Вы тут

Як выжыць першакурсніку? Чытаць «кнігі»!


Дзе жыць першакурсніку: у інтэрнаце ці на здымнай кватэры? Ці дарагія студэнцкія сталовыя і дзе можна паесці больш танна? Як сумяшчаць вучобу з працай і не быць падобным на «зомбі»? Адказаць на гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі валанцёры «Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіравання» (БАСС) — іншымі словамі, актывісты і лідары. «Як выжыць першакурсніку?» — менавіта так гучала тэма мерапрыемства. Насамрэч такім пытаннем задаюцца многія з іх. І гэта не дзіўна, бо былым школьнікам, якія пераступілі парог універсітэта, часам цяжка ўладкавацца на новым месцы, складана прывыкнуць да новых нагрузак і новых людзей.

...Калі я ўвайшла ў офіс БААС, у мяне адразу запыталіся: ці не «кніга» я? Потым адзін са стваральнікаў арганізацыі і эксперт Павел Махінаў мне і іншым патлумачыў:

— Наша мерапрыемства праходзіць у фармаце «Lіvіng lіbrary» — калі цікавыя людзі-эксперты распавядаюць пра тое, што ведаюць самі, каб дапамагчы першакурснікам адаптавацца ў новых умовах. Усё гэта праходзіць вельмі весела, інтэрактыўна і пазнавальна. Эксперты — гэта «кнігі», а ўдзельнікі садзяцца і «чытаюць» іх: слухаюць гісторыі, задаюць пытанні і такім чынам атрымліваюць патрэбную для сябе інфармацыю. На кожную «кнігу» даецца 15 хвілін. Мне здаецца, што гэтага часу дастаткова, каб зразумець, у чым сутнасць, задаць пытанні, а экспертам навесці студэнтаў на самастойны пошук. Вельмі важна атрымаць той неабходны зарад матывацыі, каб дадаткова нешта даведацца і нешта зрабіць. У гэтым плане, мяркую, наша мерапрыемства павінна вельмі дапамагчы першакурснікам.

Напрыклад, пра асаблівасці кватэрнага пытання распавяла Надзея Варывончык, якая працуе ў агенцтве нерухомасці. Цяпер першакурснікі ведаюць: для таго, каб не застацца падманутым, трэба выбіраць варыянт пошуку жылля з аплатай па факце, калі шукаеш кватэру праз агенцтва, і, безумоўна, — ніякіх перадаплат. Таксама неабходна засведчыць перадачу грошай распіскай і правяраць ключы ад здымнага жылля ў прысутнасці гаспадара ці агента. «Чытачы» даведаліся, што самыя дарагія раёны Мінска ў плане арандаванага жылля — гэта Цэнтральны і Савецкі, а самыя танныя — Заводскі і Партызанскі.

Пра сталоўкі Мінска — дзе знаходзяцца самыя танныя і дзе найбольш смачна кормяць, а куды без пропуска не пройдзеш — расказала Ксенія Тарасевіч, стваральнік гіда па студэнцкіх сталоўках. Наўрад ці вы ведалі, што ў сталовай студэнцкага гарадка БДУ на Першамайскай можна расплачвацца карткай, і ўваход туды магчымы без пропуска. Для таго, каб паесці ў сталовай ліцэя БДУ, пропуск таксама не патрэбны. Вам спатрэбяцца толькі грошы і апетыт, бо гатуюць там вельмі смачна.

А Маргарыта Апановіч, якая часта ўдзельнічае ў розных міжнародных студэнцкіх праектах, падзялілася сваімі ведамі наконт выбару той ці іншай праграмы, нюансамі састаўлення матывацыйнага пісьма, а таксама падрыхтавала для кожнага спіс сайтаў міжнародных праектаў. Сваім вопытам сумяшчэння вучобы і працы, а таксама пошуку падпрацоўкі падзялілася Дыяна Лебедзева. Па яе меркаванні, самы галоўны рэсурс, якім зараз валодаюць студэнты малодшых курсаў, — гэта час. І для таго, каб гэты час не губляць, трэба развівацца, займацца самаадукацыяй.

Эксперты — гэта «кнігі», а ўдзельнікі садзяцца і «чытаюць» іх: слухаюць гісторыі, задаюць пытанні і такім чынам атрымліваюць патрэбную для сябе інфармацыю.

25-11

У кожным універсітэце ёсць свае органы самакіравання — такія як прафсаюз, студсавет, студсаюз і іншыя. Гэтыя арганізацыі, як распавёў Павел Махінаў, могуць студэнту дапамагчы. Напрыклад, у БДУ праз прафсаюз можна атрымаць абанемент у басейн і трэнажорны зал, а таксама талоны на ежу. Розныя студэнцкія аб'яднанні, якія займаюцца арганізацыяй святочных мерапрыемстваў (Дня першакурсніка і інш.), дазволяць кожнаму праявіць свой талент і ініцыятыву. Пра прававы бок студэнцкага жыцця «чытачы» даведаліся ад Алеся Крата, актывіста маладзёжнай прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада». Гэта сапраўды вельмі важная тэма, бо ведаць свае правы і абавязкі павінен кожны.

Апошнім этапам мерапрыемства стала абмеркаванне таго, што пачулі і зразумелі першакурснікі. Калі «чытачы» дзяліліся эмоцыямі наконт прачытаных імі «кніг», самым папулярным было словазлучэнне «вельмі карысная інфармацыя». І сапраўды, прагучала шмат практычных парад і патрэбнай на старце студэнцкага жыцця інфармацыі.

Вольга ШЫЛАК,
студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.