Вы тут

«Сёння больш прыстойная публіка прыйшла»


На Мінскім агульнагарадскім кірмашы вакансій суіскальнікаў працоўных месцаў стала значна больш

— Гэтыя курсы бясплатныя? — цікавіцца светлавалосая маладая жанчына, якая стаіць ля стэнда з надпісам «Навучанне беспрацоўных грамадзян».

— За іх плаціць дзяржава, — адказваюць ёй.

— І гэта спіс прафесій, у якіх дзяржава зацікаўлена? — удакладняе жанчына.

— Гэта спіс прафесій, у якіх зацікаўлены канкрэтна Мінск.

31-38

Падыходзім бліжэй, глядзім: кіроўца пагрузчыка, кладаўшчык, кантралёр-касір, кіроўца тралейбуса, ліфцёр, аператар кацельні, кухар, трактарыст, швачка, электрагазазваршчык, цырульнік і майстар па манікюры... Не трэба мець сямі пядзяў у лбе, каб зразумець, што сталіца востра мае патрэбу ў першую чаргу ў рабочых спецыяльнасцях. А што шукаюць суіскальнікі?

— Падыходзяць шмат, але ўсе хочуць працаваць ІТР (інжынерна-тэхнічнымі работнікамі), а нам як паветра патрэбны рабочыя рукі, — кажуць прадстаўнікі Мінскага трактарнага завода. — Прыбіральшчыцы патрэбны... І заробак на многіх вакансіях варты, але не хочуць людзі ісці ў цэх. Цяпер вышэйшая адукацыя вельмі даступная, дыпломам нікога не здзівіш, а вось знайсці талковага рабочага складана. Ці вось падыходзіць здаровы мужык і пытаецца: «Можна ў вас уладкавацца ахоўнікам?»...



Ля суседняга стэнда абмяркоўваюць нядаўняе выступленне Прэзідэнта на нарадзе па праблемах занятасці і міграцыі ў краіне, у якім ён прайшоўся наконт дармаедаў:

— Пасля гэтага выступлення зусім іншыя людзі пайшлі на наш кірмаш, — кажа адна супрацоўніца. — Я ўвесь час працую на такіх кірмашах. Сёння больш прыстойная публіка, хоць ёсць з кім пагутарыць. А то ў тыя разы ў асноўным школьнікі прыходзілі або асобы, якіх міліцыя прыводзіла. Цяпер хоць можна кагосьці выбраць. Ды і сёння вельмі шмат людзей, нават прыемна працаваць...



Па накіраванні службаў занятасці з пачатку бягучага года ў арганізацыі сталіцы працаўладкаваны 8,1 тысячы гараджан, з іх 4,9 тысячы беспрацоўных. Прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, была арганізавана для 646 чалавек. Да ўдзелу ў аплатных грамадскіх работах прыцягнуты 1,7 тыс. жыхароў сталіцы, з іх 1,2 тыс. беспрацоўных.

 

Ля стэнда Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці яго прадстаўнікі распавядаюць:

— У нас курсы мэтанакіраваныя — вось гэтыя навучаць кроіць штаны, а гэтыя — спадніцы. Ёсць курсы па фларыстыцы, вышыванні...

— А які дакумент выдаецца па заканчэнні? — цікавіцца маладая дзяўчына.

— Сертыфікат дзяржаўнага ўзору. Але гэта ўсё платныя курсы. Калі хочаце бясплатныя, ідзіце па накіраванні Цэнтра занятасці на курсы па шыццю, дзе навучаць і кроіць, і шыць. Пяць месяцаў вучыцеся — і мы вас працаўладкуем, — звяртаецца супрацоўніца да жанчыны сярэдніх гадоў з яркім шалікам на шыі.

— Гэта мой сваяк з Украіны прыехаў, а яго жонка — швачка, але без адукацыі. Дык я даведваюся для яе, — кажа тая.

— Вось вам кантактныя тэлефоны, тэлефануйце...



