Вы тут

Мытня дае дабро, але не ўсім і не заўсёды


Карэспандэнт «Звязды» падзяжурыў з беларускімі мытнікамі на пункце пропуску «Грыгароўшчына», праз які штогод праходзіць больш за 200 тысяч аўто.
«...А матэля не хапае»

2-48
Я прыехаў у Верхнядзвінск у пятніцу а сёмай гадзіне вечара. Пакуль ехалі ў службовай машыне мытнікаў да месца прызначэння, справа ўбачыў чаргу аўтамабіляў — кіламетры два працягласцю, у асноўным — фуры.
Маім «гідам» на мытні стаў Уладзімір Купрэеў, начальнік аднаго з пяці аддзелаў мытнага афармлення і кантролю. Здзівіла, што ён ні разу не быў у Латвіі, ды і іншых краінах Еўрапейскага саюза. (А многім, напэўна, здаецца, што мытнікі свабодна ходзяць праз мяжу.) Я ніяк не мог зразумець, што такое «профіль рызыкі». Калі казаць проста, гэта значыць, што перавозчык выклікаў падазрэнні…
Пазнаёміўся з вадзіцелямі. Першы з іх стаяў у чарзе на выезд. Узрадаваўся, як дзіця, што пра яго напішуць у газеце, патэлефанаваў нават дамоў і паведаміў, што стане «зоркай» у «Звяздзе».
—Я — грамадзянін Літвы, еду ў Латвію. Вязу розныя сантэхнічныя аксесуары. Мне 52, на міжнародных рэйсах — гадоў 15. Усякія тавары перавожу. Тут мытнікі вельмі добра працуюць. Так і напішыце, што беларуская мяжа — самая добрая. Для параўнання, з Расіі на Латвію калі едзеш, там павольна працуюць. Калі праз Себеж ехаць, трэба за праезд па платнай дарозе заплаціць. Таму, каб сэканоміць, сюды еду… Але беларусам трэба развіваць прыдарожны сэрвіс. Я, напрыклад, хацеў бы памыцца і пагаліцца нармальна. Заплаціў бы за матэль, — расказаў Альфонсас.
Іншы кіроўца, таксама літовец, наадварот — уязджаў у нашу краіну.
—Я — Домас Якіс. Еду праз Беларусь у Маскву. Вязу парашок: ачышчальнік вады. Часта езджу. Праз беларускую мяжу калі едзеш, нічога не бянтэжыць. Нармальная чарга пры ўездзе, ды і тая рэдка бывае. Вось перада мной толькі пара машын заходзілі на мытны кантроль… У Расіі, бывае, і колы адкручваюць, і салярку зліваюць. А ў вас паўсюды спакойна.
Трэці прызнаўся, што стараецца эканоміць.
—Я дамоў, у Літву, з Масквы посуд вязу: чайнікі і талеркі, салатнікі. Часта езджу ў Расію і Казахстан. Даўно працую. Камфортна тут, таму і еду. Ездзіў на Украіну, дык там грошы трэба даваць: мытнікам, супрацоўнікам ДАІ і іншым… Асабіста мне ўсё роўна: ці ёсць гатэль ля дарогі, ці не. Не зарабляю столькі, каб у гатэлях спыняцца, — прызнаўся Канстанцін.

2-50
Міфы і праўда
Хацеў убачыць кантрабандыста — і ноччу мне пашанцавала. На мытны агляд прыехала фура. За рулём — кіроўца, які раней пападаўся ўжо на кантрабандзе цыгарэт: спрабаваў незаконна вывезці дзесяць блокаў. Яго машыну на маіх вачах мытнікі адпрацоўвалі па поўнай праграме. Мне здалося, што вечнасць прайшла.
А ці можна па выглядзе вадзіцеля вызначыць, што ён кантрабандыст?
—Так. Мы навучыліся вызначаць тых, хто можа правезці кантрабандны тавар. Але, паверце, мы не бачым у кожным вінаватага. Гэта міф, што ў мытнікаў ёсць «план» па канфіскатах. Вядома, калі знойдзем буйную партыю, напрыклад, тытуню, атрымліваем прэміі, — кажа Уладзімір Купрэеў.
Пра львоў і… «цікавыя» прапановы
Чаго толькі ні вязуць праз мытню. Нават ільвоў! Цыркачы перасякалі мяжу менавіта з такім жывым грузам. Ніякіх падазрэнняў у мытнікаў не было — прапусцілі цароў звяроў без праблем.
Паводле слоў супрацоўнікаў мытні, перыядычна тыя, хто ў першы раз праязджаюць праз пункт пропуску, намякаюць, што гатовыя падзякаваць грашыма. Калі рэальна даюць хабар, мытнікі адразу выклікаюць міліцыю.
— Мне пашпарт працягвае адзін — а там 15 еўра. Потым ён пашкадаваў, што так зрабіў, — расказвае мытнік, які пажадаў, каб яго прозвішча не друкавалі.
Што цікава, мытнікам падчас дзяжурства забараняецца мець пры сабе грошы і мабільнікі.
За змену яны павінны прапусціць не менш за 300 аўто. Спаць (толькі дзве гадзіны на суткі. — Аўт.) прыходзіцца ў службовых «павільёнах». Прыбіральня на вуліцы, гарачага водазабеспячэння няма. Спартанскія ўмовы — гэта часова. Мне паказалі модуль, які ўзводзіцца пры падтрымцы Еўрасаюза. Усярэдзіну будуць заязджаць аўто. Не трэба будзе адкрываць грузавыя адсекі — рэнтгенам даследуюць усё, што вязуць. Па плане новы модуль адкрыюць напрыканцы бягучага года.
Нягледзячы на тое, што мяне часта паілі кавай, я перыядычна… засынаў. Дамоў каля 6 гадзін раніцы мяне падвёз вадзіцель фуры Анатоль. Адчуў я сабе ў кабіне яго «Рэно», як герой фільма «Брат 2». Разгаварыліся. Ехаў Анатоль праз Віцебск на Маскву, вёз мэблю. Жыве ў Маладзечне, бацька чатырох дачок. Па дарозе шмат расказваў пра замежжа, пра тое, што тыднямі спіць у кабіне, тут жа і кухарыць. Але гэта зусім іншая тэма.
…Я цяпер зусім па-іншаму буду ставіцца да работнікаў мытні. Яны працуюць, каб і вадзіцелі, і пасажыры былі задаволены, каб праз мяжу везлі ў два бакі толькі тое, што дазваляецца.
«Мытная служба патрабуе чыноўнікаў дасведчаных, у вернасці выпрабаваных і даверу вартых», — так казаў Пётр І. І меў рацыю. Такія людзі служаць у Грыгароўшчыне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Верхнядзвінскі раён —
Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».