Вы тут

Не «прамаркіруй» жыццё


Ад спайсу няма паратунку

Чацвёра студэнтаў брэсцкай ВНУ атруціліся курыльнымі сумесямі. У беспрытомным стане іх даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У Гродне 16-гадовая школьніца збывала асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы. Напіўшыся піва, дзве 16-гадовыя дзяўчыны ўчынілі бойку і абрабавалі незнаёмку. Адна з дэбашырак знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага... На жаль, апошнім часам навучэнская моладзь усё часцей трапляе ў крымінальную хроніку.

— Колькасць злачынстваў, здзейсненых з удзелам непаўналетніх, за 8 месяцаў гэтага года павялічылася на 5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. Рост падлеткавай злачыннасці адзначаецца ў Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Перш за ўсё гэта звязана з павелічэннем — амаль у пяць разоў — колькасці падлеткавых злачынстваў у сферы незаконнага абарачэння наркатычных сродкаў, а таксама з алкагалізацыяй моладзі, — тлумачыць начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Віталь ЯНЧЫН. — Тэндэнцыя абумоўлена распаўсюджанасцю ў маладзёжным асяродку псіхаактыўных рэчываў (аналагаў наркатычных сродкаў), якія змяшчаюцца ў курыльных сумесях і «марках».

Родныя тых, хто паспытаў такія рэчывы, кажуць, што іх блізкія страцілі частку сваёй асобы: яны губляюць памяць, уважлівасць, у іх зніжаюцца разумовыя здольнасці, яны становяцца празмерна раздражняльнымі і схільнымі да суіцыдаў.

25-13

 Каб высветліць асноўныя прычыны ўцягвання падлеткаў у спажыванне наркатычных сродкаў, упраўленне ўнутраных спраў Гомельскай вобласці разам з абласным упраўленнем адукацыі правяло ананімнае анкетаванне непаўналетніх ва ўзросце 15—17 гадоў — навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з усіх раёнаў вобласці. Усяго ў апытанні ўзялі ўдзел 14,5 тысячы чалавек. Уплыў кампаніі як галоўную прычыну згадалі 47% рэспандэнтаў. На лішак вольнага часу і гультайства спаслаліся 30% маладых людзей. 24,5% апытаных лічаць імідж чалавека, які спажывае наркотыкі, модным. 14% назвалі прычынай распаўсюджанне інфармацыі аб «крутасці» наркотыкаў асобамі, якія іх спажываюць або спажывалі раней. І 20% адзначылі невырашальныя жыццёвыя праблемы або праблемы ў сям'і.

— Існуе навукова пацверджаная мадэль значнасці фактараў, што ўплываюць на фарміраванне асацыяльнай асобы. Згодна з ёю, спажыванне псіхатропных рэчываў стаіць на першым месцы, — расказвае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА. — Па нашых назіраннях, першае спажыванне псіхатропных рэчываў адбываецца ўжо ў сярэднім школьным узросце — гэта 12—14 гадоў. Пераходны ўзрост увогуле вельмі небяспечны: яму ўласцівыя экстрэмальныя паводзіны (калі дзеці «эксперыментуюць»), жаданне «быць як усе», бо не ўсе адважваюцца сказаць «не» сваім сябрам або аднакласнікам.

Апошнім часам на наркарынку краіны назіраецца замена наркотыкаў расліннага паходжання сінтэтычнымі псіхатропнымі рэчывамі, якія выкарыстоўваюцца для вырабу курыльных сумесяў (спайсаў) і «марак». Новыя наркотыкі за кароткі тэрмін сталі папулярнымі ў маладзёжным асяродку.

Ёсць звесткі, што ў некаторых установах адукацыі курыльныя сумесі спажываюць ад 90 да 100 працэнтаў падлеткаў. Супрацоўнікі МУС даволі часта затрымліваюць маладых людзей у стане яўнага ап'янення (няўпэўненая паходка, «шкляныя» вочы), аднак пры медыцынскім аглядзе ні алкаголю, ні якіх-небудзь іншых таксічных рэчываў у крыві не выяўляецца.

