Вы тут

Першае месца ўзялі шчырасцю


Званне лепшай пярвічнай арганізацыі ў краіне сярод актывістаў БРСМ сёлета заваявалі маладыя людзі з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Фінальныя спаборніцтвы праходзілі ў Жлобіне, на тэрыторыі Беларускага металургічнага завода.

Сем камандаў з усіх абласцей і Мінска змагаліся за перамогу. Брэстчыну прадстаўляла ААТ «Птушкафабрыка «Дружба», Гродзенскую вобласць — каманда прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва. Ад Гомельшчыны былі навучэнцы сярэдняй школы №2 з Рагачова, гонар Міншчыны адстойвалі вайскоўцы в/ч 06752 50-й авіяцыйнай базы, а Магілёўшчыны — каманда гімназіі №1 з Горак. Навучэнцы сталічнага каледжа прадпрымальніцтва прадстаўлялі Мінск.

11-14

Беларускі металургічны завод у якасці пляцоўкі для спаборніцтваў выбралі невыпадкова, бо менавіта маладыя жлобінскія металургі былі лепшымі летась. Сёлета БРСМаўцам розных узростаў прыйшлося абараняць свае праекты, а таксама ўдзельнічаць у конкурсах «Візітная картка» і «Я — лідар!». Апошні конкурс і стаў лёсавызначальным для ветэрынараў з Віцебска. Апошнія тры з паловай гады іх пярвічную арганізацыю ўзначальвае малады вучоны, аспірант кафедры клінічнай дыягностыкі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Арцём Ігнаценка. Ён кажа, што і журы, і аўдыторыю яны пакарылі, хутчэй за ўсё, шчырасцю:

— Самым складаным быў конкурс «Я — лідар!». У нас атрымалася перамагчы ўсіх і прымусіць залу практычна рыдаць. Усе жанчыны расчуліліся і плакалі падчас майго выступлення. Я сам родам з Рагачова, а гэта зусім побач са Жлобінам. Мае бацькі прыехалі на гэтыя спаборніцтвы, каб падтрымаць мяне і каманду. Я паклікаў іх на сцэну, а далей атрымалася імправізацыя, якая ўсім спадабалася. Я гаварыў пра сваіх бацькоў — як многа яны мне далі ў жыцці. Акрамя таго, у складзе нашай каманды была наша аматарская студыя эстраднай песні «Канстанта» і танцавальны калектыў, таму разам атрымлівалася заводзіць залу.

Дарэчы, культмасавая работа — далёка не ўсё, чым вылучаюцца будучыя ветэрынары з Віцебска. Хаця і тут ёсць чым пахваліцца. Сёння пярвічная арганізацыя БРСМ Віцебскай ветэрынарнай акадэміі — арганізатар міжнароднага фестывалю сучаснага танца «Зрабі крок наперад!» сярод студэнтаў, які штогод збірае больш за 350 удзельнікаў з розных краін свету.

Да таго ж маладыя людзі актыўна ўдзельнічаюць у розных міжнародных агульнаадукацыйных і навуковых форумах. Тут лепшы добраахвотны атрад краіны, члены якога заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. На працягу трох апошніх гадоў пярвічная арганізацыя акадэміі — адзін з лепшых штабаў працоўных спраў у Віцебску і вобласці. Штогод тут фарміруецца каля 40 атрадаў, у якіх працуюць больш за 1100 маладых людзей. Увогуле ж у пярвічнай арганізацыі БРСМ ветакадэміі — 1183 студэнты.

Амбіцыйны і мэтанакіраваны сакратар «пярвічкі» Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Арцём Ігнаценка сцвярджае, што актыўная грамадская работа не перашкаджае яго навуковай дзейнасці:

— Наадварот, адно другому дапамагае. Хаця часу ў сутках не хапае. Тады нешта з сябрамі і па начах робім. З першых дзён вырашыў, што мы павінны ісці да найвышэйшай узнагароды БРСМ — ганаровай граматы і залатога значка. Гэта, спадзяюся, у нас наперадзе.

11-13

Каштоўныя прызы ў якасці ўзнагарод таксама парадавалі ўдзельнікаў рэспубліканскага фестывалю. За першае месца — планшэт ASUS Nexus 7. За другое і трэцяе месцы — планшэт ASUS Fonepad. Іх атрымалі пярвічныя арганізацыі БРСМ гімназіі №1 з Горак і Мін-
скага каледжа прадпрымальніцтва.

Сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк адзначыў, што праект накіраваны на ўмацаванне галоўнага звяна Саюза моладзі — пярвічнай арганізацыі, якая з'яўляецца асновай БРСМ.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.