Вы тут

У школы павінна быць душа


Якасць адукацыі і імідж настаўніка ў грамадстве — гэтыя два ўзаемазвязаныя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ІІІ з'езда педагагічных работнікаў краін СНД, які адкрыўся ўчора ў Мінску. Для абмену перадавым досведам у беларускую сталіцу з'ехаліся 500 прафесіяналаў з краін Садружнасці — як педагогі-практыкі, так і кіраўнікі адукацыйных ведамстваў.

Падчас адкрыцця з'езда першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр РАДЗЬКОЎ зачытаў прывітальнае слова да ўдзельнікаў форуму ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Удзельнікі мерапрыемства ахвотна дзяліліся сваімі меркаваннямі.

—Настаўнік не з'яўляецца героем дня, па-мойму, ні ў адной з былых постсавецкіх рэспублік, — падзяліўся сваёй думкай міністр адукацыі і навукі Арменіі Армен АШАЦЯН. — А прафесія настаўніка ў грамадскай іерархіі прафесій не займае лідзіруючыя пазіцыі. Ствараецца ўражанне, што ў нашых краінах адукацыя пераўтварылася ў «свяшчэнную карову», на якую зрэдку моляцца, дрэнна яе кормяць, але кожны імкнецца надаіць паболей. Існуе бездань паміж дэклараванай каштоўнасцю адукацыі і стаўленнем да яе з боку грамадства і ўрада. Для ўрада адукацыя — адна з важных сацыяльных сфер, дзе трэба рабіць папулісцкія заявы і падкрэсліваць яе важнасць для развіцця дзяржавы. Як правіла, недахоп фінансавання кампенсуецца празмернай публічнай рыторыкай. А грамадскае ўспрыманне адукацыйных інстытутаў сёння на некалькі парадкаў ніжэйшае, чым у часы функцыянавання савецкай адукацыйнай сістэмы.

На думку Армена Ашацяна, ніводзін міністр адукацыі (прычым не толькі ў краінах СНД) не з'яўляецца папулярным чалавекам у сваёй краіне. Адукацыйныя рэформы, на жаль, не папулярны ў грамадстве.

2-56

2-56

 

—Людзі не заўсёды разумеюць, што ім прапануюць, што мы робім і навошта трэба штосьці змяняць. Натуральна, што такія праблемы не турбуюць міністра аховы здароўя, які не абавязаны тлумачыць публіцы, чаму змяняецца метад апендэктаміі. А мы вымушаны наладжваць камунікацыі з грамадствам, нават калі змяняем змест падручнікаў для пачатковых класаў. Таму што любыя змены цягнуць грамадскі рэзананс…

Яшчэ адна праблема, на якую звярнуў увагу Армен Ашацян, — захаванне нацыянальнага каларыту школы.

—Уплыў глабалізацыі і масавай культуры на розумы падрастаючага пакалення прымушае нас укараняць элементы нацыянальнай самаабароны яшчэ ў школе, і мы вымушаны прыбягаць да нестандартных рашэнняў. З гэтага года распачалі пілотны праект па выкладанні ў школе нацыянальных песень і танцаў. Армянская Апостальская Царква з'яўляецца адным з асноваўтваральных інстытутаў для армян ва ўсім свеце, таму выкладанне гісторыі Армянскай Апостальскай Царквы ў школах Арменіі — абавязковы прадмет для ўсіх. Гэта пытанне захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, — падкрэсліў Армен Ашацян. — Хацеў бы звярнуць ўвагу яшчэ на адну пагрозу: як бы нам не страціць душу за ўсімі тэхналагічнымі новаўвядзеннямі, якія ўкараняюцца зараз у школах. У школы павінна быць душа, бо без душы школа не зможа выхоўваць грамадзян.

2-57

2-57

 

Пра выключную ролю настаўніка казаў і намеснік міністра адукацыі Азербайджана Фірудзін ГУРБАНАЎ:

—Нядаўна мы праводзілі маніторынг сярэдніх школ, каб ацаніць эфектыўнасць іх работы і працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ. І самай перадавой школай аказалася звычайная сярэдняя школа ў Баку: у гэтым годзе 92% яе вучняў паступілі ў ВНУ, а астатнія 8% — у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Прычым такія выдатныя вынікі школа дэманструе на працягу некалькіх апошніх гадоў. Мы сталі высвятляць прычыны поспеху. Матэрыяльна-тэхнічная база ў гэтай школы звычайная, аснашчэнне сучасным вучэбным абсталяваннем ніколькі не лепшае, чым у іншых школ. А вось педагагічны калектыў…

Многія настаўнікі маюць званне заслужаных, шмат хто ўзнагароджаны ганаровымі прэміямі міністэрства адукацыі, многія з'яўляюцца пераможцамі конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае пастулат, што галоўная фігура ў навучальным працэсе — гэта настаўнік. Бурнае развіццё эканомікі і тэхналогій патрабуюць ад адукацыйнай сістэмы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. Але, на жаль, сістэма адукацыі не заўсёды паспявае перабудавацца і адэкватна адказваць на гэтыя запатрабаванні. Як вынік, у нас зараз шмат сучасных прадпрыемстваў вымушаны запрашаць спецыялістаў з‑за мяжы.

Міністр адукацыі Беларусі Сяргей МАСКЕВІЧ лічыць перспектыўным напрамкам стварэнне агульных для краін СНД праграм педагагічнай мабільнасці з магчымасцю рэалізоўваць прафесійны абмен на падставе ўстаноўленай загадзя міждзяржаўнай квоты.

— Лічым мэтазгодным працягнуць развіццё такіх формаў супрацоўніцтва, як узаемаабмен вучэбнымі групамі педагогаў па актуальных пытаннях адукацыі, — падкрэсліў Сяргей Маскевіч у сваім выступленні на з'ездзе. — А для маладых педагогаў прапануем праводзіць маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў.

Таксама прапануем у 2015 годзе ў рамках святкавання 70‑годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне правесці ў Беларусі летнюю школу настаўнікаў гісторыі і вучоных-гісторыкаў для выпрацоўкі падыходаў да сумеснага процістаяння спробам фальсіфікацыі падзей Другой сусветнай вайны, а ў далейшым зрабіць летнюю школу пастаяннай пляцоўкай для абмену вопытам настаўнікаў-прадметнікаў.

Мы падтрымліваем рэалізацыю ў 2015 годзе ў рамках СНД міжнароднага маладзёжнага праекта «100 ідэй для СНД» і гатовы аказаць неабходную дапамогу ў яго правядзенні.

У якасці базавай арганізацыі СНД па рабоце з моладдзю Сяргей Маскевіч прапанаваў прызначыць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Сёння дэлегаты з'езда працягнуць работу ў дзесяці тэматычных секцыях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.