Вы тут

Марцін святы — згубіцель гагаты


Дзень святога Марціна, які каталікі святкуюць 11 лістапада, быў калісьці адным з самых прыкметных у каталіцкім календары. Урачыстасці ў яго гонар доўжыліся тры дні, з 10-га па 12-е, а сам Марцін быў адным з любімых святых у агульнаеўрапейскім кульце. Калі Вялікае Княства Літоўскае было часткай заходняга свету, гэты культ быў пашыраны і ў нас.

11-17-300x285З даўніх часоў на дзень святога Марціна прынята рэзаць гусей ды адзначаць свята рознымі стравамі, асабліва печанай (ці смажанай) гуссю — «птушкай Марціна». Беларускім каталіцкім вернікам гэтая традыцыя зусім не чужая. Захавалася некалькі прыказак на гэты конт, самая вядомая з якіх: «Марцін Святы — згубіцель гагаты».

Марцін, адзін з самых славутых хрысціянскіх святых, нарадзіўся ў рымскай правінцыі Панонія (сучасная Венгрыя). Яго бацька быў легіянерам і перакананым прыхільнікам паганства. Таму назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны. Kалі пазней бацьку перавялі служыць у італьянскую Павію, Марцін пазнаёміўся з тамтэйшымі хрысціянамі і стаў катэхуменам, але да хрышчэння не дайшло, бо біскуп баяўся хрысціць 10-гадовага хлапчука, каб не наклікаць на сябе гнеў уплывовага бацькі. Толькі больш як праз 10 гадоў здарыўся выпадак, які канчаткова вызначыў выбар Марціна, на той час ужо легіянера. Падчас знаходжання ў гарнізоне Ам'ена ён у лютую зімовую сцюжу спаткаў жабрака і аддаў яму палову свайго плашча. Уначы ён сасніў Хрыста, апранутага ў яго плашч, які казаў анёлам: «Глядзіце, як мяне Марцін-катэхумен апрануў!» На Вялікдзень Марцін хрысціўся. Пасля звальнення з вайсковай службы ён з некалькімі таварышамі заклаў першую пустэльню ў Галіі, і хутка слава пра яго святое жыццё разнеслася і па захадзе, і па ўсходзе Рымскай імперыі.

У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых шанаваных святых, у гонар якога было названа больш за 200 касцёлаў. Шмат стагоддзяў яго дзень быў абавязковым касцельным святам. Найбольш гарлівыя каталікі ў Рэчы Паспалітай даўней распачыналі Адвент як аналаг 40-дзённага посту перад Вялікаднем, адразу пасля святога дня Марціна, 12 лістапада. Свежая гусяціна — толькі адна з прыкмет гэтага першага зімовага свята, хоць, бадай, самая яскравая.

Дзень святога Марціна падводзіў вынікі гаспадарчага года. У гэты дзень па ўсёй Еўропе разлічваліся са старымі даўгамі, выплачвалі розныя падаткі, наймалі на новы тэрмін працаўнікоў. Паступова гэты заходні звычай распаўсюдзіўся і на Вялікае Княства Літоўскае. Напрыклад, надаючы ў 1586 годзе магдэбургскае права Нясвіжу, Стэфан Баторый вызначыў, што справаздачу перад гаспадаром і гараджанамі пра даходы і выдаткі магістрат павінен трымаць на святога Марціна. Пазней магдэбургскія прывілеі многім нашым гарадам будуць змяшчаць гэты стандартны тэрмін выплаты падаткаў на карысць дзяржаўнага скарбу — ад святога Міхала (29.09) да святога Марціна (11.11).

Выява святога Марціна — герб шмат якіх еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку і нашых Чавусаў. Нават у вельмі папулярнай некалі народнай дзіцячай песеньцы згадваецца дзень гэтага святога. Прычым святы Марцін параўноўваецца з казачным кавалём, які маразамі скоўвае зімовую зямлю:

Кавалю Марціну,

Падкуй ты мне свінню,

Бо зіма падыходзіць,

Свіння боса ходзіць

Кавалю Марціну,

Падкуй ты мне ката,

А калі не ўмееш —

Прывяжы да плота.

У Мінскай губерні ў 1860-я гады зафіксаваная прыкмета: «Марцінова гусь па вадзе — Божае Нараджэнне на лядзе» (гэта значыць, калі на Марціна рэкі яшчэ не замерзлі, на Божае Нараджэнне трэба чакаць моцных маразоў). І наадварот, калі на Марціна гусь выйдзе на лёд, то, бадай, будзе яшчэ плаваць па вадзе на Божае Нараджэнне. Гадалі ў нас даўней на Марціна не толькі пра зіму, але і пра будучае лета: калі гусі дзікія і іншыя пташкі рана ляцяць у вырай нізка, то, значыць, хутка будзе зіма. Калі на Марціна дождж, то будзе мокрае лета...

Наша даўняя кулінарыя ведала нямала страў з гусяціны. Любілі найбольш гусь, засмажаную ці запечаную цалкам — адну з разнастайнасцяў «пячыстага». Аўтар памфлета XVІІ стагоддзя «Прамова Мялешкі», уздыхаючы пра незваротна страчаныя далюблінскія часы, прыгадваў: «Добрая была гуска з грыбкамі, кашка з перчыкам». Што гуска з грыбкамі яшчэ доўга ўспрымалася як нацыянальная страва, сведчыць і Альгерд Абуховіч, прыгадваючы парыжскае здарэнне каля 1860 года — таксама на пачатку лістапада, хоць не на Марціна, а на Дзяды: «Было гэта ў Францыі, дзе паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі печаныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае le vіn chaud» («грэтае віно, або глінтвейн»).

Гусь, «надзяваная» кашай з грыбамі

Складнікі: гусь (каля 4 кг), соль, перац на смак, 2 шклянкі грэцкіх круп, 100 г сушаных баравікоў, 1 яйка, 150 г сала, 2 цыбуліны, 1 морква, 2 карані пятрушкі, 1 ст. лыжка маргарыну, здробненая зеляніна пятрушкі і кропу (па 1 ст. лыжцы).

Спосаб прыгатавання: Ачышчаную і вымытую гусь прасушыць, старанна нацерці соллю і перцам звонку і знутры. Намочаныя папярэдне грыбы гатаваць да мяккасці. Грэцкія крупы зварыць (прыкладна шклянка вады), дадаць пакрышаныя і трохі падсмажаныя цыбулю, пятрушку і моркву, здробненую зеляніну. Асобна падсмажыць пакрышаныя вараныя грыбы, дадаць у кашу, убіць яйка. Пасаліць, паперчыць, добра перамяшаць. Нафаршыраваць гусь, зашыць адтуліну. Нарэзаць скрылькамі сала, выкласці гусь на бляху і абкласці салам. Запякаць пры 200°С 2-3 гадзіны, паліваючы вытапленым тлушчам, зрэдку — і вадой. Падаваць з варанай бульбай, кіслай капустай і іншым.

Кухмістр Верашчака.

Чытайце яшчэ:

Што калісьці елі на Дзяды?

Ці патрэбны нам сакрэты Сапегаў?

Кухня Тышкевічаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?