Вы тут

Не «студэнт на практыцы», а ПЕДАГОГ


або Як зрабіць складанае простым і цікавым?

Што адчувае малады настаўнік, які ўпершыню пераступае парог школьнага класа, калі за ім зачыняюцца дзверы і ён застаецца сам-насам з некалькімі дзясяткамі пар дапытлівых вачэй? Страх, разгубленасць, няўпэўненасць, надзею ці, можа быць, задавальненне ад таго, што яго мара стаць настаўнікам, нарэшце, збылася? Маладыя педагогі прызнаюцца, што па першым часе ім зусім няпроста прызвычаіцца да таго, што завуць іх ужо не Каця або Сярожа, а Кацярына Аляксандраўна або Сяргей Уладзіміравіч, і што не іх зараз выклічуць да дошкі... Больш за тое, галоўнымі «дырыжорамі» ў дзіцячым аркестры павінны стаць менавіта яны...

Ці не таму Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў выклікае такую вялікую цікавасць з боку маладых педагогаў? І хоць у ролі яго арганізатараў выступаюць Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і мінская ж гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза, — фестываль застаецца адкрытым для ўсіх. Вось і на гэты раз у гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лідар» пад Мінскам з'ехаліся, акрамя сталічных педагогаў, настаўнікі з Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Плюс каманда педагогаў Масквы і Маскоўскай вобласці — усяго 14 каманд. Каля 100 маладых педагогаў пад кіраўніцтвам больш вопытных, і настаўнікі, якія ладзілі для моладзі вытворчыя майстэрні і педагагічную трыбуну...

Ускочыць у апошні вагон

— Гэта ўжо трэці фестываль, і ў нас няма ніякіх сумненняў, што будзе і 13-ты, і 30-ты, — падкрэсліў у сваім выступленні на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК. — Моладзь сёння вельмі мабільная, і каму, як не ёй, рухаць наперад інавацыйныя ідэі, у тым ліку і ў галіне педагогікі. Два папярэднія фестывалі паказалі, што зносіны паміж маладымі педагогамі вельмі важныя, гэта выдатны спосаб падзяліцца сваім вопытам і ідэямі, сваімі пытаннямі, сумненнямі і праблемамі. А яшчэ наведаць майстар-класы лепшых беларускіх і расійскіх педагогаў.

Напрыклад, адзін з майстар-класаў, разлічаны на маладых настаўнікаў матэматыкі, фізікі і інфарматыкі, называўся «Як зрабіць складанае простым і цікавым?» Падчас майстар-класа «Гульня — справа сур'ёзная» педагогаў вучылі прымяненню на ўроках замежнай мовы гульнявых метадаў. Філолагам былі прадстаўлены магчымасці сучаснага ўрока літаратуры. А яшчэ былі шматлікія метадычныя мерапрыемствы, інтэрактыўныя гульні, работа ў студыі прафесійнага самаўдасканалення педагогаў «РОСТ» і нават хатняя работа для настаўнікаў — падрыхтоўка за ноч 15-хвіліннага ўрока для дэманстрацыі на сцэне.

Патрабаванняў да мінімальнага прафесійнага стажу на фестывалі не ўстаноўлена, таму стаць яго ўдзельнікамі маглі і зусім «юныя» педагогі з двухмесячным вопытам работы, якія толькі-толькі прыступілі да працы. (Да слова, сярод сёлетніх удзельнікаў такіх было вельмі шмат.) А вось верхняя планка ёсць — тры гады работы ў сістэме адукацыі. Многія з удзельнікаў фестывалю, якія прыехалі ўжо ў трэці раз, шкадуюць, што гэта іх апошняя магчымасць акунуцца ў незабыўную творчую атмасферу аднадумцаў.

30-26

30-26

 

Каманда маладых педагогаў Віцебскай вобласці фатаграфуецца на памяць

з сімвалам фестывалю. Зялёны яблык — намёк на маладосць яго ўдзельнікаў.

«Эксклюзіўнасць» мужчын

Асобным пунктам у праграме стаяў «круглы стол», удзельнікі якога спрабавалі знайсці адказы на пытанні, як сфарміраваць пазітыўны прафесійны імідж сучаснага настаўніка, як прыцягнуць у школу большую колькасць мужчын і што трэба зрабіць, каб малады спецыяліст, які прыйшоў у школу, адчуў, што яго там чакалі.

