Вы тут

Дворышча


Мяне цікавіць назва і гістарычнае мінулае вёскі, у якой я нарадзіўся і вырас, — Дворышча. У наш час яна ўваходзіць у склад горада Мінска і згубіла сваю ранейшую назву. Тэрытарыяльна яна размяшчаецца паміж мікрараёнамі Паўднёвы Захад і Малінаўка ў межах вуліц Касманаўтаў, Ясеніна, Громава, праспекта Дзяржынскага.

Ведаю, што вёска існавала яшчэ да рэвалюцыі 1917 года (у гістарычным архіве бачыў яе ў матэрыялах перапісу населеных пунктаў і насельніцтва, які адбываўся ў 1916 годзе). Ад бацькоў чуў, што да Першай сусветнай вайны землі, на якіх размяшчалася вёска, належалі пэўнаму памешчыку, які пасля распрадаў іх розным уладальнікам. У час калектывізацыі 1930 года вёска ўвайшла ў склад створанага калгаса імя Калініна.

Канал, што ідзе ўздоўж вуліцы Касманаўтаў і паркавай зоны адпачынку, жыхары мікрараёнаў называюць Мухля. Я чуў, што калісьці праз вёску працякала рака, але ніхто са старажылаў такой яе назвы не ўзгадваў.

Буду рад новым гістарычным звесткам.

Валерый ДЗЕДЗІК.

Назва вёскі Дворышча (варыянт Дварышча) не адзінкавая на тэрыторыі Беларусі. Паселішчы з такім найменнем можна сустрэць у розных рэгіёнах нашай краіны: на поўдні і поўначы (Бярозаўскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Маларыцкі раёны Брэсцкай вобласці, Жлобінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі раёны Гомельскай вобласці; Бешанковіцкі, Браслаўскі, Лепельскі, Мёрскі, Расонскі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці), на ўсходзе і захадзе (Асіповіцкі, Бабруйскі раёны Магілёўскай вобласці, Ашмянскі, Лідскі раёны Гродзенскай вобласці). Нямала Дворышчаў і ў цэнтральных раёнах Беларусі. Арэал іх ахоплівае Барысаўскі, Валожынскі, Дзяржынскі, Крупскі, Любанскі, Мінскі і Слуцкі раёны Мінскай вобласці. На жаль, Ваша родная вёска як самастойнае паселішча знікла з карты краіны, стаўшы часткай сталіцы. Але яе гісторыя заслугоўвае таго, каб быць увекавечанай калі не ў назве мікрараёна, то ў назве адной з вуліц горада.

Найбольш агульнае значэнне слова дворышча — месца, дзе быў двор, а таксама зямельны надзел з самастойнай гаспадаркай. У гісторыі дворышча вядома як старажытная форма калектыўнага сялянскага ўладання зямлёй. Вельмі пераканаўчае і навукова абгрунтаванае тлумачэнне паходжання назвы «дворышча» прыводзіць у сваіх работах вядомая даследчыца беларускай тапаніміі прафесар В. П.Лемцюгова. Вучоная сцвярджае, што на пачатковай стадыі існавання дворышча ўяўляла сабой патрыярхальную вялікую сям'ю, або сямейна-родавую абшчыну, калектыў крэўных родзічаў па лініі бацькі. Усе члены дворышча жылі ў адным паселішчы, сумесна апрацоўвалі зямлю і вялі гаспадарку. Паступова ў працэсе разлажэння вялікая сям'я распалася на роднасныя малыя сем'і, кожная з якіх жыла асобным домам, але яны сумесна апрацоўвалі зямлю і вялі гаспадарку. У старажытнасці такія дворышчы мелі назвы: дворышча Дамашычаў, дворышча Панахідзічаў і інш. У другой палове XVІ стагоддзя беларуская сялянская абшчына знаходзілася ў стане распаду і захоўвалася пераважна ў перажыткавых формах. Гэтаму ў значнай ступені паспрыяла рэформа «Устава на валокі» 1557 года, паводле якой зямля абшчынных сёлаў і дворышчаў была падзелена на валокі (валока — дзялянка зямлі памерам у 21,36 гектара) і перададзена ў індывідуальнае карыстанне. У выніку многіх дворышчаў не стала. На іх месцы з'явіліся памешчыцкія двары, дварцы, фальваркі, сёлы і прысёлкі залежных сялян. Дворышча хутка страціла сваю сямейна-родавую сутнасць і з цягам часу перастала існаваць. Менавіта ў гэты перыяд і з'яўляюцца ўласныя назвы паселішчаў. Але цалкам слова не страцілася, яно перайшло ў якасці ўласнага наймення населеных пунктаў. Такім чынам, можна меркаваць, што назва Вашай вёскі вядзе свой пачатак яшчэ з XVІ стагоддзя.

Вялікую цікавасць выклікае і назва канала, які ў народзе называюць Мухля і звязваюць паходжанне назвы са словам махляваць «падманваць». Матывуюць такую версію тым, што рэчка нібы падманвае людзей: вада ў ёй то з'яўляецца на паверхні, то знікае. Зразумела, што народнае тлумачэнне не мае ніякай сувязі з навуковай версіяй. Краязнаўцы сцвярджаюць, што раней на гэтым месцы цякла рэчка з назвай Мыш. Верагодна, што назва яе непасрэдна звязана са словам мышнік, якое ў беларускай народнай геаграфічнай тэрміналогіі мае значэнне «ўчастак, які зарос кустамі». Напэўна, берагі Мышы ў мінулым таксама былі парослыя хмызняком. Калі звярнуцца да больш старажытнай пары, то словы мыш і мухля ўзыходзяць да аднаго індаеўрапейскага кораня mus «мыш». Вядомы этымолаг ТрубачоўА. М. сцвярджае, што mus — адна з табуістычных назваў жывёл, якая ў перакладзе абазначала «шэры». Да гэтага ж слова ўзыходзяць такія словы, як муха і мох.

Ігар КАПЫЛОЎ,
старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?