Вы тут

Жанчыны не жадаюць чакаць І змагаюцца супраць мужчынскага «шавінізму»


Шведская спецыфіка заключаецца ў імкненні развіваць гендарны падыход да падбору кадраў. Ужо сам факт таго, што рэдакцыю міжнароднага вяшчання, адну з галоўных на тэлебачанні, узначальвае жанчына — Інгрыд Тэрнквіст — гаворыць аб многім.

27-4

Сёння ў складзе рэдакцыі — таленавітыя, энергічныя і здольныя эфектыўна працаваць нават у «гарачых кропках» маладыя журналісткі. Адна з іх свабодна размаўляе на англійскай мове і яшчэ валодае экзатычнымі для Швецыі мовамі: акрамя афіцыйнай мовы Ірана фарсі, ведае і дары (адну з дзвюх дзяржаўных моў Афганістана), а таксама размаўляе на курдскай. Натуральна, гэта дапамагае ёй у час камандзіровак у небяспечныя рэгіёны, дзе працягваюцца ваенныя канфлікты.

Падрыхтоўка журналістаў, якія наведваюць «гарачыя кропкі», абавязкова ўключае праходжанне штогод спецыяльнага курса з экзаменам па выпрацоўцы навыкаў паводзін у няштатнай сітуацыі: захоп у заложнікі, абстрэл, кулявое раненне і іншыя верагодныя непрыемнасці. Вучаць таму, як правільна карыстацца бронежылетам, як паводзіць сябе ва ўмовах прыстаўленай узброенай аховы і г.д.

Рэдакцыйная палітыка Інгрыд Тэрнквіст зразумелая: даваць у эфіры слова носьбітам супрацьлеглых (ці, як выказалася Інгрыд Тэрнквіст, кантрасных) пунктаў поглядаў і, разам з тым, мець уласную пазіцыю па гэтай праблеме, мець крытычнае стаўленне да яе і захоўваць свой твар. Вы скажаце, што такую рэдакцыйную палітыку заяўляюць многія сумленныя журналісты ў большасці еўрапейскіх краін. Але, заўважым, заяўляць і прытрымлівацца — розныя рэчы. У шведскіх супрацоўнікаў міжнароднага тэлевізійнага вяшчання атрымліваецца мець свой твар.

Шведская спецыфіка тэлебачання прасочваецца і ў падыходзе да асвятлення і абмеркавання злабадзённых тэм. Раней у пераважнай большасці тэлеперадач у якасці аўтарытэтных экспертаў выступалі мужчыны. Іх слова было важкім і вызначальным, а жанчыны зрэдку ўстаўлялі ў кантэкст гутаркі «свае пяць капеек». З часам сітуацыя пачала мяняцца. Усё больш жаночых твараў з'яўлялася на блакітным экране. Але, як палічылі прыхільніцы гендарнай роўнасці, усё роўна мала. І вось з 2006 года рэдакцыя вядзе ўлік гендарнага балансу ў эфіры: штодзень падлічваецца колькасць мужчын і жанчын, якія даюць інтэрв'ю, і тых, хто выступае ў ролі экспертаў на тэлеперадачах, ток-шоу. Вынікі гендарнай выбаркі падводзяцца штомесяц. Не ўсміхайцеся, калі ласка. Да гэтага занятку тут ставяцца вельмі сур'ёзна і ў цэлым пакуль не задаволены статыстыкай. На жаль, мужчын па-ранейшаму больш, іх унёсак больш важкі. Таму калі сёння ў пэўнай перадачы дэманстравалі ў асноўным мужчын, то для размовы ў наступнай перадачы ўжо шукаюць экспертаў-жанчын. І гэта трэба абавязкова рабіць, бо інакш гендарную роўнасць прыйдзецца яшчэ вельмі доўга чакаць, пераканана Інгрыд Тэрнквіст. Жанчыны не павінны быць у іх цені, у тым ліку і тыя, у каго няма шведскіх каранёў. Так талерантна называюць іншаземак, колькасць якіх у краіне за апошнія 10 гадоў падвоілася. Паўстала пытанне адаптацыі гэтых жанчын да шведскага ладу жыцця. Ёсць складанасці нават у тым, што такія жанчыны адмаўляюцца выступаць па тэлебачанні. І тым не менш іх настойліва «цягнуць» у студыю, прапаноўваюць удзельнічаць у важнай для краіны размове на роўных з мужчынамі.

Каміла Вагнер — цудоўны суразмоўца і гарачы прыхільнік барацьбы за правы жанчын. Прычым не ўвогуле за правы, а менавіта ў эканоміцы. У гэтай сферы яна не першы год змагаецца за роўнасць мужчын і жанчын на прамысловых прадпрыемствах. Каміла доўгі час працавала ў Балгарыі, Польшчы, іншых краінах, дзе кансультавала мясцовых прамыслоўцаў і жаночыя арганізацыя, занепакоеныя адсутнасцю на вытворчасці еўрапейскага стандарту роўных з мужчынамі правоў. На гэтую тэму неаднойчы выступала з дакладамі на пасяджэннях міжнародных арганізацый.

Каміла вядомая і на радзіме як журналіст і пісьменнік. Рашуча абвяргае тэзіс аб тым, што ў Швецыі няма бізнес-вумен, якія могуць весці справы на роўных з мужчынамі. Разам з аднадумцамі склала спіс гэтых паспяховых жанчын, шмат расказвала пра іх у газетах і часопісах. Напісала кнігу ў падтрымку здольных дзелавых жанчын, рэгулярна выступала на радыё і па тэлебачанні...

