Вы тут

Калядны настрой


Як выглядаў тэатр у канцы XІX стагоддзя

Часам можна трапіць у машыну часу. І перанесціся на месца тых гістарычных падзей, якія хацелася б убачыць. Гэта ўдалося ажыццявіць тым, хто днямі завітаў у Нацыянальны акадэмічны тэатр Янкі Купалы. Там мы змаглі ўбачыць спектакль «Сфінкс», якім гэты тэатр адкрываўся ў далёкім 1890 годзе.

4-2

 

Спектаклем «Сфінкс» у далёкім 1890 годзе адкрываўся Купалаўскі тэатр.

Ва ўсім вінаваты «Сфінкс»

Калі падлічыць, то «Сфінксу» на айчыннай сцэне ўжо 124 гады, як і самому тэатру, які, дарэчы, заснаваў знакаміты гарадскі галава Ян Караль Чапскі. Ён жа калісьці выкупіў піўны бровар, што цяпер называецца «Аліварыя» і святкуе 150‑годдзе. Свой юбілей прадпрыемства адзначыла пастаноўкай спектакля «Сфінкс», шыкоўным фуршэтам для ўсіх (!) гледачоў, а таксама выхадам новага гатунку піва «Аліварыя Каляднае», якое зрабілі ў абмежаванай святочнай серыі. Зразумела, і новае піва госці змаглі прадэгуставаць — вярталіся дадому ну вельмі вясёлымі і задаволенымі!..

Але для тых, хто любіць не толькі піва, або не піва, а ўласна тэатр, гэты вечар быў таксама добрым. «Сфінкса» напісаў калісьці французскі драматург, паслядоўнік Жорж Санд Актаў Фельеж. У п'есе прадстаўлена модная ў тыя часы тэма ракавых жанчын. Лепшая сяброўка галоўнай гераіні, яе амаль «старэйшая сястра», закахалася ў яе мужа. Муж, як высветлілася, таксама яе кахае. Сцэна прызнання паміж імі адбылася акурат у прысутнасці маладой жонкі… Развязка адбываецца пры дапамозе «сфінкса» — яду ў пярсцёнку ракавой жанчыны, атрыманага ёй ад аднаго са шматлікіх прыхільнікаў.

Можа, і не такі актуальны для нашых часоў гэты сюжэт. Але… дзе купалаўцы, там свята. Прыемна было назіраць за ігрой акцёраў, за тым напалам жарсцяў, якія віравалі на сцэне.

Як пан Рапапорт крэдытора перахітрыў

Госці, якія прыйшлі на гэты вечар, змаглі даведацца, што тэатр канца XІX стагоддзя — гэта не толькі драматычныя п'есы. Акурат побач з Купалаўскім (на той час Мінскім гарадскім тэатрам), на рагу вуліцы Юр'еўскай, калісьці знаходзіліся тэатр-вар'етэ і рэстаран для заможных мінчукоў. Там можна было не толькі пачаставацца рознымі далікатэсамі, але і ўбачыць самыя неверагодныя музычныя і тэатральныя нумары. Калі прыгадаць, то ў той час 52% жыхароў сталіцы складалі яўрэі, таму іх культура стала неад'емнай часткай культуры Беларусі на доўгія гады.

