Вы тут

Непрыватнае жыццё


Да мяне амаль штодзень ходзяць дэлегацыі. З домакіраўніцтва, з міліцыі, з камісіі па справах непаўналетніх, з інспекцыі па іх жа справах. А яшчэ псіхолагі і настаўнікі з суседняй гімназіі разам са спецыялістамі па апецы аддзела адукацыі мясцовай адміністрацыі...

Справа ў тым, што побач са мной жывуць людзі, якія ствараюць шмат праблем навакольным і сабе ў першую чаргу. А ўсе тыя, хто павінен адказваць на шматлікія скаргі жыхароў пад'езда, імкнуцца разабрацца з сітуацыяй. Праўда, заканчваецца ўсё аднолькава. Пастукаюць у дзверы, пазаклікаюць гучна да сумлення, пастаяць-параюцца, што рабіць далей — і звоняць у мае ці суседскія дзверы. Пагутарым, акты падпішам і разыдземся, як той казаў, шылам круп наеўшыся. Нельга сказаць, каб адказныя асобы не рэагавалі на пісьмовыя і вусныя запыты грамадзян, аднак яны сапраўды не могуць на свае вочы праверыць факты, пра якія пішуць усе суседзі — бо ім проста не адчыняюць дзверы тыя, на каго сыплюцца скаргі. І не рэагуе ніхто на пісьмовыя заклікі прыйсці ў адміністрацыю, аплаціць штрафы і гэтак далей. Не, мае суседзі не п'юць, як вы падумалі. Зусім. І тым не менш, іх «высокія» адносіны сталі здабыткам занадта вялікага кола людзей.

23 гады таму, калі мне давялося пасяліцца тут, з-за сцяны пастаянна чула высвятленні ўзаемаадносінаў паміж маці і дачкой. Ну, сварыліся яны гучна паміж сабой час ад часу — дык хто ж не сварыцца? Але ж нарадзіла Вольга 9 гадоў таму хлопчыка. Нядоўгі час было зацішша — бо з'ехала мая суседка да бацькі дзіцяці, і ўсе парадаваліся. За гаспадыню кватэры Альбіну Ніканораўну, якая нарэшце ў спакоі правядзе старасць. За яе дачку — уладкуе нарэшце сваё асабістае шчасце. Апошняе, відаць, не атрымалася, бо вярнулася жанчына дадому разам з малым. Вось тут усё і аднавілася з утроенай сілай.

Вам, напэўна, цікава, што ж яны падзяліць так гучна не могуць. Высветлілася, што, напрыклад, пасудзіну, якая стаіць не ў тым месцы, дзе ёй вызначана. Ці цыбулю, якая пакладзена не так, як трэба, ці погляды на выхаванне ніяк не сыдуцца. Ну і гэтак далей. Як бачыце, вельмі сур'ёзныя падставы для раздору. Дарма ўсміхаецеся — жанчына, як вядома, пры жаданні можа зрабіць з нічога салату, капялюшык і скандал. У апошнім мае суседкі дабіліся такіх поспехаў, што ўжо і не здагадваюцца аб наяўнасці іншых спосабаў высвятлення адносін, чым лямант. Тым больш што ў гэтай гісторыі ёсць дзіця — яшчэ адна падстава, каб паспрачацца. Дарэчы, малы ўжо асвоіў лексічны запас з двух дзясяткаў слоў і хутка ўключаецца ў размовы на высокіх дэцыбелах. Скандалы, як правіла, адбываюцца апоўначы або раніцай. Да крыкаў «Дапамажыце, выратуйце!» мы амаль прызвычаіліся.

Між тым усё вышэйпералічанае не стала б прычынай канфлікту з жыхарамі пад'езда, калі б не... каты. 42-гадовая жанчына пачала прыносіць дадому ўсіх няшчасных мурзікаў, якія ёй трапляліся на шляху. Ну, вы ўжо ўявілі, што далей. Вадкасць, якая выцякае з-пад дзвярэй, мае пах, якім араматызавана прастора не толькі іх кватэры, але і наваколля. Гэта стала апошняй кропляй. Суседзі паасобку і згуртавана пачалі пісаць скаргі ў самыя розныя інстанцыі. І, зразумела, паўстала пытанне: як у такіх умовах жыве непаўналетні?

Так і жыве. З мянушкай «Маўглі». Не жарт. Маленькі трэцякласнік з зацкаваным позіркам ні з кім не вітаецца, а ў сваёй кватэры дае ўсім жару — па прыкладзе сваякоў. У старэйшай гаспадыні энергіі і здароўя з часам паменшылася, дык унук кампенсуе. Закон захавання энергіі ў дзеянні!

