Вы тут

Жыццё навыварат


З-за ўключанай на гаджэце камеры яно ў адзін момант можа стаць зусім не асабістым і далёка не прыватным

Студэнтка медкаледжа ў Казані прагнула славы — і яна яе займела. Праўда, падазраю, зусім не такую, аб якой марыла: яе выключылі з навучальнай установы, цяпер стаіць пытанне аб завядзенні на яе крымінальнай справы. Хаця ў нейкай ступені яна сваёй мэты дасягнула: у інтэрнэце на яе старонцы — тысячы праглядаў. Яно і не дзіва: дзяўчына выклала ў сацыяльнай сетцы фота з аперацыі, падчас якой яна была асістэнткай. Няспраўджаная медсястра вельмі дэталёва ў каментарыях апісала траўмы псіхічна хворай пацыенткі, якая выпала з акна шматпавярховага дома, а на фота пазіравала... з органамі гэтай самай пацыенткі ў руках.

Сюжэт — сапраўдная знаходка для журналістаў. Адны кінуліся ў той каледж, і зляканае кіраўніцтва рапартуе ў камеру, што ўсе будучыя медспецыялісты пройдуць псіхалагічнае тэсціраванне на прадмет выканання элементарнай прафесійнай этыкі (цікава, як яны будуць высвятляць, гатовы санітар ці медсястра фатаграфавацца на фоне хворага або пакалечанага чалавека ці не?). Другія тыкаюць мікрафонам у твар праваабаронцам, і тыя з энтузіязмам тлумачаць, што чалавек за падобныя дзеянні павінен падвяргацца самаму сур'ёзнаму пакаранню. Трэція запрашаюць у студыю псіхолага, і той пераканаўча разважае аб праблемах, якія ў раннім дзяцінстве адбіліся на цяперашніх паводзінах той «зоркі» інтэрнэту.

Шчыра кажучы, з усіх эмоцый, якія прыйшлі ўслед за гэтай інфармацыяй, самай моцнай было, бадай што, не абурэнне. Яно, канешне, было, як, напэўна, і ў кожнага нармальнага чалавека, але вельмі хутка саступіла месца страху. Як той казаў, прэцэдэнт — і не адзінкавы, калі паглядзець на тое, што творыцца ў сусветнай сметніцы пад назвай «сацыяльныя сеткі», — меў месца. Гарантыі, што твой стаматолаг ці, выбачайце, дамскі доктар не акажацца маральным вычварэнцам, абдзеленым увагай, які хоча займець гэту самую ўвагу хай сабе хоць у віртуальным свеце, няма ніякай. Выходзіць, нават засынаючы пад наркозам, расслабляючыся на масажы ці прыходзячы на прымерку ў атэлье, трэба быць вельмі пільным, бо смартфон ці айфон у пакоі — павышаная небяспека для асабістага прыватнага жыцця, якое з-за ўключанай на гаджэце камеры ў адзін момант можа стаць зусім не асабістым і далёка не прыватным...

Пра мараль тут размову весці ўвогуле бессэнсоўна — глабальнае сеціва — тэрыторыя, вольная ад маралі. Гэтаксама як і пра адказнасць, фінансавую або крымінальную, вялікая верагоднасць якой можа прымусіць задумацца тых, хто спрабуе дзеля ўласнай аднамінутнай славы напаскудзіць іншаму. «Інтэрнэт — гэта як плот, на якім напісана непрыстойнае слова: усе, хто ідзе міма, чытаюць, але ніхто не ведае дакладна, хто яго напісаў»... Гэтыя словы я пачула гадоў пятнаццаць назад ад шаноўнага прафесара Ясера Засурскага, які ўжо тады, на світанку глабалізацыі інфармацыі разумеў і папярэджваў, што яна за сабой пацягне. Нічога не змянілася, толькі да слоў на «плоце» дабавіліся непрыстойныя карцінкі, аўтарства якіх вылічыць проста немагчыма. Калі, вядома, сам аўтар гэтага не пажадае...

Але ж жадаюць! Дзяўчына, што зладзіла фотасесію ў аперацыйнай, не ўтойвала свайго імя, наадварот — яна хацела сабраць як мага большую колькасць «лайкаў» на свае крывавыя здымкі. Гэткая віртуальная публічнасць характэрная больш для падлеткаў, абдзеленых увагай блізкіх людзей, гавораць псіхолагі. Вывернуць жыццё — сваё або чужое, не важна, — перад шматмільённай аўдыторыяй імкнуцца недалюбленыя ў сям'і дзеці, да якіх няма справы самым родным людзям. Але ж гэта робяць і разумныя дарослыя — і іх віртуальныя ўчынкі часам зусім нельга патлумачыць і зразумець. Спецыялісты-»мазгаведы» тут таксама катэгарычныя: гэтыя дзядзькі і цёткі, што прагнуць публічнасці, — тыя самыя недалюбленыя дзеці, якія проста выраслі.

У такім выпадку ёсць чаго баяцца нам усім. Бо хутка вырастуць нашы дзеці. Якім ужо ў паўтара-два гады, каб адчапіцца, уключаем камп'ютар ці планшэт — разумную тэхніку, што, на нашу радасць, вельмі добра спраўляецца з абавязкамі нянькі. (А калі задумацца — нядрэнна замяняе і нас саміх.) З кім гэтыя дзеці будуць дзяліцца перажываннямі, горам, радасцю, назіраннямі — з татам і мамай, вечна занятымі сваімі справамі? Або з самым надзейным сябрам, які паказвае цікавыя мульцікі, спявае песні, расказвае казкі? У якім, як выявіцца крыху пазней, — мільён гэткіх самых сяброў, што шукаюць любові і ўвагі ў віртуальным свеце, не атрымаўшы гэтых простых рэчаў у рэальным...

Нядаўна з прыяцелем пайшлі ў тэатр. Спектакль быў цікавы, пагаварыць пасля было пра што. Ды не ўдалося: выйшаўшы на вуліцу, ён адразу ўключыў планшэт і пачаў на сваёй віртуальнай старонцы пісаць паведамленне аб сваім культурным паходзе, уражанні, размяшчаць фота... На ўсе мае спробы загаварыць адмахваўся: пачакай, маўляў, гэта ж тэрмінова. Махнуўшы рукой, я пакінула яго сам-насам з любімым суразмоўцам (сумняваюся, што ён гэта заўважыў). Назаўтра ён пазваніў, прасіў прабачэння, запрашаў да сябе ў госці на келіх віна. Адмовілася: зусім не хачу, каб пра тое, якое мы пілі віно, даведаўся ўвесь свет.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».