Спецыялісты папярэджваюць: ужыванне найноўшых псіхатропных рэчываў вядзе не толькі да доўгага лячэння, але і да страшных наступстваў на ўсё жыццё. Родныя тых, хто паспытаў такія рэчывы, кажуць, што іх блізкія страцілі частку сваёй асобы: яны губляюць памяць, уважлівасць, у іх зніжаюцца разумовыя здольнасці, яны становяцца празмерна раздражняльнымі і схільнымі да суіцыдаў. Карацей кажучы, адбываюцца грубыя парушэнні ў псіхіцы і дэградацыя асобы...

Хтосьці пасля спажывання спайсаў адчувае толькі лёгкае ап'яненне, як пасля ўжывання піва. Іншым становіцца так дрэнна, што дослед са спайсамі яны ўжо не паўтараюць. А тыя, хто працягнуў ужываць курыльныя сумесі, кажуць, што праз нейкі час перастаюць адчуваць той самы кайф — яны проста адключаюцца ад рэчаіснасці і нічога, акрамя спайсаў, іх ужо не цікавіць. Залежнасць развіваецца вельмі імкліва.

— Спайсы даюць эфект перадазіроўкі і развіццё псіхатычнага стану з цяжкім пашкоджаннем галаўнога мозга. Нават разавае іх спажыванне можа прывесці да трагічнага зыходу, — падкрэслівае Таццяна Емяльянцава.

Што да «марак», то спажыўцы, якім пашанцавала застацца ў жывых, ні пра які кайф не гавораць. Людзі проста цалкам перастаюць кантраляваць сябе. А тыя факты, калі некаторыя з іх імкнуцца выйсці з кватэры праз вокны ці пакалечыць сябе, магчыма, тлумачацца вострым кіслародным галаданнем, а магчыма, галюцынацыямі, калі чалавеку здаецца, што за ім хтосьці гоніцца.

Па словах медыка, многія бацькі не гатовы сутыкнуцца з праблемай наркотыкаў у сваёй сям'і: яны лічаць за лепшае для сябе «не заўважаць» змен у паводзінах дзяцей, выцясняючы праблему са свядомасці... Але гэта ў корані няправільна.

Вось прыкладны пералік гэтых змен:

 скрытнасць падлетка, якая суправаджаецца павелічэннем працягласці прагулак; падзенне цікавасці да вучобы або да звыклых захапленняў, прагульванне заняткаў;

 павялічваюцца фінансавыя запатрабаванні, і падлетак актыўна шукае шляхі іх задавальнення (з бацькоўскіх кашалькоў знікаюць грошы, а з дому — каштоўныя рэчы);

 з'яўляюцца новыя, падазроныя сябры або паводзіны старых прыяцеляў становяцца падазронымі (размовы з імі вядуцца шэптам, незразумелымі фразамі або без сведак);

 эмацыянальны стан становіцца няўстойлівым, з'яўляюцца беспрычынныя рэзкія змены настрою, успышкі злосці, панікі, агрэсіўнасці, рэзкія і непачцівыя адказы на пытанні дарослых;

 невыразная расцягнутая гаворка, запаволеныя рухі, няздольнасць мысліць лагічна, тлумачыць свае ўчынкі і іх прычыны, пагаршэнне памяці і ўвагі, з'яўленне санлівасці днём і бяссонніцы — ноччу.

Адбываюцца змены і ў знешнім вобліку: з'яўляюцца бледнасць, зямлісты колер твару, кругі пад вачамі, якія становяцца чырвонымі ці мутнымі; празмерна шырокія зрэнкі не рэагуюць на святло, адсутнічае міміка або, наадварот, яна ненатуральна «жывая», ёсць сляды ад уколаў (на тыльным боку кісці, лакцявых згібах, на нагах, на скуры галавы, пад валасамі).

Любая з пералічаных прыкмет паасобку наўрад ці можа стапрацэнтна сведчыць пра спажыванне падлеткам наркотыкаў, аднак наяўнасць некалькіх гэтых прыкмет павінна насцярожыць бацькоў ці педагогаў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.