Мне вельмі доўга было іх усіх шкада. Час ад часу давала прытулак Вользе з дзіцем, калі маці асабліва гучна яе даставала. Яна плакала і скардзілася на непаразуменне. Час ад часу спакойна гутарыла з Альбінай Ніканораўнай. Мае парады пра тое, што ім усім трэба навучыцца наладжваць стасункі і лягчэй гэта зрабіць з дапамогай спецыяліста, былі міма вушэй. Ну раз'едзьцеся, калі жыць разам не можаце, казалі суседзі. Але відавочнае вырашэнне праблемы ім абедзвюм здаецца невырашальным. Проста таму, што ўсе супраць. Разменьваць маленькую двухпакаёўку старая не хоча, а маладая баіцца страціць права на жыл-

плошчу, калі часова пакіне яе. Прастору падзялілі і на пакоі павесілі замкі. Толькі вулічныя каты ў кватэры гэтага не зразумелі.

Псіхолагі і педагогі кажуць, што Дзіма замкнуты, не ўмее наладжваць стасункі ні з аднагодкамі, ні з дарослымі. Сёння яны ставяць пытанне пра немагчымасць выхавання хлопчыка ў сям'і. Але, паводле слоў намесніка камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Ірыны Прач, падстаў для гэтага няма:

— Дарослыя ў сям'і не п'юць. Далі даручэнне Вользе Пятроўне — пазбавіцца ад лішняй колькасці жывёл. Папрасілі яе прынесці даведку, што яна афіцыйна працуе. Пакуль такіх дакументаў у мяне няма. Дарэчы, мы ніяк не можам праверыць, колькі жывёлін у кватэры. Вось бачыце, чарговы раз прыйшлі — і ніхто дзверы не адчыняе. Ходзяць сюды і з міліцыі, і з домакіраўніцтва, і з гімназіі... Мы думалі, што ў яе псіхіка з адхіленнямі — прасілі заключэнне медыкаў. 9 філіял гомельскай паліклінікі даў заключэнне, што яна можа выконваць абавязкі маці. А вось санітарныя ўмовы мы праверыць не можам, бо ў кватэру нікога не пускаюць.

Між тым Вольга, якая мае вышэйшую адукацыю эканаміста, нідзе афіцыйна не працуе. Некаторыя гавораць — нелегальна прыбірае ў адным з жыллёвых кааператываў, некаторыя — у вядомай сетцы касметыку распаўсюджвае. Сама яна цяпер увогуле суседзяў пазбягае і імкнецца прашмыгнуць па пад'ездзе так, каб яе не заўважылі. Гаворыць блытана, пры гэтым аргументаў іншых не чуе ўвогуле:

— Яны ўсе мяне цярпець не могуць. У кожнага сваё жыццё, навошта лезці ў чужое? Я не чую ніякага дрэннага паху ў пад'ездзе. Я нікога не чапаю. Мы з маці чужыя людзі. Калі я пайду з кватэры, я яе страчу. У мяне выйсця няма. У кожнага ў сям'і ёсць свае праблемы, чаго да мяне прычапіліся? Я такая, як ёсць, навошта мне змяняцца?

Калі размова зайшла пра сына, Вольга прызналася:

— Ён ужо да мяне прымяняе сілу. А што я зраблю?

Камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Савецкага раёна дзейнічае ў межах існуючага заканадаўства. Апошняе, што ёю зроблена — на імя Вольгі пасланы чарговы ліст з апавяшчэннем аб тых дзеяннях, якія зроблены ў дачыненні сям'і. Не выключана, што ён вернецца назад, як і папярэднія — «у сувязі з немагчымасцю ўручэння». Проста таму, што, як заўсёды, ніхто не адчыніць дзверы кватэры.

— Каб забраць дзіця з сям'і, трэба мець законныя падставы: зафіксаваць, што ёсць пагроза яго жыццю і антысанітарыя, — нагадвае Ірына Прач. — Для гэтага неабходна трапіць у кватэру. Дзверы ж нам не адчыняюць.

Канца ў гэтай гісторыі няма. Калі меркаваць па крыках з-за сцяны, ён можа наступіць у любы момант для любога з членаў «вясёлай» сямейкі. Тым часам Дзіма, выхаваны ва ўмовах «узаемаразумення», праз некалькі гадоў сам непазбежна стане пагрозай для ўсяго пад'езда. А потым у каментарыях пад рэпартажам аб сямейных разборках з трагічным фіналам некаторыя будуць пісаць: «Куды глядзелі праваахоўнікі? Чаму суседзі не рэагавалі»...

Высветліцца, што рэагавалі. Згодна з законам. Толькі каму будзе лягчэй ад гэтага?

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.