Вы тут

Без акуляраў не абысціся


Вастрыня зроку залежыць ад таго, наколькі дакладна аптычныя выявы факусіруюцца на сятчатцы (унутранай абалонцы вочнага яблыка). Недасканаласць гэтага механізму называецца парушэннем рэфракцыі і вымяраецца ў дыяптрыях.

— Рагавіца, хрусталік і шклопадобнае цела пераламляюць промні святла і накіроўваюць іх у пэўную кропку, — тлумачыць урач-афтальмолаг 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Надзея ХАРОШКА. — Калі гэта кропка знаходзіцца перад або за сятчаткай, тады выява недакладная. У першым выпадку гэта блізарукасць, або міяпія, у другім — дальназоркасць, або гіперметрапія. Да парушэнняў адносяцца яшчэ астыгматызм і прэсбіяпія.

24-6

БЛІЗАРУКАСЦЬ (МІЯПІЯ). Ад яе пакутуе кожны трэці чалавек. Гэтыя людзі дрэнна бачаць аддаленыя прадметы і добра — аб'екты, размешчаныя на блізкай адлегласці. Да 18 гадоў прычынамі яе развіцця з'яўляюцца хуткі фізіялагічны рост вочнага яблыка, інтэнсіўныя зрокавыя нагрузкі, зрокавая работа на блізкай адлегласці (школьная міяпія). Асноўнымі прычынамі пасля 20 гадоў могуць стаць перанесеныя захворванні вачэй і шкодныя ўмовы працы. Першыя прыкметы: прыжмурванне, нізкае нахіленне галавы, імкненне дзіцяці стаць бліжэй да тэлевізара. Пры рабоце на блізкай адлегласці можа ўзнікаць боль у вачах, галаўны боль. Калі блізарукасць не стабілізаваць, яна пераходзіць у міяпічную хваробу (міяпія высокай ступені — больш за 6 дыяптрый). Апошняя спрыяе адслаенню сятчаткі і глаўкоме (павышаны ўнутрывочны ціск). Вось чаму такімі важнымі ў дзіцячым узросце будуць наведванне афтальмолага 1-2 разы на год, прафілактычныя захады і карэкцыя пагаршэння зроку з дапамогай акуляраў і кантактных лінзаў.

ДАЛЬНАЗОРКАСЦЬ (ГІПЕРМЕТРАПІЯ). Гэта цяжкасці ўспрымання блізка размешчаных прадметаў. У 6-7 гадоў дальназоркасць уласцівая ўсім дзецям і звязана з ростам вочнага яблыка. Пазней яна павінна знікнуць. Калі гэтага не адбываецца, то можна гаварыць аб захворванні. Дзеці з дальназоркасцю хутка стамляюцца, не ўмеюць засяроджвацца на заданнях, дрэнна вучацца, дрэнна спяць. У дарослых гіперметрапія праяўляецца хуткай зрокавай стамляльнасцю пры рабоце на блізкай адлегласці, дробны тэкст пачынае «расплывацца» і ўзнікае жаданне адсунуць ліст паперы для больш далёкага бачання. Ранняя дыягностыка, нашэнне акуляраў і кантактных лінзаў дазваляюць знізіць рызыку такіх ускладненняў, як «лянівае вока» і касавокасць.

АСТЫГМАТЫЗМ. Гэта асаблівы від аптычнай будовы вока. Пры астыгматызме выява скажаецца на сятчатцы з-за няроўнасцяў рагавіцы і хрусталіка. Астыгматызм праяўляецца паніжэннем зроку як на адлегласці, так і зблізку, зніжэннем працаздольнасці, хваравітымі адчуваннямі ў вачах пры рабоце на блізкай адлегласці. Паказаны спецыяльныя цыліндрычныя акулярныя і кантактныя лінзы. Паказаннямі да карэкцыі будзе зніжэнне вастрыні зроку, развіццё блізарукасці, хуткае стамленне вачэй падчас зрокавай работы.

ПРЭСБІЯПІЯ. Узроставае зніжэнне эластычнасці хрусталіка, якое перашкаджае звыклай раней зрокавай рабоце. Зрок удалечыню пры гэтым захоўваецца. У такім выпадку таксама прапануюцца лінзы і акуляры, аднак трэба разумець, што прэсбіяпія — не хвароба, паколькі ў яе аснове не паталагічныя змены ў воку, а ўзроставыя змяненні.

Для ўсіх станаў характэрна розная ступень парушэння зрокавых функцый. Таму толькі ўрач-афтальмолаг можа вызначыць, які від карэкцыі неабходны — акуляры, кантактныя лінзы або хірургія.

Што шкодна для нашага зроку?

Нельга вылучыць якую-небудзь адну прычыну. Звычайна ўплываюць:

1. Недахоп вітамінаў і мінералаў, лішак харчовых хімічных дабавак.

2. Нізкая фізічная актыўнасць, курэнне, злоўжыванне алкаголем, шкодныя ўмовы працы.

3. Атрыманне ў спадчыну дрэннага зроку або фізіялагічнай схільнасці да яго.

4. Чытанне ў транспарце, які рухаецца, пры слабым асвятленні, у становішчы лежачы. Шматгадзіннае знаходжанне за камп'ютарам, тэлевізарам. Няправільная пасадка падчас чытання і пісьма.

5. Захворванні — атлусценне, цукровы дыябет, скаліёз, туберкулёз, інфекцыйны гепатыт, траўмы галаўнога мозга, захворванні насаглоткі і ротавай поласці (танзіліт, гаймарыт, адэноіды).

І для маўлення, і для памяці

У 2-3 гады, як правіла, упершыню правяраюць вастрыню зроку дзіцяці. Далей наведванне афтальмолага павінна стаць штогадовым. Пры гэтым будуць ацэньвацца бінакулярныя функцыі, колеравы зрок, наяўнасць блізарукасці або дальназоркасці. Ранняя дыягностыка дазваляе не толькі выявіць захворванне, але і папярэдзіць адхіленні ў развіцці — рэзкае зніжэнне вастрыні зроку негатыўна ўплывае на фарміраванне маўлення, памяць, уяўленне.

Рабіце так

Ужывайце цэльнае малако, тварог, кефір, вараную рыбу, ялавічыну, курыцу, індычку, моркву, капусту, зяленіва, ягады, садавіну, натуральныя сокі.

Не забывайцеся раніцай на гімнастыку, хадзіце ва ўмераным тэмпе 4 разы на тыдні па 30-40 хвілін. Школьнікам можна параіць не прапускаць урокі фізкультуры.

Не чытайце лежачы, у транспарце, пры дрэнным асвятленні, на баку. Гэта правакуе зрокавыя дыскамфорт і стомленасць, галаўны боль.

Штучнае асвятленне павінна быць злева. Прамыя промні святла не павінны трапляць у вока. Магутнасць лямпы — 60-80 Вт. Пры гэтым можа быць і агульнае асвятленне ў пакоі, неабходнае для таго, каб не ствараўся рэзкі пераход падчас пераводу позірку з асветленай кнігі да цемры пакоя.

Вучобу і працу чаргуйце з адпачынкам і паўнацэнным сном.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.