Акцёры Купалаўскага тэатра паказалі гледачам яшчэ і шмонцэс — (яўрэйскі анекдот) пад назвай «Містыка фінансаў». Ролі выконвалі народныя артысты Беларусі Сяргей Журавель і Віктар Манаеў. Дзея, якую надзвычай удала разыгралі акцёры, адбывалася паміж яўрэямі-гандлярамі. Рапапорт быў вінен Гіршу 800 злотых, і той прыйшоў патрабаваць пазыку. Гутарка, якая адбылася паміж хітрымі гандлярамі, аказалася надзвычай дасціпнай. Адзін звярнуўся да другога: «Пане Рапапорце, 800 злотых — гэта не тая сума, якую можна не аддаваць. Можна не аддаваць 10 злотых. Калі зусім бессаромны, можна не аддаваць 20 злотых. Аднак кожная пазыка, большая за 100 злотых, робіцца справай гонару! Пан гэта павінен разумець, бо пан гандляр». Аднак высветлілася, што даўжніка голымі рукамі не возьмеш, ён адказаў: «У мяне іншы погляд на гэту справу. Для мяне 800 злотых — тая сума, якую аддаваць нельга. Ну можна аддаць 10 злотых. Калі быць надта легкадумным, можна аддаць 20 злотых. Аднак доўг, большы за 100 злотых, робіцца проста фікцыяй! Пан павінен гэта разумець, бо пан гандляр». Крэдытор усё ж вырашыў не здавацца і паспрабаваў прыкінуцца беднай авечкай: «Пан павінен мне аддаць, бо я сам вінен Гутману. А яго «душыць» Ройтман. Ройтман таксама не можа чакаць, бо ён вінен Рабіновічу». Рапапорт хацеў было пачаць пярэчыць, але тут да яго дайшло: «Рабіновіч чакаць не можа, бо ён вінен мне! А я чакаць не буду. Вы ж самі хочаце, каб я вам хутчэй аддаў пазыку. Я пазычыў Рабіновічу, ён — Гутману. Гутман — Ройтману, Ройтман — вам. А вы пазычылі мне. І ніхто гэтыя грошы не патраціў?! І ні ў кога іх няма?! Дзе мае 800 злотых?! Гэта і ёсць містыка фінансаў». Далей даўжнік пачаў разважаць пра тое, што менавіта так узнік сусветны фінансавы крызіс: «Амерыка пазычыла Англіі, Англія — Германіі, Германія — Францыі, Францыя — Італіі, Італія — Швейцарыі, Швейцарыя — Англіі, Англія — Амерыцы». «Дык у каго ж грошы?!» — у роспачы выкрыкнуў крэдытор. «Натуральна выходзіць, што ў нас, — спакойна адказаў Рапапорт. — Бо мы нікому не пазычалі. І нам ніхто не пазычаў». Нічога не заставалася рабіць Гіршу, як толькі дадаць: «Я ведаю адзін выхад… Праз дзверы дадому». З іранічнай усмешкай гаспадар дадаў: «Ну вось, вы зразумелі сітуацыю. Няхай пан зноў прыходзіць нагадаць пра грошы, яшчэ пагаворым».

Хто разгадае Харланчука?..

Аднак і на гэтай вясёлай ноце тэатральны вечар не скончыўся. Гледачам паведамілі, што ў тэатры-вар'етэ калісьці штодня іграў струнны аркестр з 15 музыкантаў (аркестр, хоць і не такі вялікі, іграў і цяпер). Выступалі тады таксама цыганскі хор, танцавальная група і куплетысты. Праграма выступленняў змянялася кожныя 5 дзён — відаць, сапраўды любілі тагачасныя мінчукі павесяліцца.

У наш жа час у ролі аднаго з такіх «элеганцкіх» выканаўцаў выступіў акцёр Павал Харланчук з нумарам «Крыжаванка». Павал проста чытаў пад музыку яшчэ адну не толькі вясёлую, але і павучальную гісторыю. Але як ён рухаўся! Апрануты ў паласаты касцюм, стыльны саламяны капялюш ды з палачкай у руках — ён быў сапраўдным тагачасным франтам. Рухі гэтага акцёра проста заваражылі, узялі ў палон усіх гледачоў. Іначай як талентам ад Бога і прафесіяналізмам тое, што ён рабіў, не назавеш.

Дзею гэтага вечара чакаў далейшы, арыгінальны і вясёлы працяг. На сцэну выйшлі бравыя хлопцы з куфлямі піва. Яны так бадзёра і гучна спявалі, што сарвалі бурныя авацыі залы. Следам за імі на сцэну выйшлі… дзве «казы»! Пару хвілін неразумення — і прысутным патлумачылі, што новы гатунак піва называецца «Каляднае». Усе з палёгкай і радасцю ўсміхнуліся: «Ну трэба ж было такое прыдумаць…»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».