Вы тут

Як не зламаць галаву ў трэндах дашкольнай адукацыі?


Мудрыя педагогі раяць пачынаць выхаванне дзіцяці яшчэ да яго нараджэння. Аднак калі тут усё цалкам залежыць толькі ад бацькоў, то са з'яўленнем маленькага чалавека на свет на яго станаўленне паступова пачынае ўплываць усё больш знешніх фактаў. Як развіваць сваё дзіця гарманічным, правільна выбраць для яго ўстанову дашкольнай адукацыі, у якім узросце гэта рабіць і на што пры гэтым звяртаць увагу?

Запісацца ў садок можна будзе па інтэрнэце

12-13

12-13

 

Па словах кансультанта аддзела дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Юліі КІСЛЯКОВАЙ, у краіне працуе 4030 устаноў дашкольнай адукацыі, прыватных з іх 10. У бацькоў запатрабаваны і вучэбна-педагагічныя комплексы, у якіх створаны ўмовы для навучання дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Развіваюцца таксама разнастайныя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, напрыклад, сетка груп кароткачасовага знаходжання. Папулярныя так званыя мацярынскія школы — іх наведваюць бацькі разам са сваімі дзеткамі ранняга ўзросту. Гэта значна змякчае адаптацыйны перыяд дзіцяці ва ўстанове.

Існуюць таксама такія формы, як сезонныя, прагулачныя пляцоўкі, групы выхаднога дня, вячэрнія групы. Сістэма дашкольнай адукацыі вельмі чуйна рэагуе на запыты бацькоў.

Праўда, існуюць і пэўныя праблемы. Перадусім яны звязаныя з недахопам дашкольных устаноў у новых мікрараёнах, дзе ідзе актыўнае будаўніцтва жылля. У сталіцы найбольш складаная сітуацыя ў гэтым плане склалася ў Фрунзенскім раёне — у Каменнай Горцы і Масюкоўшчыне. У той жа час выправіць сітуацыю дапамагае сістэма падвозу дзяцей да садкоў. У прыватнасці, у Мінску ўжо працуюць два такія маршруты — у Першамайскім і Фрунзенскім раёнах. Іх арганізуюць у раённых адміністрацыях, калі ёсць запыты бацькоў. Агулам па краіне падвозам да садкоў ахоплены 10 тысяч дашкалят.

Для вырашэння гэтай праблемы робяцца і іншыя захады. Так, сучасныя бацькі актыўна шукаюць звесткі пра ўстановы дашкольнай адукацыі ў інтэрнэце. З гэтай нагоды летась на базе Заводскага раёна сталіцы праходзіў эксперымент па запісе дзіцяці ў дашкольную ўстанову, атрымання інфармацыі пра яе.

— Цалкам магчыма, што гэты эксперымент будзе пашыраны, і бацькі з усяго горада змогуць загадзя запісаць сваё дзіця ў дашкольную ўстанову адукацыі, не выходзячы з дому, па нумары пашпарта, — паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія ВАНІНА. — Гэтая ўмова неабходная, каб пазбегнуць хакерскіх атак.

Навучанне па-беларуску запатрабавана

Юлія Кіслякова адзначыла, што вялікая ўвага надаецца якасці дашкольнай адукацыі. Так, распрацавана новая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, якая прадугледжвае ў тым ліку і аказанне платных паслуг. Па словах кансультанта, вялікая запатрабаванасць у бацькоў адносна арганізацыі адукацыйных паслуг ёсць па эстэтычным кірунку, у прыватнасці, харэаграфіі. Другое месца па папулярнасці займаюць спартыўныя гурткі, затым ідуць замежныя мовы і камп'ютарная граматнасць.

Дарэчы, на дашкольную адукацыю на беларускай мове таксама ёсць попыт. Аднак колькасць беларускамоўных груп пакуль параўнальна невялікая — з 21 тысячы груп у краіне на беларускай мове працуюць больш за тры тысячы. Апроч таго, праграмай прадугледжаны разнастайныя мерапрыемствы на нацыянальнай мове.

— Нямала сем'яў, якія карыстаюцца толькі беларускай мовай, прыходзяць да нас і адразу пачынаюць вучыць англійскую. Попыт на заняткі на беларускай мове ёсць, — дадала дырэктар міжнароднага дзіцячага адукацыйнага клуба Global Chіld Ілона ГЕРАШЧАНКА.

У клубе займаюцца з дзеткамі ад шасці месяцаў да 11 гадоў. Пры гэтым самая малодшая група найбольш запатрабавана. Увогуле, ранняе развіццё дзяцей застаецца адным з самых спрэчных пытанняў у дашкольнай адукацыі. Паводле беларускага заканадаўства, займацца дашкольнай адукацыяй можна пачынаць з двухмесячнага ўзросту, і кадравая забяспечанасць спецыялістамі ў нашай краіне дазваляе гэта рабіць.

— Асноўны прынцып нашай працы — паглыбленне ў моўнае асяроддзе, — распавяла Ілона Герашчанка. — Мы вучым дзяцей на трох мовах — рускай, англійскай і іспанскай. Адпаведна, мы даем дзіцяці больш шырокія магчымасці з ранняга дзяцінства, выкарыстоўваючы патэнцыял мозга, і гэта адбываецца натуральна.

З шасці месяцаў да трох гадоў дзеткі займаюцца ў клубе з бацькамі і вучацца ўсяму, чаму неабходна вучыцца ў гэтым узросце. Занятак складаецца з дзвюх частак — рускамоўнай і англамоўнай, і такім чынам паралельна дзіця засвойвае дзве мовы. Для лепшага засваення інфармацыі на занятках выкарыстоўваюць спецыяльную музыку, тэхніку паўтарэння, фізічныя практыкаванні. Ілона Герашчанка адзначыла, што такое ж самае навучанне мама можа праводзіць з дзіцем дома, але ў клубе гэта робяць прафесіянальна.

Увогуле, на думку Юліі Кісляковай, для развіцця прыватных устаноў дашкольнай адукацыі ў краіне ёсць перспектывы. У прыватных садках бацькоў прываблівае, у першую чаргу, невялікая колькасць дзяцей у групах. Праўда, за такую прывілею ў сярэднім давядзецца плаціць $ 400—500 за месяц. Але адукацыйныя праграмы ў дзяржаўных і прыватных установах дашкольнай адукацыі нічым не адрозніваюцца.

Аддаваць ці не аддаваць?..

Цяпер больш за 90% маленькіх беларусаў наведваюць дашкольныя ўстановы адукацыі. У якім узросце аддаваць дзіця ў садок і ці варта гэта рабіць увогуле? На думку педагога-псіхолага Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Наталлі ЛІТВІНКІ, гэта залежыць ад жадання і магчымасцяў бацькоў. Але ўсе мы жывем у соцыуме, і паход у дзіцячы садок — гэта частка працэсу сацыялізацыі. Нельга адназначна сказаць, што ў дзяцей, якія не наведваюць сад, ёсць нейкія складанасці. Усё залежыць ад асобы дзіцяці. Часцей за ўсё такія дзеці наведваюць нейкія альтэрнатыўныя ўстановы адукацыі.

Наталля Літвінка дадала, што ў працэсе навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту важна выклікаць у дзіцяці гульнявую матывацыю, ладзіць спаборніцтвы, хваліць іх і падбадзёрваць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».