Вы тут

Гербы: загадкі і таямніцы


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» №44 ___________________________________________________________________________

Праз тыдзень у выдавецтве
«Янушкевіч» пабачыць свет
новая кніга. Гэта работа
кандыдата гістарычных
навук, вядомага геральдыста
Аляксея Шаланды
«Таямнічы свет беларускіх
гербаў. Шляхецкая
геральдыка Вялікага
княства Літоўскага». Наш карэспандэнт сустрэлася
з аўтарам яшчэ да з’яўлення даследавання на паліцах кнігарняў, каб даведацца
пра адметныя рысы выдання, патэнцыйных чытачоў кнігі, а таксама разгадаць некаторыя загадкі і таямніцы беларускіх гербаў.

— Цягам апошніх год пабачыла свет некалькі асобных даследаванняў, прысвечаных розным аспектам беларускай геральдыкі. Чым будзе адрознівацца новая кніга ад тых, што выходзілі раней?

— Сапраўды, у нашай краіне з’яўляліся цікавыя выдавецкія праекты, звязаныя з геральдыкай. Адзін з іх — мая кніга геральдычных і сфрагістычных нарысаў, прысвечаных сімвалам і гербам беларускіх зямель у X — XVIII стст., што выйшла ў 2012 годзе ў выдавецтве «Беларуская навука». Гэтая работа была прысвечана зямельным гербам — сімвалам Полацкай дзяржавы, гербу ВКЛ і яго адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Кніга, што цяпер рыхтуецца да друку, разглядае гербы шляхты ВКЛ — гэта яшчэ адзін вялікі комплекс гербаў з прыватнаўласніцкай, асабовай, родавай геральдыкі. Тут даследуюцца ў асноўным гербы прывілеяванага саслоўя ў ВКЛ. У планах праца над новай, ужо трэцяй кнігай, якая будзе прысвечана мяшчанскай геральдыцы — геральдычным знакам мяшчан магдэбургскіх гарадоў Беларусі, у тым ліку гербам Францішка Скарыны. Гэта, па сутнасці, этапы аднаго вялікага выдавецкага праекта.

— Ваша першая праца выйшла ў фармаце навуковага выдання. Новая кніга, наколькі я ведаю, будзе навукова-папулярнай. Чым абумоўлены выбар новай формы і стылю прадстаўлення вынікаў даследаванняў?

— Гэта тлумачыцца спробай крыху спрасціць успрыняцце навуковых тэкстаў звычайнымі чытачамі. Не сакрэт, што навуковыя кнігі чытаюцца пераважна спецыялістамі, у дадзеным выпадку — толькі геральдыстамі. Таму паўстала задумка паспрабаваць пера-
тварыць навуковы тэкст у навукова-
папулярны, каб звычайнаму чытачу, які хоча нешта новае даведацца пра беларускія гербы, было дзе шукаць патрэбныя звесткі. Наколькі ўдала атрымаецца — будзем меркаваць, калі кніга выйдзе. Ад яе поспеху і запатрабаванасці залежыць і фармат, які я выберу для напісання чарговага даследавання.

— Геральдыстаў у Беларусі нямнога, а людзі зараз усё больш захапляюцца даследаваннем гісторыі сваіх родаў. Ці адчуваеце зацікаўленасць грамадства вынікамі вашай працы? Ці звяртаюцца да вас па дапамогу?

— Вельмі прыемна адчуваць цікавасць, прыемна, калі кнігі набываюць. Мяркуючы па першай, якая вытрымала два выданні, можна казаць пра існаванне пэўнага недахопу літаратуры такога кшталту на беларускім кніжным рынку. Цікавасць да маёй працы, безумоўна, ёсць. Але сцвярджаць, што кнігі па геральдыцы могуць канкурыраваць з мастацкімі творамі, раманамі, дэтэктывамі, нельга. Гэта вельмі спецыфічная літаратура. І тут мы разлічваем у першую чаргу на чытача, які цікавіцца гісторыяй і сваёй краіны, і свайго роду. Можа быць, мы нават шукаем індывідуальны падыход: у выданні, што рыхтуецца, чытачы знойдуць і свае прозвішчы, і прозвішчы сваіх блізкіх, змогуць пабачыць гербы ўласнага роду або сваякоў. У кнізе можна будзе прачытаць пэўныя факты пра роды, якія і сёння пражываюць у нашай краіне.

