Вы тут

Кантракт — не пуга, а крыніца дадатковых гарантый,


або Як можна павысіць сацыяльны дабрабыт педагогаў

Як паказаў праведзены Беларускім прафсаюзам адукацыі і навукі маніторынг кантрактнай формы найму, у першым паўгоддзі гэтага года кантрактамі былі ахоплены больш як 80% работнікаў галіны.

4-38

4-38

 

— Ёсць некалькі акалічнасцяў, якія не могуць нас не радаваць, — прызнаецца галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса МАНЮК. — Па-першае, гэта ўстойлівы рост так званых доўгатэрміновых кантрактаў. Калі тэрмінам на адзін год было заключана толькі крыху больш за 21% ад агульнай колькасці кантрактаў, то колькасць кантрактаў тэрмінам на 5 гадоў дасягнула амаль 40%. Зразумела, што калі наймальнік прапануе свайму работніку максімальны тэрмін дзеяння кантракта, гэта выклікае ў педагога адчуванне большай стабільнасці, упэўненасць у заўтрашнім дні. Так, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях на пяцігадовы тэрмін заключаны 49,1% і 47,5% кантрактаў адпаведна.

Другая станоўчая тэндэнцыя — умацаванне ў кантрактах сацыяльных гарантый і ўключэнне ў іх дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання, прадугледжаных Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны».

Гэта стала магчымым дзякуючы настойлівасці як выканаўчай улады, нашых сацыяльных партнёраў (Міністэрства адукацыі, упраўленняў, аддзелаў адукацыі выканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і, безумоўна, наймальнікаў) — так і прафсаюзнага боку, што ўздымаў вышэйзгаданую праблему на ўсіх узроўнях. Там, дзе разумеюць неабходнасць дадатковай сацыяльнай падтрымкі работнікаў, як правіла, знаходзяць і магчымасці для гэтага.

Так, практычна ва ўсіх рэгіёнах Віцебскай вобласці ў больш за 94% кантрактаў з работнікамі сістэмы адукацыі прадугледжаны дадатковы заахвочвальны водпуск з захаваннем заработнай платы працягласцю ад 1 да 5 дзён. У 88,6% кантрактаў занатавана павышэнне тарыфнай стаўкі больш за 10%. У Буда-Кашалёўскім раёне, Віцебскім, Мёрскім, Ушацкім раёнах ва ўсіх кантрактах павышэнне тарыфнай стаўкі складае ад 30% да 50%.

У Мінску павышэнне тарыфнай стаўкі ад 10% да 30% прадугледжваюць больш за 70% кантрактаў.

Падтрымка самых нізкааплатных

У свой час галіновы прафсаюз праініцыяваў вяртанне да бестэрміновага працоўнага дагавора ў дачыненні да добрасумленных работнікаў сістэмы адукацыі, якія працавалі на ўмовах кантракту, пры наяўнасці жадання гэтых работнікаў. Бестэрміновы працоўны дагавор могуць выбраць і маладыя спецыялісты. Так, у Мінскай вобласці такой формай найму ахоплены 38,1% работнікаў сістэмы адукацыі.

— Мы заўважылі, што як толькі ў кантракт закладваюцца дадатковыя сацыяльныя і фінансавыя гарантыі, тут жа ў гэтых рэгіёнах павялічваецца і колькасць ахвотных заключыць кантракт на працяглы тэрмін, — падкрэслівае Ларыса Манюк. — Таксама даводзіцца канстатаваць, што ў шэрагу выпадкаў праз павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу) кіраўніцтва сістэмы адукацыі асобных рэгіёнаў спрабуе падтрымаць фінансава пэўныя катэгорыі работнікаў галіны, якіх не хапае ў рэгіёне ці памер заработнай працы якіх незаслужана ніжэйшы за іншых работнікаў галіны адпаведнай кваліфікацыі. Дзесьці мясцовыя ўлады палічылі неабходным падтрымаць фінансава сацыяльна-педагагічную ці бухгалтарскую службу, дзесьці — дырэктарскі корпус. Стараюцца наймальнікі таксама падтрымліваць і нізкааплатныя катэгорыі работнікаў, без якіх, між іншым, функцыянаванне ўстаноў адукацыі будзе немагчымым: кухараў, кухонных рабочых, памочнікаў выхавальнікаў, дворнікаў і іншых.

