яўляючыся мёданосам, прыцягвае пчол, якія апыляюць перш за ўсё гарбузовыя, бахчавыя пладова-ягадныя, а таксама і іншыя культуры.

Для абароны глеб ад эрозіі і падаўлення пустазелля раннім пасевам падыходзяць такія травы, як соя, лубін, алейная рэдзька.

 28-45

Гарчыца — расліна вельмі папулярная як зялёнае ўгнаенне на прысядзібных участках. Яна ўзбагачае глебу арганічным рэчывам, фосфарам і серай (за кошт таго, што карані гарчыцы пераводзяць гэтыя рэчывы з глебавых мінералаў у водарастваральны стан). Яе можна сеяць у любы перыяд часу, калі глеба вольная: да, пасля пасеву і паміж асноўнымі культурамі. Аптымальны тэрмін вырошчвання 8–10 тыдняў, калі яна фарміруе зялёную масу і толькі пачынае цвісці. Але калі ў вашым распараджэнні меншы прамежак часу, то ўсё роўна мэтазгодна пасеяць гарчыцу, якая не толькі дасць арганічнае рэчыва, але і прадухіліць вымыванне пажыўных рэчываў з глебы, звязаўшы іх у сваіх каранях. Калі гарчыцу ўзараць восенню, то на наступны год яе арганічная маса будзе паступова раскладацца, вызваляючы звязаны з ёю азот. Пасеў гарчыцы — добры сродак ад драцяніка. Гарчыца патрабуе ўрадлівай глебы, і асабліва — угнаення азотам, бо сама азот не фіксуе з паветра, як бабовыя. Дрэнна пераносіць засуху. Гарчыца не можа служыць папярэднікам для крыжакветных, бо пашкоджваецца аднымі з імі хваробамі і шкоднікамі.

Рапс узбагачае глебу арганічным рэчывам, фосфарам і серай. Ён даволі патрабавальны да глебавых умоў, дрэнна расце на слабакультурных, бедных глебах з кіслай рэакцыяй. Не любіць пясчаных і цяжкіх сырых глеб. Рапс не адносіцца да раслін-піянераў, якія выкарыстоўваюць для акультурвання новых зямель.

Глебу з завораным зялёным угнаеннем вытрымліваюць перад пасевам асноўнай культуры, у залежнасці ад выгляду зялёнага ўгнаення, тэмпературы і вільготнасці глебы, летам 8–14, восенню 14–21 дзень.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.