Карэспандэнт «Звязды» папрацаваў у дзіцячым садку выхавальнікам і яго памочнікам
Хто ў «Церамку» жыве?
Мая Бобіч, загадчыца садка «Церамок», што ў аграгарадку Альгова Віцебскага раёна, вельмі здзівілася званку.
— Гэта звычайны вясковы садок. Ды і дзень сёння, напэўна, не зусім добры для рэпартажу — генеральная прыборка ў нас… А вы яшчэ і папрацаваць хочаце? Ну, тады прыязджайце! — згадзілася Мая Міхайлаўна. Яна кіруе калектывам, пачынаючы з 1998 года. Да гэтага працавала ў віцебскім садку, была загадчыцай сада ў вёсцы Сасноўка. Да паступлення ў ВНУ скончыла медыцынскае вучылішча, потым біяфак Віцебскага педагагічнага інстытута (цяпер — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава.).
— У наступным годзе садку споўніцца 40 гадоў. У нас 73 дзіцяці, у тым ліку 9 — са шматдзетных сем'яў. Бацькі апошніх плацяць за харчаванне толькі палову сумы. А без льготы сёння плата — 22 тысячы 30 рублёў за дзень. Але гэта — цана чатырохразовага харчавання для дзяцей з груп 12‑гадзіннага знаходжання. Тыя, хто ў садку 10 з паловай гадзін, ядуць 3 разы, таму плата трохі меншая. Бацькі калісьці аплачвалі харчаванне толькі на 40%, потым на 60%, цяпер — на 100%, — расказвае загадчыца.
Заробак выхавальнікаў залежыць ад стажу працы, педагагічнай катэгорыі, нагрузкі і гэтак далей.
— Малады спецыяліст без катэгорыі зарабляе каля 3 мільёнаў рублёў у месяц. Выхавальнік з вялікім стажам можа зарабіць і пад 5 мільёнаў, бо ёсць розныя даплаты за метадычную працу, прэміі, — працягвае загадчыца.
А ці можа так здарыцца, што гадоў праз 15–20 няма каму будзе ў садку працаваць?
Паводле слоў Маі Міхайлаўны, яшчэ ў савецкія гады гаварылі пра гэта. І тады, як і цяпер, выпадковыя людзі доўга ў садку не затрымліваліся. Гэтую працу трэба любіць!
На вуліцы…
Папрасіў накіраваць мяне на «самы цяжкі ўчастак». Загадчыца растлумачыла, што ў ясельную групу дапусціць не можа. Дзеці, калі ім 1–2 гады, вельмі насцярожана ставяцца да чужых. Напрыклад, калі мужчыны праводзілі работы па рэгуляванні катла, дык малыя нават у прыбіральню хадзіць баяліся. Даверылі групу «Чамучкі», у якой дзецям па 5–6 гадоў.
Пазнаёміўся з выхавальніцай Алай Нармантовіч. Прадставіўся. Паколькі ў журналістаў няма традыцыі назвацца поўным імем, дзеці пачалі мяне зваць дзядзькам Сашам. Але строгая выхавальніца (толькі з дзецьмі перыядычна строгая, а так — вельмі абаяльны, цікавы і разумны чалавек. — А. П.) сказала, што дзецям трэба называць мяне з імем па бацьку.
Дапамог малым апрануцца. Выйшлі на вуліцу гуляць. Адразу зразумеў, што цяжэй за ўсё падлічыць, колькі «маіх». (Адразу ўспомніў мультфільм пра васьміногаў. Памятаеце, як таты лічылі дзяцей?) У раздзявальні іх было 12: дзве Машы, Дзіма, Віялета, Жэня… На вуліцы на маіх вачах стала спачатку 10, а потым… 15! Вам смешна, а мне што было думаць? Выхавальніца растлумачыла: калі дзятвы больш, значыць, ёсць «госці» з іншай групы.
Перад тым, як дзецям дазволілі корпацца ў пясочніцы, падкапаў шуфлікам пясок, каб атрымалася горка. Потым паспрабаваў зрабіць пясочную бабку — не, не тое… Дзеці падказалі, што трэба шуфлікам пабіць па пластмасавай «форме». Разы тры спрабаваў. Дзеці ж рабілі аналагічнае вельмі лёгка.
Чарга ахвотнікаў спачатку выстраілася, каб… «пакарміць» мяне «марозівам» з пяску, потым — каб я пагушкаў іх на арэлях.
Хацелі згуляць у хованкі, ды выхавальніца забараніла. Разумею: ёй жа трэба сачыць за ўсімі. А калі хто схаваецца — Бог ведае, што ён там робіць. Я пачаў адчуваць, што міжволі сам станаўлюся дзіцём, ды яшчэ і не вельмі паслухмяным.
