Таццяна Сівец. Самы лепшы падарунак: гісторыі адной дзяўчынкі. — Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — 56 с.
Вучоныя, якія працуюць у галіне гендарных даследаванняў, сцвярджаюць, што хлопчыкі не чытаюць кніг, галоўнымі гераінямі якіх з'яўляюцца дзяўчынкі. Напэўна, таму большая частка твораў дзіцячай літаратуры распавядае акурат пра хлопчыкаў. І нават калі ў якасці персанажа кнігі выступае жывёла, усё адно гэта істота мужчынскага полу. У дзяўчынак фактычна няма іншага выйсця, як таксама чытаць пра жыццё хлопчыкаў. Таму, пабачыўшы падзагаловак гэтай кнігі, дзяўчынкі, несумненна, узрадуюцца.
Дзяўчынкі атрымаюць ад гэтай кнігі найбольшае задавальненне. І справа не толькі ў прывабнай вокладцы, выдатных малюнках Ганны Раманоўскай, сюжэце, але і ў шчырасці, давяральнасці гутаркі, якую вядзе з чытачом аўтар. Мы нібыта зазіраем у жыццё маленькай Таццянкі, разам з ёй ходзім у садок, сябруем з Валем і Кацяй, хварэем, перажываем маленькія і вялікія радасці і расчараванні. Хіба бываюць у дзяцей расчараванні і клопаты? Натуральна! На дзень нараджэння замест лялькі бацькі падарылі энцыклапедыю, разбіўся татаў любімы кубак, мама не разумее, як вясной можна гуляць у зіму... Таццянка становіцца добрай сяброўкай чытачу, распавядаючы свае гісторыі, шчыра дзеліцца думкамі і перажываннямі. Пісьменніца не іранізуе з сябе маленькай, а распавядае ўсё так, як было, як памятае.
«Якія могуць быць перажыванні ў дзяцей? Дзіцячыя кнігі мусяць быць толькі вясёлымі і забаўляльнымі! Ніякага суму!» — скажа скептык. А вось і не. Вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Заўсёды было весела? Калі памірала любімае кацяня, ламаліся цацкі, малодшая сястра так і старалася нашкодзіць, зімою трэба было рана ўставаць і ісці ў садок... Як і ў жыцці дарослых, у дзяцей таксама здараюцца свае трагедыі. І бадай самая вялікая з іх — расстанне і развод бацькоў. У гэтай сітуацыі дзіцяці, напэўна, складаней за ўсіх: жыццё ніколі не будзе ранейшым, а прычыны гэтых змен ніхто не можа патлумачыць. Калі разводзяцца бацькі, Таццянцы горка і сумна, аднак яе гісторыя можа дапамагчы іншым дзеткам, якія спачатку таксама не ведаюць, як перастаць абвінавачваць сябе і не плакаць начамі пад коўдрай.
Зрэшты, кажучы, што гэтая кніга стане добрым падарункам дзяўчынкам, я зусім не заклікаю хлопчыкаў байкатаваць выданне і не чытаць гісторыі Таццянкі. Думаецца, многім хлопчыкам хацелася б зазірнуць у свет загадкавых дзяўчынак. Усе гэтыя сукеначкі, банцікі, лялькі, туфлікі... Для хлопчыка гэта вельмі дзіўныя рэчы. Добра, калі ёсць малодшая ці старэйшая сястра і яе знаходжанне побач крыху набліжае свет дзяўчынак. А калі няма? Ці ўмеюць дзяўчынкі сябраваць? Ці балюча ім, калі тузаюць за коскі? Ці можна разам з імі гуляць? Маме ці бабулі такія пытанні задаваць няёмка. Тады хто падкажа? Адзін з варыянтаў адказу — Таццянка і кніга «Самы лепшы падарунак». Зрэшты, разводзяцца бацькі не толькі дзяўчынак. І разуменне таго, што ты не адзін апынуўся ў такім складаным становішчы, можа дапамагчы справіцца і прыняць новы лад жыцця.
Але калі адысці ад пытанняў гендару, не звяртаць увагі на даследаванні і стэрэатыпы, то варта падкрэсліць, што гісторыі Таццянкі — гэта вельмі лёгкая і сімпатычная кніга. Заўсёды прыемна ўспамінаць сваё дзяцінства, радавацца, прыгадваючы шчаслівыя моманты і смяяцца з перажыванняў, якія на той час падаваліся надзвычай важнымі: мама прымусіла апрануць нелюбімую сукенку, у садку патрэбна есці тушаную капусту, якая на смак падаецца горкай, зусім не атрымліваецца лятаць, як дзядзька ў тэлевізары. У кожнага з нас ёсць такія гісторыі. Калі іх успамінаеш, на душы становіцца цёпла-цёпла ці сумна-сумна (у залежнасці ад таго, добрыя гэта ўспаміны ці кепскія). Прыемна параўноўваць свае гісторыі з гісторыямі іншых дзяцей. Мы ўсе былі аднолькава маленькія, але кожны з нас быў па-свойму шчаслівы ці няшчасны. Спадзяюся, усё ж часцей шчаслівы.
Марына ВЕСЯЛУХА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».