Фармат, стыль кнігі таксама вельмі важны. Мы хочам пашырыць аўдыторыю — менавіта праз даступнасць тэксту, яго падачу. Наша задача — ствараючы беларускамоўныя тэксты, рабіць іх больш папулярнымі. Людзі заўсёды цікавіліся і цікавяцца гісторыяй сваёй краіны. Я б нават сказаў, што тэма мінуўшчыны ніколі не выходзіла з дзясяткі самых папулярных. Попыт на гістарычную і, у прыватнасці, геральдычную літаратуру ёсць, і нам яго трэба задаволіць якаснымі тэкстамі.

— А ці можа новае выданне зацікавіць замежнага чытача?

— Так, асабліва польскага, літоўскага, расійскага, украінскага. Наша гісторыя вельмі пераплецена, а яшчэ цясней звязаны лёсы людзей. Лепш пра гэта сведчыць геральдыка. Можна нават ска-
заць, што яна адлюстроўвае генеалагічныя сувязі паміж родамі самага рознага этнічнага паходжання. У кнізе шмат гаворыцца пра так званыя генеалагічныя гербы, якія адлюстроўваюць радавод уладальніка: па бацьку і па маці. У іх вельмі часта можна ўбачыць адлюстраванне трох-чатырох пакаленняў, таму яны ў некаторай ступені дазваляюць аднавіць генеалагічныя сувязі. Кніга будзе карысная ўсім, хто мае інтарэс не толькі да геральдыкі, але і да генеалогіі, і да сфрагістыкі (навука пра пячаткі).

— Вы адмыслова адсочваеце, хто і ў якіх краінах цікавіцца вашымі работамі?

— Свет геральдыкі вельмі спецыфічны і аб’ядноўвае людзей, якія цікавяцца навукай, незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Гэта, так бы мовіць, «геральдычны інтэрнацыянал». Мяне вельмі цікавіць, што адбываецца ў галіне вывучэння гербаў у Польшчы, Літве, Украіне, Расіі. Мы абменьваемся інфармацыяй з калегамі, маем кантакты паміж сабой. Гэтыя прафесійныя сувязі таксама ўплыва-
юць на двухбаковы інтарэс да нашых работ. Канечне, прапорцыі паміж унутранымі і знешнімі спажыўцамі розныя, але наяўнасць другіх сведчыць, што тэма цікавая не толькі ў межах Беларусі.

— Расповед пра гербы складана ўявіць без выяў гэтых самых родавых знакаў. У новай кнізе мы пабачым шмат малюнкаў?

— Вельмі шмат. Геральдыку проста немагчыма чытаць без візуальнага шэрагу. І калі маеш малюнак, графічны вобраз, то інфармацыя лепей успрымаецца. З самага пачатку ў кнізе задум-
валася змясціць многа выяў, але ад некаторых давялося адмовіцца: надта вялікая колькасць назбіралася. Мы вырашылі абмежавацца малюнкамі, без якіх немагчыма абысціся: ілюстрацыямі, прывязанымі да тэксту, тымі, што дапамагаюць успрымаць змест. Кніга ўсё ж не толькі папулярная, але і навуковая, таму пэўныя рысы навуковага выдання ў ёй таксама прысутнічаюць. Якраз у прадстаўленні малюнкаў навуковы складнік прасочваецца ярчэй за ўсё. Для выдання мы падабралі архіўныя выявы гербаў, якія атрымалася адшукаць падчас працы над кнігай. Тут даюцца рэестры, спасылкі, увесь навуковы апарат, каб была магчымасць праверыць інфармацыю, што змяшчаецца ў кнізе.