У базе даных службы занятасці сталіцы сёння налічваецца каля 19 тысяч вакансій, прычым 73% з іх — рабочыя спецыяльнасці, кажуць спецыялісты. Найбольшую патрэбу ў кадрах адчуваюць арганізацыі будаўніцтва (30%), прамысловасці (18%), аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг (12%).

31-36

Высокае мастацтва таксама мае патрэбу ў рабочых руках: Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Я.Купалы патрабуюцца электраманцёр, слесар па вентыляцыі, галоўны энергетык, інжынер-электронік, каб абслугоўваць пад'ёмна-транспартныя механізмы сцэны. Ля стэнда з пералікам гэтых вакансій стаіць немаладая жанчына і расказвае прадстаўнікам тэатра пра сябе. З размовы становіцца зразумела, што яна пенсіянерка, па адукацыі інжынер-электрык, скончыла Кіеўскі інстытут грамадзянскай авіяцыі. Прыехала ў Мінск з Узбекістана, дзе жыла да гэтага шмат гадоў, і шукае сабе працу.

— А як наогул там людзі жывуць? — цікавіцца ў яе мужчына ў акулярах.

— Не вельмі добра. Таму і раз'язджаюцца.

— Горш, чым мы?

— Вы тут  як сыр у смятане! Я ўжо паўтара года тут жыву, дык я атрымліваю асалоду ад тутэйшага жыцця.

— Вы збярыце дакументы і прыходзьце да нас як-небудзь, пагаворым больш прадметна, — усміхаецца ёй прадстаўніца аддзела кадраў тэатра.



Сярэдні ўзровень аплаты працы па заяўленых вакансіях складае 4,3 млн рублёў. Пры гэтым у 23% вакансій заяўлены заробак не перавышае 3 млн, а 11% вакансій прапануюць заробак, большы за 6 млн рублёў.

31-37

Каля стэнда гасцінічна-рэстараннага комплексу Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі тлумачаць:

— Гэтыя вакансіі толькі для асоб з групай інваліднасці, гэта спецыяльна адведзеныя для іх месцы.

— Трэба ж, а я ўвесь час спецыяльна старалася, каб мне з маімі хваробамі не далі інваліднасці... Так бы цяпер працу знайшла... — кажая адна з наведвальніц кірмашу.

У лік найбольш высокааплатных увайшлі асобныя прапановы па вакансіях муляр (14 млн), абліцоўшчык-плітачнік, тынкоўшчык, маляр, страхар (па 12 млн), машыніст электрацягніка (11,4 млн), тэсціроўшчык праграмнага забеспячэння (27 млн), інжынер-праграміст (26 млн), менеджар па інфармацыйных тэхналогіях (24 млн), менеджар па знешнеэканамічных сувязях (19 млн), шэф-кухар (15 млн).

 

На кірмашы вакансій размясціліся асобныя стэнды з вакансіямі не толькі для інвалідаў, але і для студэнтаў і пенсіянераў. Сюды прыйшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Мінска, з якімі мог пагутарыць кожны ахвотны. Наведвальнікі маглі атрымаць кансультацыю спецыялістаў службы занятасці па пытаннях працаўладкавання, рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных, прафесійнага навучання, прадастаўлення субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Святлана Бусько.

 

— Мне б мулярам уладкавацца... — 52-гадовы Васіль Аркадзьевіч спыніўся каля стэнда электрамеханічнага завода «Агат». — Які ў вас заробак?

— Пяць мільёнаў. Прадпрыемства ў цэнтры горада, зарплата стабільная. Прыйшоў, адпрацаваў і пайшоў, — пералічвае ўсе выгады працы ў іх прадстаўнік прадпрыемства. — Вы цяпер не працуеце?

— Падпрацоўваю пакуль дзе прыйдзецца, цяпер вось траншэі капаем... — няпэўна адказвае той і адыходзіць.

На мінскім агульнагарадскім кірмашы вакансій шматлюдна. У зале стаіць гул соцень галасоў. Прадстаўнікі мінскіх прадпрыемстваў і шукальнікі працы прыглядаюцца
адзін да аднаго.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.