Яна робіць уражанне моцнай, вельмі самастойнай і ўпэўненай у сілах жанчыны. У яе трое дзяцей, якіх яна выхоўвае адна. На хлеб сабе і дзецям зарабляе самастойна і пры гэтым паспявае займацца грамадскай работай у імя барацьбы з дыскрымінацыяй жанчын. Бо, нягледзячы на тое, што адзін з міністраў мае непасрэдны абавязак усямерна працаваць над усталяваннем гендарнай роўнасці, справа гэта вельмі марудна рухаецца наперад, лічыць Каміла. А жанчыны чакаць не жадаюць. Яны ў меру сваіх магчымасцяў шукаюць і знаходзяць шматлікія факты праяў гендарнай няроўнасці і даводзяць да ведама грамадства праз СМІ, выкарыстоўваючы і іншыя даступныя спосабы.

Каміла, напрыклад, зачытала нам спіс нетактоўных пытанняў, якія не варта задаваць бізнес-вумен, якую пасаду яна ні займала б. Сярод іх наступныя: «Як вам удаецца спалучаць бізнес і клопаты аб сям'і?», «Як ставіцца ваш муж да таго, што вы так шмат працуеце?», «Як пры вялікай занятасці вам удаецца выдатна выглядаць і захоўваць фізічную форму?» На думку Камілы, дзелавыя жанчыны не хочуць адказваць на такія пытанні, бо яны парушаюць гендарную роўнасць. Яшчэ Камілу і яе паплечніц непакоіць лёс выбітных жанчын, якія скончылі палітычную ці адміністрацыйную кар'еру і зараз засталіся без удзелу ў якіх-небудзь значных справах. Не ўсе з іх без псіхалагічных страт пераносяць бяздзейнасць.

Увогуле Камілу, як нам здалося, раздражняе сусветнае прызнанне Швецыі як краіны з лепшай на планеце гендарнай сітуацыяй. «Можа, так і было некалі, але толькі не цяпер», — кажа яна. І спасылаецца на вынікі аднаго даследавання, згодна з якімі, яе краіна зараз займае ўсяго толькі чацвёртае месца пасля Ісландыі, Фінляндыі і Нарвегіі. Змагаркі за раўнапраўе падлічылі, што пры быццам бы аднолькавым працоўным часе жанчыны штогод працуюць на 7 тыдняў больш за мужчын: кухня, дом, клопат аб дзецях і г.д. Няроўнасць паўсюдна! Скажам, і ў тым, што ў гісторыі Швецыі ніколі не было жанчыны прэм'ер-міністра, на вядучых пазіцыях ва ўладзе, у вялікіх кампаніях знаходзяцца па-ранейшаму мужчыны. І зусім мала жанчын — кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэта таксама несправядліва.

Прыкладна 17 жанчын у Швецыі штогод гінуць у выніку насілля. Гэтай агіднай з'яве шведкі поўныя рашучасці супрацьстаяць па ўсіх кірунках.

У рэдакцыі буйнейшай і ўплывовай стакгольмскай газеты «Aftonbladet», заснаванай яшчэ ў 1830 годзе, мы сустрэліся з Кэрсцін Вейгель. Гэтая журналістка — адна з аўтараў і выканаўцаў праекта «Прычына смерці — жанчына», прысвечанага барацьбе з насіллем над жанчынай. Гэты праект набыў сусветную вядомасць і варты таго, каб пра яго расказаць асобна.

Супрацоўнікі рэдакцыі вывучылі ўсе выпадкі забойстваў жанчын у сям'і, пачынаючы з 2000 года. У газеце друкаваліся гісторыі загінулых жанчын, інтэрв'ю з іх сваякамі, сяброўкамі, суседзямі. Гэтыя публікацыі выклікалі вялікі рэзананс у грамадстве. Улады былі вымушаны рэагаваць: яны ўнеслі змены ў заканадаўства, паліцыя і сацыяльныя службы сталі больш пільна падыходзіць да разгляду выпадкаў хатняга насілля. Паступова праект выйшаў за межы краіны. Кэрсцін Вейгель разам з калегамі тры гады займалася маніторынгам выпадкаў смерці жанчын у выніку гвалту ў Пакістане, Егіпце, Мексіцы, Паўднёвай Афрыцы, ЗША, Іспаніі, Бразіліі, Расіі і іншых. Там жа журналісткі дзяліліся сваім досведам расследавання забойстваў жанчын ужо ў рамках міжнароднага праекта «Прычына смерці — жанчына».

Што датычыць нашай дэлегацыі — выкладчыкаў Інстытута журналістыкі БДУ, — то калег вельмі ўразіў сістэмны і сур'ёзны падыход, з якімі паставіліся ў Швецыі да такой праблемы, як хатняе насілле над жанчынай. Здольнасць сацыяльна актыўных шведак аб'ядноўваць свае намаганні, абмяркоўваць шляхі вырашэння злабадзённых праблем у СМІ, пераводзіць вострую размову ў палітычную і грамадскую плоскасці, прыцягваць да дыскусіі вядомых экспертаў, грамадскіх дзеячаў і парламентарыяў літаральна ўражвае...

Леанід Лахманенка,

старшы выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ.

Мінск—Стакгольм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».