Папрасіў Алу Валер'еўну прынесці мяч. Калі яна сышла, стаў сапраўдным выхавальнікам, адказным за ўсё, што адбываецца з дзецьмі. Апошнія пачалі нешта дзяліць, крычалі, вішчалі, штурхалі і каталіся, гарэзавалі… Было гэта ля кустоўя, і я пабаяўся, каб не параніліся. Прыйшлося трохі павысіць голас… Яны адышлі ўбок.
Пачалі мы гуляць у футбол. Праўда, футболам гэта назваць цяжка. Мяч дзеці бралі ў рукі, кідалі рукамі… Выручыў фатограф Віктар Нікалаеў, які ўмудрыўся і паздымаць, і трохі пагуляць.
Зацікавіў дзятву мой дыктафон. Я ім нешта расказваў пра газету. Слухалі з вялікім інтарэсам. А калі хадзілі строем, па чарзе спрабавалі схапіць мяне за руку. Цікавіліся, ці ёсць у мяне дзеці, колькі ім гадоў, ці маю жонку і хто яна?
«І гэтаму дала…»
Віктар вельмі ўзрадаваўся, што дзецям урэшце трэба было ісці на абед.
«Ад гэтага шуму ў мяне ўжо галава забалела», — ціха сказаў ён. Пацікавіўся ў Алы Валер'еўны: а чаму, на яе погляд, мужчыны не працуюць выхавальнікамі?
— Ну а як вам? Нічога сабе? Муж сказаў, што і гадзіны не вытрымаў бы. Не любіць шуму, як і ўсе мужчыны. Нават калі б і плацілі ў садках больш, не думаю, што мужчын-выхавальнікаў было б шмат. Ды не кожная жанчына можа тут працаваць, — расказвае яна.
Прыйшлі ў памяшканне групы. Дзеці заўважылі, што я забыў зняць куртку і абутак. Яны пайшлі мыць рукі, але спярша пацікавіліся: ці буду я рабіць тое ж? Мяне пачалі выхоўваць!.. Даверылі разліць кісель у кубкі. Бачылі б вы, як я стараўся акуратна разліваць. Ды і загадчыца падганяла: хутка паабедаюць, а вы не ўсім налілі. «Сарока-белабока кашу варыла… Гэтаму дала, гэтаму дала…» — успомнілася мне.
Пажартаваў, што буду чытаць ім перад сном страшныя казкі. Дзятва ажывілася. Загадчыца, пакуль «мае» даядалі, запрасіла на чай.
— Вось вы іх ужо «сваімі» лічыце! Канешне, калі дзяцей любіш, да іх хутка прывязваешся. Мне падабаюцца тыя, хто ў яслі ходзяць — з імі адпачываеш. Толькі сядзеш, а яны цябе ўжо абляпілі. Але характар адразу бачу нават у самых малых: татавы і маміны і плюсы, і мінусы… Калі 4–5‑гадовыя ўжо хлусіць умеюць, фантазіраваць, то гэтыя такія шчырыя, чысценькія і добрыя. Безумоўна, і большых люблю. Смешна бывае. Дзяўчынка Эвеліна займалася з дэфектолагам. Вяртаецца з заняткаў, зазірае ў мой кабінет. Пытаецца: «Загадчыца, а што ты тут робіш?» — «Працую». — «А пакажы». — «Ну, заходзь, паглядзіш». Бачыць камп'ютар. Кажу ёй, што будзем пісаць і чытаць. А яна: «Падумаеш, праца — я таксама так умею!»… Дзеці, калі праходзяць паўз мой кабінет, бывае, просяць дазволіць на крэсле пакатацца, з зайцам пагуляць, — гаворыць Мая Бобіч.
Яна з гонарам расказвае пра падначаленых. Настасся Аляксандраўна Сапёрава — маладая выхавальніца, вельмі крэатыўная. Алена Леанідаўна Котава — з вышэйшай катэгорыяй. Людмілу Сцяпанаўну Зорыну дзятва вельмі любіць. Наталля Канстанцінаўна Смажэўская — самая вопытная памочніца выхавальніка, працуе ў яслях… Калектыў дружны. І садок на добрым рахунку ў Віцебскім раёне — штогод у прызёрах у самых розных конкурсах. Напрыклад, па арганізацыі работы з кадрамі. Ёсць добрыя шэфы: гаспадарка «Альгоўскае», ААТ «Адраджэнне».
Некаторыя былыя выхаванцы тэлефануюць нават здалёк. У прыватнасці, хлопец, які ў Вашынгтоне на алімпіядзе па інфарматыцы сярэбраны медаль атрымаў. Цяпер ён у мінскай «Сіліконавай даліне» працуе…
Як і абяцаў малым, пачытаў ім казку. Вядома, не страшную. І, не паверыце, амаль што ўсе заснулі. Зайшла ў пакой адна з работніц і вельмі здзівілася, убачыўшы мужчыну, які чытае.
З дзецьмі мы правялі час весела. Ад іх «зарадзіўся» станоўчай энергіяй, за што ім і дзякуй. А супрацоўнікам — за дазвол зрабіць цікавы рэпартаж.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Вёска Альгова, Віцебскі раён
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.