— Значэнне мае ўсё. Як сустрэлі яго ў педагагічным калектыве? Якія стварылі ўмовы? Натуральна, што ў педагога-пачаткоўца ўзнікае шмат пытанняў пры падрыхтоўцы да ўрока, пры запаўненні дакументацыі, арганізацыі выхаваўчай работы і гэтак далей. Ці не пакінулі яго сам-насам з гэтымі праблемамі больш вопытныя педагогі? А калі ў калектыве няма яркіх асоб, прафесіяналаў, на якіх маладому настаўніку хацелася б раўняцца, то і шанцы, што ён застанецца пасля двух гадоў адпрацоўкі па размеркаванні, — невысокія, — падзяліўся сваім меркаваннем Міхаіл Мірончык.

— Што б мы ні казалі, але для мужчыны, які ўтрымлівае сям'ю, галоўным матывуючым фактарам застаецца заробак, — выказаў свой погляд на прычыны зыходу з сістэмы адукацыі мужчын настаўнік фізікі гімназіі №5 г.Баранавічы Андрэй Любас. — Менавіта для мужчын перспектывы кар'ернага росту ў адукацыі вельмі нядрэнныя. Але калі малады спецыяліст атрымлівае
2 млн 800 тысяч рублёў, то можна з вялікай верагоднасцю прадказаць, што ўтрымаць яго ў школе будзе праблематычна.

Кар'ера маладога настаўніка гісторыі з Бабініцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна Аляксандра Прохарава — наглядны прыклад таго, што мужчына ў школе проста не можа застацца незаўважаным, нават па прычыне сваёй «эксклюзіўнасці». Ужо праз 1,5 года яму прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Але і ў яго ёсць пытанні.

— У гісторыкаў, у адрозненне ад тых жа фізікаў, невялікая нагрузка, — падкрэслівае ён. — А працуючы на стаўку, шмат грошай не заробіш. Мой сябар пасля заканчэння ўніверсітэта год адпрацаваў у школе, але затым год служыў у войску. Зноў вярнуўся на работу ў школу і за верасень атрымаў 2 млн 400 тысяч рублёў. Няўжо ж гэта грошы для 25-гадовага мужчыны?

Увогуле, калі мужчына-педагог ідзе служыць у войска, то, хутчэй за ўсё, у сістэму адукацыі ён ужо не вернецца. Усе гэта разумеюць. Добра, калі ва ўніверсітэце ёсць ваенная кафедра, бо ў гэтым выпадку можна атрымаць пагоны лейтэнанта паралельна з педагагічнай адукацыяй. Але ж такія кафедры адсутнічаюць у многіх ВНУ, дзе рыхтуюць педагогаў.

30-25

30-25

 

Сімвал фестывалю, які ўручаецца кожнай камандзе.

Статус і аўтарытэт

— Безумоўна, нельга казаць пра статус педагога, скідваючы з рахункаў заробкі, — пагадзіўся Міхаіл Мірончык. — У сталіцы педагогі атрымліваюць штомесячныя даплаты ў памеры ад 390 тыс. да 520 тыс. рублёў (калі настаўнік з'яўляецца яшчэ і класным кіраўніком). Зараз мы рыхтуем прапановы аб павелічэнні сумы даплат на наступны год.

Як вядома, у краіне працуе рабочая група па комплексным аналізе стану спраў у сістэме адукацыі пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка. І ў хуткім часе на стол кіраўніка дзяржавы лягуць падрыхтаваныя рабочай групай прапановы, у тым ліку і па заработнай плаце, і па аплаце работы класных кіраўнікоў. Пакуль што статус класных кіраўнікоў не замацаваны ніводным нарматыўным дакументам, а аплату іх работы можна лічыць сімвалічнай.

Але, на думку кіраўніка сістэмы сталічнай адукацыі, імідж педагога залежыць не толькі ад ўзроўню яго заробку:

— У нашых з вамі сілах павярнуць да сябе грамадскасць і прымусіць паважаць сябе. Сёння нават маладыя бацькі спрабуюць даваць свае рэкамендацыі і вучыць настаўніка таму, як вучыць, чаму вучыць і якім па ліку павінен стаяць у школьным раскладзе той ці іншы ўрок... Настаўнікі, безумоўна, павінны захоўваць карэктнасць, але мяжа павінна існаваць. Як у медыцыне, дзе ўрач пускае пацыента і яго сваякоў на сваю тэрыторыю толькі да пэўнай рысы. А далей ужо ніхто не перашкаджае яму выконваць прафесійныя функцыі і абавязкі.

Мы павінны фарміраваць у бацькоў павагу да сябе як да асобы і павагу да справы, якой мы займаемся. Прэстыжнай прафесію педагога робяць у першую чаргу людзі, якія выконваюць самую важную місію на Зямлі. Настаўнік павінен быць аўтарытэтам. А бацькі павінны стаць нашымі партнёрамі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».