Вы тут

Не закопвайце талент у зямлю


Калі на справе кіраўнік недзяржаўнага прадпрыемства паказаў добры прыклад, яму дадуць магчымасці для развіцця

Чарговае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі было прысвечана ўдзелу прыватнага бізнесу ў комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Пасля наведвання некалькіх паспяховых прадпрыемстваў рэгіёна ўдзельнікі Савета ўпэўніліся, што многае залежыць ад таленту бізнесмена. І галоўнай высновай пасяджэння стала аксіёма — мясцовыя органы ўлады павінны ствараць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця паспяховага бізнесу ў краіне.

Выкарыстоўваць па максімуме

Па словах намесніка прэм'ер-міністра Беларусі і старшыні Савета Пятра Пракаповіча, дзяржаўная праграма па развіцці Прыпяцкага Палесся мае вялікае значэнне. Гэты рэгіён аб'ядноўвае чатыры раёны Гомельскай вобласці і тры — Брэсцкай. «Рэалізоўвацца праграма павінна не толькі за кошт дзяржаўных інвестыцый, але і прыватнага сектара. У гэтым рэгіёне для развіцця прадпрымальніцтва ёсць вялікія магчымасці. Іх рэалізацыя абяцае значныя вынікі не толькі для Прыпяцкага Палесся, але і краіны ў цэлым», — лічыць Пётр Пракаповіч.

«У Беларусі больш за 110 тысяч прыватных прадпрыемстваў, але яшчэ шмат рэзерваў для іх развіцця. Не выкарыстоўваюцца яны часцей за ўсё з-за таго, што наша ўлада на месцах не стварае ўмовы, каб таленавітыя бізнесмены, якія станоўча праявілі сябе, маглі развіваць свой бізнес», — заявіў Пётр Пракаповіч. Прыкладаў паспяховага бізнесу шмат, галоўная задача — распаўсюджваць гэты вопыт па краіне. «У Беларусі прыватны сектар займае адну трэць эканомікі; напрыклад, заўтра ён зойме больш за палову — дзяржаве трэба максімальна выкарыстоўваць яго магчымасці і спрыяць развіццю», — упэўнены намеснік прэм'ер-міністра.

Прыпяцкае Палессе можа злучыць два берагі беларускай эканомікі — дзяржаўны і прыватны.

1-39

Нафта знікне, а зямля застанецца

Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што стварэнне паспяховых прадпрыемстваў дае новыя працоўныя месцы, а значыць, дазваляе захоўваць моладзь у рэгіёне і павялічваць колькасць насельніцтва. «У сямі раёнах Прыпяцкага Палесся, на жаль, колькасць насельніцтва пакуль не павялічваецца, а наадварот, крыху зніжаецца. Гэта сведчыць аб тым, што ўлада і бізнес разам не здолелі стварыць патрэбныя і камфортныя ўмовы для прыцягнення новых кадраў і захавання наяўных».

Напрыклад, у Тураве нядаўна з'явіўся малочны камбінат з самым сучасным абсталяваннем. Выпускаюць там звышмодныя сыры — мацарэлу і іншыя. Як быццам жалезная гарантыя новых працоўных месцаў. Аднак прадпрыемства сёння працуе не на поўную магутнасць (усяго на 40%) з-за адсутнасці сыравіны. Такое адчуванне, што бізнес-план трошкі недапрацавалі. «З гэтым трэба змагацца прадстаўнікам бізнесу і ўлады сумесна», — лічыць намеснік кіраўніка ўрада.

У той жа час ёсць прыклады выдатна прадуманай стратэгіі развіцця бізнесу. Сялянская гаспадарка Міхаіла Шруба зарабляе нядрэнныя грошы і пастаянна ўкладвае іх у сваё развіццё — то новыя сховішчы пабудуюць, то тэхніку сучасную закупяць. Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што калі б усе гаспадаркі такога плана мелі гадавую выручку на аднаго работніка на сяле, як у гаспадарцы гэтага бізнесмена, то Беларусь мела б не менш за 25 млрд еўра выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі. А гэта ў разы больш, чым сёння. Увогуле, намеснік прэм'ер-міністра бачыць у зямлі самы вялікі скарб Беларусі — скажам, нафта ці газ могуць знікнуць, а зямля заўсёды застанецца. «З гэтага вынікае выснова: трэба досвед такіх таленавітых кіраўнікоў выкарыстоўваць і ствараць для іх максімальна камфортныя ўмовы, а таксама шукаць тых, хто зможа так працаваць. Галоўнае — вынік і эфектыўнасць працы, таму трэба падтрымліваць ініцыятыву таленавітых прадпрымальнікаў. Калі мы бачым, што на справе кіраўнік недзяржаўнага прадпрыемства паказаў добры прыклад, значыць, трэба даваць яму магчымасці для развіцця».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».