— Падчас даследавання беларускіх гербаў ці маеце вы эгаістычную мэту вывучыць гісторыю свайго роду?

— Не, бо я і так ужо валодаю дастатковай інфармацыяй. Мой род, як некалі казалі, з гаспадарскіх сялян, паходзіць з былога Гарадзенскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Самая ранняя згадка пра яго ў вядомых мне пісьмовых крыніцах датуецца 1680 годам. Гэта тое, што я знайшоў у працэсе геральдычных і генеалагічных даследаванняў, але пакуль што глыбей у гісторыю свайго роду не зазіраў. Спадзяюся, калі часу будзе трохі больш, я вярнуся да гэтай тэмы, бо ўсё ж цікава даведацца пра свае карані болей.

— Кніга мае назву «Таямнічы свет беларускіх гербаў». Можа, раскрыеце некаторыя з сакрэтаў для нашых чытачоў?

— Ужо сама назва кажа пра тое, што фактычна ўся інфармацыя, змешчаная ў выданні, — або малавядомая, або невядомая зусім. Да прыкладу, мала хто ведае, што ў расійскай дзяржаве гербы з’явіліся пазней, чым у ВКЛ. Фактычна, геральдыка ў Расіі становіцца вядомая толькі з Пятроўскіх часоў. Яшчэ ў XVII ст. яна была развітая вельмі слаба. Ра-
сійскія роды, што прыязджалі ў ВКЛ, выбіралі гербы пад уздзеяннем мясцовага шляхецкага асяроддзя. Існавала два шляхі. Адзін з іх — ператварэнне сваіх уласных, традыцыйных, прывезеных з радзімы эмблем і выяў у гербы. Князі Шуйскія, Крупскія, баяры Лядскія, іншыя маскоўскія роды карысталіся менавіта такімі гербамі. Другая частка маскоўскага баярства далучалася да польскіх гербаў, якія былі распаўсюджаны ў шляхты ВКЛ.

Калі ж разглядаць нейкія казусы, то ўвогуле для геральдыкі ВКЛ было характэрна не вельмі добрае веданне законаў і правілаў складання гербаў. Геральдыка як з’ява зарадзілася на Захадзе, прыйшла да нас з Заходняй Еўропы. Менавіта там былі вызначаныя дакладныя каноны стварэння гербаў. У нас жа гэтыя правілы не заўсёды былі вядомыя, таму ў гербах ВКЛ многа і памылак, і спецыфічных асаблівасцей. Напрыклад, вельмі распаўсюджаным у геральдыцы шляхты на нашых землях у XVIII ст. было выкарыстанне княжацкіх шапак — мітраў. Хоць роды не мелі княжацкага тытулу, гэты сімвал выкарыстоўваць вельмі любілі. Існавала меркаванне, што палякам трэба ўжываць у гербах выяву кароны, бо яны жывуць у каралеўстве (Кароне), а жыхарам ВКЛ — вобраз княжацкай мітры, бо яны жывуць у Княстве.

Ёсць у новай кнізе вельмі цікавыя гісторыі, звязаныя з наданнем гербаў манархамі асабліва заслужаным лю-
дзям. Увогуле, які герб ні вазьмі — ён мае нейкую таямніцу, бо ў ім зашыфраваны сімвалічны сэнс. Кожны герб не выпадковы: ён расказвае гісторыю роду або чалавека. За кожнай выявай —
асобная гісторыя, якую даводзіцца вывучаць, даследаваць, расшыфроўваць. Гэта не значыць, што ў кнізе ўсе загадкі разгаданыя — некаторыя застаюцца на наступныя даследаванні, для іншых даследчыкаў. Працы хопіць усім. Мора беларускай геральдыкі настолькі бяздоннае і маладаследаванае, што мая новая кніга — толькі адна з прыступак на шляху вывучэння геральдычнай спадчыны, якую пакінулі нашы продкі.

Марына ВЕСЯЛУХА

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.