Вы тут

«Зверху» відаць не ўсё


таму праблемы тэрыторыі павінны вырашаць мясцовыя органы ўлады

Усім хочацца, каб іх родны горад або вёска, вуліца, на якой стаіць дом, або сквер, дзе добра прайсціся ў вольны час, заставаліся прыгожымі і акуратнымі. Каб было прыемна вяртацца дамоў з працы, каб не было сорамна перад гасцямі за размаляваны вандаламі пад'езд або пах са смеццеправода. Але хто павінен займацца парадкам у такіх «маленькіх» маштабах? Дзяржаўныя органы? Прыватныя структуры? Мясцовыя Саветы? Менавіта пра гэта ішла гутарка на чарговым выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое праходзіла ў Салігорску і Салігорскім раёне.

На пытанне журналістаў, чаму месцам правядзення пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні выбралі менавіта Салігорск, Анатоль РУБІНАЎ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і старшыня Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, адзначыў, што ў Салігорску добра арганізаваны пытанні добраўпарадкавання, таму яго вопыт будзе цікавы прадстаўнікам іншых рэгіёнаў.

І ў маладога можна павучыцца

Салігорск — горад малады. Ён пачаў будавацца дзякуючы распрацоўцы калійных шахтаў. Сёння прадукцыя «Беларуськалія» ідзе на экспарт у краіны на ўсіх кантынентах. А сам Салігорск працягвае расці і развівацца. Будуюцца новыя школы і дзіцячыя садкі. Вось і школа № 13, якую наведалі ўдзельнікі пасяджэння, працуе ўсяго толькі год.

Іна СКУРАТАВА, дырэктар школы, паведаміла, што такая навучальная ўстанова ў гэтым раёне была проста неабходна.

—Побач два вялікія мікрараёны, якія забудоўваюцца. Вельмі шмат у нас маладых і шматдзетных сем'яў. Таму, натуральна, новыя школа і дзіцячы садок тут вельмі патрэбны. Школу адкрылі летась 21 жніўня. Сёлета ў нас 50 класаў, у якіх вучыцца 1148 школьнікаў. У мінулым годзе было 7 першых класаў, у гэтым — ужо 10.

Пакуль не пабудавалі новую навучальную ўстанову, дзеці вучыліся ў іншых школах, некаторыя з якіх з‑за гэтага былі перагружаны.

—Толькі з адной салігорскай школы № 11 да нас перайшло каля 500 вучняў.

Гаворачы пра тэму пасяджэння — навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў — Іна Скуратава акцэнтавала ўвагу на тым, што родны Салігорск заўсёды быў прыгожым горадам.

—За апошнія пяць гадоў ён і наогул змяніўся. У нас шырокія тратуары і дарогі, прыгожыя дамы, вельмі развіта інфраструктура. Гэта дастаткова камфортны горад для жыцця, працы, творчасці, самарэалізацыі. І бацькі, і дзеці тут працалюбівыя. Вось і нашы вучні заўсёды дапамагаюць добраўпарадкаваць прышкольную тэрыторыю.

Мінімум 900 жыхароў раёна страцілі сваю «маленькую радзіму». А страцілі таму, што не даглядалі бацькоўскі падворак.

«Нічыйных» дамоў быць не павінна

У аграгарадку Зажэвічы Зажэвіцкага сельсавета для гасцей быў арганізаваны цэлы падворак з мастацкім афармленнем і элементамі вясковага побыту. На падворку былі прадстаўлены ўсе 11 сельсаветаў Салігоршчыны.

Старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзія КЛІШЭВІЧ падчас наведання Зажэвіч расказала аб праблемах і дасягненнях свайго рэгіёна:

—На тэрыторыі Салігорскага раёна ўжо на працягу 10 гадоў праводзіцца конкурс па навядзенні парадку «Гармонія, стыль і прыгажосць».Яго пераможцы ў розных намінацыях у Дзень горада і Дзень шахцёра ўзнагароджваюцца. Сёлета было адзначана каля 30 суб'ектаў гаспадарання. Што радуе — з кожным годам колькасць заявак для ўдзелу ў конкурсе ад мясцовых жыхароў павялічваецца.

У вёсках Салігорскага раёна з 2007 года знесена прыкладна 900 пустуючых і старых дамоў.

—З аднаго боку, за гэту лічбу трэба парадавацца, з другога — пашкадаваць, — заўважае Лідзія Клішэвіч. — Бо мінімум 900 чалавек страцілі сваю «маленькую радзіму». А страцілі таму, што не даглядалі бацькоўскі падворак. Хацелася б падкрэсліць, што гэтым павінны займацца не ўлады, а самі людзі.

У той жа час старшыня Салігорскага райсавета расказала і пра станоўчую тэндэнцыю.

—Вельмі радуе, што на тэрыторыі раёна з кожным годам з'яўляецца ўсё больш ахвотных набыць дом у вёсцы. І нават не толькі ў вёсках, блізкіх да Салігорска, але і ў аддаленых населеных пунктах — і за 50 кіламетраў ад райцэнтра, і за 60. Думаю, калі мы зможам максімальна газіфікаваць вёскі, закінутых куточкаў стане менш.

Мясцовыя Саветы прадстаўляюць народ

Адказваючы на пытанне пра дзейснасць мясцовых Саветаў, Анатоль Рубінаў заўважыў, што гэтая структура жыццёва неабходная.

