Вы тут

«Бярозка»: што, як, калі?


Часопіс «Бярозка» — літаратурнае выданне для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту — пасля трохгадовай «перазагрузкі», праведзенай пад вокладкай часопіса «Маладосць», вяртаецца на ўзровень самастойнага існавання. Патэнцыйны чытач ужо меў магчымасць прыгледзецца да «пілотнага» нумара, і не так доўга яму засталося чакаць першага перыядычнага. Пра падрабязнасці «вяртання» расказвае галоўны рэдактар «Маладосці» Святлана Дзянісава.

25-7

Што?..

— Што вярнула часопіс да самастойнага «жыцця»?

— Відаць, той самы час, які мінуў з моманту спынення яго асобнага існавання. Размова ідзе не пра што іншае, як пра рэбрэндынг выдання, а ён, натуральна, не мог адбыцца адразу — трэба было адысці ад старой версіі на пэўную адлегласць, каб убачыць, нарэшце, што было яе слабымі месцамі, а чаго варта прытрымлівацца і надалей. Тры гады — дастатковы тэрмін для такой пераацэнкі. За гэты час узніклі ідэі, назбіралася шмат самых розных прапаноў і варыянтаў бачання — нам было з чаго выбіраць.

— Што застаецца ад папярэдняй «Бярозкі»?

— Гэта можна назваць не іначай як гордым словам «спадчына». Нагадаю, што «Бярозка» стваралася ў 1924-м і за 90 гадоў, што прайшлі, займела аўтарытэт літаратурнага выдання для падлеткаў — бадай, адзінага такога ў краіне. Менавіта гэты блок — літаратурна-мастацкі — складае аснову і новай «Бярозкі». Прычым у літаральным сэнсе: часопіс пачынаецца з «Вераска» — старонак творчасці дзяцей і падлеткаў, а завяршаецца тым, што для нашых юных чытачоў і аўтараў напісалі дарослыя паэты і празаікі, каб апошнія маглі не толькі чытаць, але і вучыцца пісаць так, каб іх пасля таксама чыталі. Зрэшты, задачу навучання літаратурнай працы ў «Бярозцы» вырашаюць рубрыкі «Практыкум» — «павучанні мэтраў», так бы мовіць, ды яшчэ з хатнімі заданнямі, і «Бел. літ.» — добры дапаможнік не толькі вучням, але і настаўнікам, бо дзе яшчэ можна будзе ўбачыць твор школьнай праграмы, разабраны «па частачках» так, каб складанае для ўспрымання стала лёгкім і твор зрабіўся для вучня адкрыццём. Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў журналістыцы, прапанавана рубрыка «Школа журналістыкі», прычым, гэта не майстар-клас, а «плацдарм» для самавыяўлення — «з месца ў кар'еру». Тое ж можна сказаць і пра блок калумністыкі, матэрыялы якога падаюцца з прывабнымі «шыльдамі»: «Напішы, як ... (імя, прозвішча) — і станеш аўтарам калонкі!». Сутнасць у тым, што «Бярозка» ў ідэале павінна стаць выданнем, якое дзеці не толькі чытаюць, але і ствараюць. Кожны зацікаўлены падлетак мае поўнае права абвясціць сябе не тое што пастаянным аўтарам, але нават і вядучым пэўнай рубрыкі. Любы літаратурны, навуковы ці які заўгодна яшчэ гурток або проста школьны клас на чале з настаўнікам можа ўзяць на сябе місію дзяжурыць па нумары, любая школа краіны можа быць запісана ў клуб сяброў «Бярозкі» — і гэтым вельмі-вельмі ганарыцца. Менавіта пра такое нам, стваральнікам часопіса, марыцца кожны дзень.

Як?..

— Як збіраецеся зацікавіць тых, хто не піша сам, але любіць чытаць, прычым, пераважна па-беларуску?

— Для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак у нас таксама распрацаваны цэлыя напрамкі. «Бярозка» збіраецца друкаваць матэрыялы на музычныя, «кіношныя», спартыўныя, псіхалагічныя, навукова-папулярныя і нават кулінарныя тэмы. Апошняя, праўда, не адступаецца ад прынцыпаў літаратурнага выдання: наша «Гатавальня» прапануе рэцэпты страў, што сустракаюцца ў паэмах, раманах, паданнях. Праз увесь нумар парассыпаны кругляшы-«Цікавосткі», апошняя старонка — літаральна «Смешная». Мяркую, што і папулярныя ў вучняў «галаваломкі» ў нас таксама знойдуць сабе месца. Адметнасць іх будзе ў тым, што яны адукоўваюць, а не толькі забаўляюць. Таму што, варта нагадаць, «Бярозка» — не звычайная чарговая друкаваная забаўка, якіх і без яе ў нашых шапіках дастаткова. «Бярозка», як напісана на першай старонцы яе «пілота», — гэта выданне для тых, хто ведае, «што дрэва без каранёў не расце», хоча «рассунуць межы свайго свету» і мае патрэбу «атрымліваць веды, а не інфармацыю». Часопіс дапаможа вырасці ўдзячным і карысным, добрым і, безумоўна, шчаслівым, як кожны самарэалізаваны чалавек.

— Як, на вашу думку, да часопіса паставяцца бацькі і настаўнікі?

— Першыя і другія мусяць быць зацікаўленымі, бо, напрыклад, у рубрыцы «Настаўніцкая на праслушцы» ў «пілоце» прадстаўлена размова на тэму трохкутніка «бацькі — вучань — настаўнік». Гэта і сімвалічна, і даволі востра анансуе саму сутнасць рубрыкі — інтэрактыўны праект з настаўніцкімі краіны, закліканы даць вучням магчымасць пачуць тое, што гаворыцца настаўнікамі за зачыненымі дзвярыма. Гэтая рубрыка можа — пры ўзаемным жаданні падлеткаў і дарослых — стаць месцам канструктыўнага вырашэння самых розных праблем. Што яшчэ гаворыць пра карысць «Бярозкі» не толькі для дзяцей, але і для тых дарослых, якім яны неабыякавыя? Возьмем «Псі-факторыю» — старонкі, на якіх распавядаецца пра тое, як перастаць быць сарамлівым «лузерам» і зарабіць аўтарытэт хутка і назаўсёды; як не баяцца адказваць ля дошкі і рабіць гэта прыгожа; як вывучыць вершы на памяць хутка і без асаблівага напружвання... Мы шмат што зможам прапанаваць тым, хто захоча гэта ў сябе ўвабраць.

Калі?..

— Калі ж «Бярозка» пачне выходзіць самастойна?

— З наступнага, 2015, года кожны месяц, на 48-мі каляровых прыгожых старонках пад «сакавітай» вокладкай. Яна, дарэчы, прапануе сваю гісторыю. На «пілоце» адлюстраваны папяровы самалёцік — такія звычайна лётаюць па класе падчас перапынку або нават і на ўроках. Самалёцікам кіруюць пластылінавыя чалавечкі, якім, між іншым, трэба будзе даць імёны. Дык вось, гэтыя чалавечкі... З імі ўвесь час, на кожнай вокладцы нешта адбываецца. Як было б добра, калі б іх прыгоды не засталіся незаўважанымі...

Любоў ВАБІШЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.