Вы тут

Дарагія рабочыя рукі...


Як сведчаць вынікі апытання, праведзенага Навукова-даследчым інстытутам працы ў арганізацыях розных формаў уласнасці, больш за 65% з іх адчуваюць дэфіцыт кадраў рабочых і служачых.

 10-26

10-26

 

— На жаль, рынак працы яшчэ не стаў прамым заказчыкам прафесіянальных адукацыйных паслуг, у выніку чаго марудна скарачаецца дыстанцыя паміж попытам рынку працы на кадры і прапановамі прафесійнай адукацыі,— паведаміў на калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай падрыхтоўцы кадраў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ. — У прагназаванні патрэб практычна не ўдзельнічаюць арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу. І заказы на падрыхтоўку кадраў не адлюстроўваюць патрэбы ў новых кваліфікацыях. Фактычна адсутнічаюць заяўкі на падрыхтоўку рэдкіх і малаколькасных прафесій.

Практыка сведчыць, што арганізацыі, якія зрабілі заказ на кадры, далёка не заўсёды забяспечваюць працаўладкаванне заказаных выпускнікоў і заказчыкі не нясуць адказнасці за заяўленую патрэбу. Пакуль сур'ёзных праблем з працаўладкаваннем выпускнікоў не ўзнікала. Так, у 2013 годзе атрымалі накіраванне на работу 97,8% выпускнікоў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і 96,2% з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Больш складана ідуць справы з замацаваннем маладых спецыялістаў на рабочых месцах...

На думку Віктара Богуша, гэта комплексная праблема. З аднаго боку, даводзіцца канстатаваць нізкі ўзровень арыентацыі выпускнікоў на будучую прафесійную дзейнасць. З іншага боку, замацаванню моладзі не спрыяе нізкая канкурэнтаздольнасць саміх рабочых месцаў, узровень заработнай платы і адсутнасць сацыяльнага пакета.

— Трэба максімальна задзейнічаць магчымасці наймальнікаў у прадастаўленні стымулюючых выплат, для вырашэння жыллёвых праблем і стварэння ўмоў для завочнага навучання маладых спецыялістаў ва ўстановах больш высокага ўзроўню адукацыі, — падкрэсліў Вадзім Богуш.

Летась мэтавы прыём на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі склаў усяго 6%, а на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 15%. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што больш актыўнае выкарыстанне мэтавай падрыхтоўкі дазволіць павысіць адказнасць наймальніка за сфарміраваны заказ і забяспечыць умовы для рэалізацыі дадатковых прэферэнцый для навучэнцаў, а затым і маладых спецыялістаў. Гэта можа быць выплата дадатковых стыпендый паспяховым навучэнцам, выплата разавых субсідый і матэрыяльнай дапамогі, прадастаўленне арэнднага жылля і г.д. Мэтавы набор трэба давесці ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі да 50%, а ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — да 30%.

За апошнія тры гады намецілася тэндэнцыя змяншэння напаўняльнасці прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, што цягне за сабой павелічэнне кошту падрыхтоўкі навучэнцаў. Так, выдаткі на аднаго навучэнца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, складаюць 26,6 млн рублёў у год, а выдаткі на падрыхтоўку аднаго навучэнца прафесійна-тэхнічнай установы складаюць 28,9 млн рублёў у год. Найменшыя выдаткі ў мінскіх навучальных установах, якія маюць большую напаўняльнасць.

Выдаткі на падрыхтоўку аднаго навучэнца прафесійна-тэхнічнай установы складаюць 28,9 млн рублёў у год.

Зараз працягваецца работа па скарачэнні тэрмінаў атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі з 1 года 6 месяцаў да аднаго года і з двух гадоў да 1 года 6 месяцаў. Па словах першага намесніка міністра адукацыі, змяншэнне тэрмінаў падрыхтоўкі рабочага ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі на паўгода скарачае бюджэтныя выдаткі на 14,5 млн рублёў на аднаго навучэнца ў год.

— Кошт падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўсіх краінах дастаткова высокі, таму ў многіх дзяржавах ствараюць умовы (прэферэнцыі) для прыцягнення да фінансавання адукацыйнага працэсу наймальнікаў усіх формаў уласнасці. Прымяняецца так званая дуальная сістэма. Дзяржава аплачвае развіццё ўстаноў адукацыі, падрыхтоўку па агульнаадукацыйных, агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплінах, а наймальнік бярэ на сябе вытворчае навучанне і практыку навучэнцаў. Мяркую, што надышоў час і нам абмеркаваць магчымасць укаранення такога механізму, — дадаў Вадзім Богуш.

Удзел у выязной калегіі Міністэрства адукацыі ўзяў прэм'ер-міністр Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. Кіраўнік урада выказаў незадаволенасць тым фактам, што ў галоўным адукацыйным ведамстве краіны не выканалі яго даручэнне па стварэнні сістэмы неперарыўнай падрыхтоўкі кадраў. Па меркаванні Міхаіла Мясніковіча, гэта павінен быць своеасаблівы вучэбны кластар ці холдынг, які аб'яднае рашэнне трох задач: падрыхтоўку рабочых кадраў, спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і кадраў з вышэйшай адукацыяй. У якасці прыкладу прэм'ер-міністр прывёў Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі.

Кіраўнік урада парэкамендаваў працаваць больш канкрэтна. «Міністэрства адукацыі не павінна выдаваць рэкамендацыі на ўсе выпадкі жыцця. Яму трэба браць больш адказнасці на сябе і прымаць кіраўніцкія рашэнні, можа быць, дзесьці нават навязваць свае патрабаванні», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?