—Ва ўсім свеце мясцовае самакіраванне — найважнейшы кампанент арганізацыі жыцця ў дзяржаве, яно павінна вырашаць асноўныя пытанні людзей. Іншая справа, што ў нашай дзяржаве цяпер дзейнічае камбінаваная сістэма. З аднаго боку, у нас ёсць «вертыкаль» улады, бо ўсё ж у краіне пераважае дзяржаўная ўласнасць. Урад адказны за тое, каб будаваць школы, дарогі, прадпрыемствы, стымуляваць жыццё розных рэгіёнаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца грошы, якія акумулююцца з усёй краіны. Натуральна, што для іх размеркавання і кантролю гэтая вертыкаль патрэбна.

З іншага боку, як заўважае старшыня Савета па ўзаемадзеянні, нельга абмяжоўвацца адной вертыкаллю: не ўсё ж відаць «зверху», са сталіцы — патрэбна праца з людзьмі і ў рэгіёнах.

—Мы павінны ведаць, як людзі жывуць, якія ў іх праблемы, што ім патрэбна. Для гэтага і існуюць Саветы дэпутатаў. Яны аказваюць істотны ўплыў на працу тых жа выканкамаў, на прыняцце важных для людзей рашэнняў. Мясцовыя Саветы вельмі важныя для людзей і для дзяржавы, яны маюць вялікае значэнне на ўсіх узроўнях, у прыватнасці, на мясцовым.

Анатоль Рубінаў ухваліў вопыт догляду кааператыўнага дома ў Салігорску, які наведалі члены Савета па ўзаемадзеянні.

—Дом у вельмі добрым стане. Чаму? Бо тут выбудавана сістэма падтрымання парадку. Ёсць чалавек, якога выбралі і якому даплачваюць за тое, каб ён сачыў за парадкам у доме і пры неабходнасці звязваўся з адпаведнымі службамі. І робіць ён гэта, як правіла, хутка, бо і сам зацікаўлены ў тэрміновым вырашэнні пэўнай праблемы: ён жыве ў гэтым доме, а не проста збоку прыходзіць зарабляць грошы. Так і ў вёсцы: людзі, якія жывуць там, больш за ўсіх зацікаўлены ва ўладкаванні свайго жыцця. Яны павінны мець магчымасць самастойна прымаць рашэнні і арганізоўваць сваю працу.

Больш паўнамоцтваў

Падчас пасяджэння Анатоль Рубінаў выказаў думку, што ў краіне ёсць неабходнасць у новых падыходах для павышэння эфектыўнасці органаў мясцовага самакіравання.

—Самае галоўнае ў гэтым выпадку — павышэнне ўзроўню паўнамоцтваў, ініцыятывы і зацікаўленасці на месцах. Людзям трэба даць больш магчымасцяў для гэтага, тады ў іх будзе развівацца неабходнае пачуццё гаспадара, — адзначыў Анатоль Рубінаў.

У сваю чаргу Сямён ШАПІРА, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, паведаміў, што ў Мінскай вобласці ўжо рэалізуецца эксперымент, сутнасць якога ў тым, каб павысіць адказнасць органаў мясцовага самакіравання.

—У апошнія гады органы дзяржаўнага кіравання ўзялі на сябе тыя задачы, якія павінны вырашацца на месцах. Дарэчы, дзяржорганы не заўсёды гэтыя задачы вырашалі эфектыўна. Каб выправіць сітуацыю, мы выдаткавалі 4 трыльёны беларускіх рублёў — гэта сродкі на будаўніцтва, паляпшэнне якасці дарог, падтрымку ЖКГ... Гэтыя грошы мы размеркавалі па раёнах вобласці ў залежнасці ад колькасці насельніцтва.

Такім чынам, раёны атрымалі магчымасць самастойна вырашаць, на якія мэты неабходна накіраваць атрыманыя сродкі.

—У наступным годзе мы маем намер працягнуць гэтую практыку, — паведаміў Сямён Шапіра, — бо эксперымент паказаў: пры наяўнасці на месцах сродкаў хутчэй вырашаюцца тыя пытанні, якія раней здаваліся вельмі складанымі. Проста раней кіраўнікі раёнаў прыязджалі ў Мінаблвыканкам і прасілі грошы, а цяпер яны самастойна думаюць, як разумна размеркаваць і куды накіраваць гэтыя сродкі.

Раней кіраўнікі раёнаў прыязджалі ў Мінаблвыканкам і прасілі грошы, а цяпер яны самастойна думаюць, як разумна размеркаваць і куды накіраваць гэтыя сродкі.

Анатоль Рубінаў станоўча ацаніў такі вопыт. Ён падкрэсліў, што гэтую ініцыятыву варта падтрымліваць і ў далейшым.

Кіраўнік Мінскай вобласці ў сваю чаргу паведаміў, што ў рэгіёне рэалізуецца яшчэ адзін цікавы эксперымент.

—Мы выдзелілі 300 мільярдаў беларускіх рублёў і змясцілі іх у фонд, з якога кіраўнікі навучальных і ўрачэбных арганізацый могуць браць сродкі на рамонт і будаўніцтва сваіх аб'ектаў. Такі эксперымент досыць паспяхова апрабаваны ў Гродзенскай вобласці, а зараз гэты механізм хоць і цяжка, але ўкараняецца і ў нас.

* * *

Як бачым, на месцах важная не толькі наяўнасць грошай. Неабходна правільна арганізаваць дзеянні па добраўпарадкаванні. Трэба, каб людзі зразумелі, што гэта робіцца для іх. І лепш за ўсё, калі за неабходную працу будуць брацца яны самі — натуральна, за пэўную даплату. У гэтым выпадку зацікаўленасць будзе двайная — і грошы зарабіць, і добра выканаць працу, ад якой залежыць і ўласны камфорт.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.