Вы тут

Дранік-фэст па-магілёўску


Прапанову цэнтра гарадскіх ініцыятыў правесці ў Магілёве смачнае свята ў гонар папулярнай бульбяной стравы абедзвюма рукамі падтрымалі ва ўніверсітэце харчавання. Выбралі месца, прызначылі час і нават не чакалі, што зацікавіцца столькі народу. Ахвотнікаў паласавацца дранікамі было некалькі тысяч.

—Мы яшчэ напярэдадні зрабілі ў сваіх універсітэцкіх «кухнях» стратэгічны запас дранікаў,— усміхаецца намеснік загадчыка кафедры тэхналогіі вытворчасці прадукцыі грамадскага харчавання Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Вольга Мацыкава.— Усё тое, што мы са студэнтамі пяклі амаль цэлы дзень, з'елі за гадзіну.

Юрый Бубнаў частаваў гасцей у прафесарскай мантыі.

21-37

На смачныя пахі народ злятаўся як пчолы на мёд. Ужо стала традыцыяй праводзіць падобныя народныя святы ў аўтэнтычнай вёсачцы пачатку ХХ стагоддзя, якая схавалася ад гарадскога шуму ў глыбіні Пячэрскага лесапарку. Ёсць такі самабытны куточак у Магілёве, куды неабыякавы да народных традыцый магілёўскі прадпрымальнік звёз рубленыя хаты разам са свірнамі стагадовай даўніны, пабудаваў карчму і нават драўляную царкву. А галоўнае — зрабіў так, каб усім гэтым можна было карыстацца. Так лягчэй зразумець, як нашы продкі ўмелі абыходзіцца без цяперашніх дасягненняў цывілізацыі. Дранікі на свяце гатавалі ў вялікіх патэльнях пад адкрытым небам. Цагляныя мангалы пад навесамі прыйшліся вельмі дарэчы.

І вось гэтае народнае гулянне арганізавала невялікая групка энтузіястаў,— радаваўся прафесар кафедры гуманітарных дысцыплін універсітэта харчавання Юрый Бубнаў. У прафесарскай мантыі і капелюшы, падперазаны фартухом, ён ледзь паспяваў частаваць людзей духмянымі бульбянымі аладкамі.— Вельмі важна адраджаць нацыянальныя традыцыі, прапагандаваць такія патрэбныя і ганаровыя прафесіі кухара і кулінара. У Еўропе яны адны з самых прэстыжных. Мы таксама не павінны адставаць.

Якіх толькі дранікаў тут не было — са шпінатам, морквай і нават ласосем. Госці ўміналі ўсё запар, але эксперты выбралі самы смачны від дранікаў. За перамогу ў гэтых своеасаблівых спаборніцтвах змагаліся 4 каманды — тры з універсітэта харчавання і адна з Магілёўскага ліцэя № 10, дзе таксама «куюць кадры» для харчовай галіны. Свае кулінарныя веды прадэманстравала нават каманда навукоўцаў кафедры гуманітарных дысцыплін універсітэта, якая гатавала па рэцэпце дацэнта кафедры Васіля Жукава. Дарэчы, кухарылі яны пад шматабяцальнай назвай «Група дацэнтаў «Дранік».

Але перамаглі, зразумела, прафесіяналы: студэнты 4 курса, якія асвойваюць ва ўніверсітэце спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання». Іх дранікі прыйшліся даспадобы спрактыкаванаму журы. Дарэчы, сярод суддзяў была і прадстаўніца Літвы — выкладчыца ўніверсітэта прыкладных навук Крысціна Мантрымайце, якая прыехала ў Магілёў на стажыроўку.

—Мяне вельмі ўразіла творчасць удзельнікаў,— прызналася яна.— Яны гатавалі дранікі з гароднінай, прыправамі і нават рыбай. Атрымліваўся вельмі карысны, узбагачаны актыўнымі біялагічнымі рэчывамі прадукт.

У Літве дранікі звычайна называюць бульбянымі блінамі, але большай папулярнасцю, па словах госці, карыстаюцца цэпеліны. Калі цікава, запамінайце рэцэпт. Надзерці бульбу, адціснуць, дабавіць крыху крухмалу і адну трэцюю частку тоўчанай варанай бульбы. З бульбянога цеста лепяцца аладкі, усярэдзіну якіх кладзецца мясны фарш з перцам, соллю і смажанай цыбуляй. Апускаеце нарыхтоўку ў кіпень — і праз паўгадзіны можаце каштаваць.

21-36

Студэнты і дацэнты гатавалі побач.

21-38

 Вырабы майстроў карысталіся попытам

Застаецца дадаць, што на гэтым смачным свяце было шмат цікавага і акрамя дранікаў. Можна было паслухаць спевы фальклорных калектываў і набыць нешта цікавае ў народных майстроў. А яшчэ патанцаваць і падзарадзіцца добрым настроем на наступны тыдзень.

Арганізатары між тым абяцаюць праз год усё паўтарыць. І, магчыма, рассунуць межы да маштабаў інтэрнацыянальных. Крысціна Мантрымайце запэўніла, што такое магчыма. У Еўропе ёсць розныя святы, але гэтае — непаўторнае,— тут усё вельмі добра спалучалася: і самабытнасць, і настрой, і афармленне.

Самае цікавае, што ў свята не было ўкладзена ні рубля бюджэтных грошай. Спонсарамі сталі самі арганізатары і іх сябры. Напрыклад, сям'я Арцёменкаў з быхаўскай вёскі Абідавічы прэзентавала 5 мяшкоў бульбы. І такіх энтузіястаў знайшлося шмат.

Наша каманда не ўдзельнічала ў конкурсе, але актыўна дапамагала частаваць публіку,— адзначыў кіраўнік цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.— За свае грошы мы набылі аднаразовы посуд, адзін з нашых сяброў прывёз некалькі мяшкоў бульбы, і мы гатавалі на вачах у людзей. Дзякуй прадпрымальніку Сяргею Хмяльніцкаму, які бясплатна прадаставіў сваю тэрыторыю, шматлікім валанцёрам, якія падтрымалі нас. Першы фестываль быў пробны, але мы збіраемся і далей вытрымліваць яго фармат. Ён быў цалкам безалкагольны, на яго прыйшла па-сапраўднаму інтэлігентная публіка. Спадзяюся, такім станоўчым свята застанецца і далей.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».