Так, у Гродзенскай вобласці па рашэнні выканаўчых камітэтаў да службовых акладаў работнікаў гаспадарчых груп, цэнтралізаванай бухгалтэрыі, метадычных камітэтаў у кантрактах устаноўлены надбаўкі ад 30% да 50%. У Бераставіцкім раёне павышаны тарыфныя стаўкі нізкааплатным катэгорыям работнікаў (прыбіральшчыкам службовых памяшканняў, рабочым, вартаўнікам, кастэлянкам, работнікам харчовых блокаў).

Увогуле, як заўважылі ў галіновым прафсаюзе, рост паказчыкаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў адукацыі магчымы ў тым ліку пры вырашэнні пытанняў дадатковага матэрыяльнага стымулявання — у рамках кантрактнай формы найму ў спалучэнні з граматным планаваннем выдаткаў на аплату працы работнікаў адукацыі, у тым ліку на даплаты да ўзроўню мінімальнай заработнай платы нізкааплатным катэгорыям работнікаў, а таксама са своечасовым падлікам эканоміі фонду заработнай платы і накіраваннем яе на прэміраванне работнікаў. Гэта дазволіла па выніках першага паўгоддзя дасягнуць у Віцебскай і Магілёўскай абласцях паказчыкаў сярэднямесячнай заработнай платы настаўнікаў вышэй на 4,9% і 4,5% адпаведна за аналагічны агульнарэспубліканскі паказчык. Большае разыходжанне дасягнута толькі ў г.Мінску (6,4%).

Пашырэнне гарантый

Пры гэтым прынятыя меры не з'яўляюцца вычарпальнымі, бо ў рамках ажыццяўлення галіновым прафсаюзам грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы прыходзіцца канстатаваць, што адсутнасць у кантрактах дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання працы працягвае заставацца адным з асноўных парушэнняў у прымяненні кантрактнай формы найму, як, дарэчы, і перавод работнікаў на кантракт без арганізацыйных, вытворчых і эканамічных прычын. Працягвае прафсаюз і сумесную з сацыяльнымі партнёрамі працу над памяншэннем колькасці кантрактаў, заключаных на мінімальны тэрмін.

Тое, што пакуль не ўрэгулявана на нарматыўным узроўні, галіновы прафсаюз спрабуе вырашаць сумесна з Міністэрствам адукацыі у рамках галіновага пагаднення. Так, у рамках кантрактнай формы найму ў дапаўненне да нормаў заканадаўства пашыраны гарантыі адзінокім маці, бацькам, што выхоўваюць дзяцей без маці, удовам, якія не ўступілі ў новы шлюб, і іншым катэгорыям работнікаў. Абаронены правы маладых спецыялістаў, якім прадастаўляецца права выбару формы працоўнага дагавора, а таксама работнікаў перадпенсійнага ўзросту. Усе гарантыі распаўсюджваюцца на работнікаў, што не маюць дысцыплінарных спагнанняў. Акрамя таго, існуюць і гарантыі па датэрміновым скасаванні кантрактаў пры наяўнасці прычын, якія абцяжарваюць працяг працоўных адносін, іншых прычын сацыяльнага характару. Гэта далёка не поўны пералік дадтковых гарантый работнікам у рамках кантрактнай формы найму.

Даследчыкі канстатуюць, што галоўная загана педагагічнай прафесіі ў сучасным свеце — нестабільнасць занятасці. Таму намаганні галіновага прафсаюза накіраваны найперш на мінімізацыю гэтай нестабільнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Інфармацыя па выніках праведзенага галіновым прафсаюзам маніторынгу кантрактнай формы найму за першае паўгоддзе 2014 года

Работнікі, у дачыненні да якіх прымяняецца кантрактная форма найму — 80,1% ад агульнай колькасці работнікаў.

Наяўнасць у кантрактах павышэння тарыфнай стаўкі да 3% — 14,8% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Наяўнасць у кантрактах павышэння тарыфнай стаўкі да 10% — 20,2% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Наяўнасць у кантрактах павышэння тарыфнай стаўкі ад 10 да 30% — 10% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Наяўнасць у кантрактах павышэння тарыфнай стаўкі ад 30 да 50% — 20,8% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Наяўнасць у кантрактах дадатковага заахвочвальнага водпуску ад 3 да 5 каляндарных дзён — 26,7% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Наяўнасць у кантрактах дадатковага 1 каляндарнага дня заахвочвальнага водпуску — 52,3% ад агульнай колькасці кантрактаў.

Зніжаць устаноўленую планку сацыяльных гарантый нельга. Яе можна толькі павышаць... І там, дзе разумеюць неабходнасць дадатковай сацыяльнай падтрымкі работнікаў, як правіла, знаходзяць і магчымасці для гэтага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».