Вы тут

БРЭНДавыя справы БРСМ


Маладзёжная палітыка сумнай не бывае

Ужо традыцыйна напярэдадні дня нараджэння самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны каардынатары падводзяць вынікі і плануюць будучыя мерапрыемствы. Як адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ігар БУЗОЎСКІ, «нашы праекты не заканчваюцца, а лагічна ператвараюцца ў іншыя. Многія напрамкі дзейнасці сталі брэндавымі. Гэта датычыцца і студатрадаўскага, і валанцёрскага руху, комплексу патрыятычных мерапрыемстваў, падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі. За кожным з іх стаяць людзі і вялікая праца».

Каардынатар студатрадаўскага руху Андрэй БЕЛЯКОЎ заўважыў, што хоць сёлета ўладкавалі на працу каля 47 тысяч маладых людзей, у гэтай сферы хапае праблем: ёсць выпадкі, калі студэнтаў у прамым сэнсе эксплуатуюць. БРСМ паставіла перад сабой задачу знайсці парытэт паміж добрымі ўмовамі працы і годным заробкам. Многія хлопцы могуць пахваліцца вынікамі сваёй працы: так, студэнт чацвёртага курса ГрДУ ім. Янкі Купалы і па сумяшчальніцтве камандзір беларуска-расійскага студатрада імя І. Лебедзева Андрэй СКАЛОТА праводзіць лета ў студатрадзе ўжо шосты раз. Сёлета яго брыгада рыхтавала Заслаўе да Дня пісьменства. Заробак «байцоў» атрымаўся неблагі: па 9-11 мільёнаў за месяц. Цяпер у арганізацыі працуюць над тым, каб кожны ахвотны мог далучыцца да студатрада. Дарэчы, пашчыраваць можна не толькі ўлетку, бо атрады ствараюцца на працягу ўсяго года.

Другі важны напрамак дзейнасці арганізацыі — выхаванне патрыятызму ў моладзі. Так ці інакш, але патрыятычнай тэматыкай прасякнуты ўсе праекты БРСМ. Напрыклад, імёнамі герояў Перамогі названы студатрады. Ужо запушчаны праект «70 гадоў міру», у рамках якога арганізатары прапануюць зрабіць фотаздымак са сваякамі, якія прайшлі вайну. Пасля ўсе фота будуць сабраны ў адзін фільм-прэзентацыю. Каардынатар праектнай дзейнасці БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК распавёў, што сёння яны сур'ёзна займаюцца рэалізацыяй вялікай задумкі, а менавіта — стварэннем патрыятычных класаў у школах. Пакуль праект распрацоўваецца сумесна з Мінадукацыі.

Вялікі крок наперад — супрацоўніцтва з еўрапейскімі калегамі ў галіне абмену вопытам і валанцёрамі. Сёлета БРСМ атрымала акрэдытацыю ў Еўрапейскай валанцёрскай службе. Цяпер удзельнікі праекта «Добрае сэрца» змогуць прапанаваць сваю дапамогу не толькі на прасторах СНД. Так, разам з моладдзю Германіі і Польшчы беларускія добраахвотнікі добраўпарадкавалі брацкія магілы. Акрамя таго, у гэтым годзе БРСМ далучылася да маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, што дае магчымасць пашыраць геаграфію абменаў.

Рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» — стартавая пляцоўка для маладых вынаходнікаў і навукоўцаў. Летась пераможца конкурсу Павел БАЦЫЛЕЎ прадставіў праект «Мабільная праграма X10». А сёлета хлопец стварыў падобную прыкладную праграму для БРСМ: пачытаць апошнія навіны арганізацыі цяпер можна на смартфоне. Паслуга працуе з 5 верасня. Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН адзначыў, што пераможцы праекта «100 ідэй для Беларусі» аўтаматычна трапляюць на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў, дзе ёсць асобная намінацыя для маладых талентаў. Гэты «скачок» — добрая магчымасць для атрымання грантаў на распрацоўку значнага праекта.

Каардынатар дзейнасці БРСМ у інтэрнэт-прасторы Алеся ВІННІК заўважыла, што арганізацыя ўлічвае новыя тэндэнцыі: зараз навіны БРСМ можна пачытаць ва ўсіх сацыяльных сетках. Акрамя таго, ужо год працуе адмысловы партал, дзе можна пачытаць блогі аўтараў з многіх куткоў краіны. БРСМ падрыхтавала асаблівыя падарункі для сваіх прыхільнікаў — нядаўна было запушчана «Душэўнае радыё», праграма якога разлічана не толькі на маладых людзей, але і на іх бацькоў. Таксама ў хуткім часе членаў БРСМ чакае новы білет у выглядзе банкаўскай карткі.

Дасягненні — гэта цудоўна, але надышоў час нарошчваць тэмпы: будучы год афіцыйна аб'яўлены Годам моладзі. Ужо распачаты масавы маладзёжны праект — адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня». Арганізатары спадзяюцца знайсці новыя ідэі і падтрымаць цікавыя прапановы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў краіне.

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».