Вы тут

Да Ажэшкі з любоўю


Чым звычайны падарожнік адрозніваецца ад апантанага? Першы паедзе ў Гродна, каб убачыць як мага болей тамтэйшага за адзін раз. Метадычна, з картай у руках, ён наведае ўсё, што толькі можна: стары і новы замкі, дом масонаў і аптэку езуітаў, асабняк Масальскіх, «басняцкую» хатку і шкатулку-Каложу на стромкім беразе... А ў выніку ніколі не даведаецца, якое дакладна адценне маюць шпалеры ў «салоніку» пані Элізы, Ажэшкі з Паўлоўскіх, і якую таямніцу тоіць у сабе тамтэйшы камін.

27-28

Гродна, Садовая, шэры-шэры (і сцены, і дах, і абедзве мансарды) аднапавярховы дамок. 1909-ы (дакладна), сакавік (здаецца), холадна (хутчэй за ўсё). У працоўным кабінеце за маленькім «бюркам», заваленым паперамі і кнігамі, 67-гадовая пісьменніца Эліза Ажэшка піша ў лісце да сябра Уладзіслава Рэймонта радкі пра ідэю новай аповесці. Хачу, маўляў, вывесці такі тып мужчыны, які ўвабраў бы тры складнікі. Яна піша гэта пёркам, звычайным, птушыным. А ў шафе, што стаіць праз пакой у вялікім салоне, ляжыць гэтым часам пяро залатое. Шафа прызначана для падарункаў: бранзалеціка з гербам Гродна, куфэрка для рукапісаў, згаданага пёрка...

Шафу і вялікі салон «ад увахода направа» ўбачыць цяпер немагчыма — гэта ўсё здані мінулага. Проста ў дзённіку пад датай 1 лютага 1898-га пісьменніца між іншым адзначае: «Перабірала шафу з падарункамі». Вось вам, дарэчы, парада: ніколі не выпраўляйцеся ў падарожжа, не начытаўшыся як след пра месца ці аб'ект сваёй цікавасці, іначай яны застануцца для вас нежывымі, 2D-шнымі, бляклымі. І будзе вам нехта расказваць, як любіла пісьменніца Гродна, а вы і паверыце.

Гродна Эліза Ажэшка не любіла. «Не цярпела», кажучы яе словамі. Хоць шмат пры гэтым для яго зрабіла. А дом на Садовай — наадварот, любіла вельмі, хоць гэтая любоў была спецыфічнай, панурай: «Маё бюрка любае, мой абрыдлы грукат на вуліцы, мая бяда, мая туга». Плаксіўка, адным словам. Выязджаць з Гродна яна не збіралася: у гэтым горадзе жыло яе каханне. Увасоблена яно было ў адвакаце Нагорскім, якога Эліза апантана чакала пятнаццаць гадоў і з якім пражыла толькі два, бо памёр нечакана, на лесвіцы гэтага дома — унутранай, што вядзе ў мансарду. Пакуты душы трансфармаваліся пазней у сардэчнае імкненне да вайскоўца Гадлеўскага, пана Францішка — «сну залатога», «страфы паэмы», «найлепшага».

Што да аповесці, пісанай тут апошняй, у выніку яна не дапішацца. Грукатлівая Садовая ператворыцца ў ціхмяную вуліцу Ажэшкі, а ў шэры дамок замест шматлікіх Ячыноўскіх, Кулакоўскіх, Іжыцкіх і Вольскіх, Эйсымонтаў, Ардылоўскіх, Шпілеўскіх, Нусбаўмаў, піяніста Слівінскага і акуліста Цывінскага, прыяцелек Брыні Прушынскай ды Вілюні Зындрам-Касцялкоўскай, а галоўнае — Францішка Гадлеўскага, што часцей за іншых наведваўся сюды (нават хворы!) на «гогаль-могаль, трошкі смеху і сардэчнай зычлівасці», — пойдуць, шукаючы дзень учарашні, такія самыя апантаныя падарожнікі, як мы. Каб больш — нікуды-нікуды, адно да Ажэшкі, як да даўняй знаёмай, з мэтай убачыць і «бюрка», і «Двух бараноў», і гербарый, які гаспадыня складала з травінак-пялёсткаў сваімі рукамі. Цікава, якімі сродкамі яна карысталася пры іх сушцы, каб захаваліся ажно праз стагоддзе такія натуральныя колеры?..

Паслядоўнікам

Шэры дамок у Гродне на былой Садовай, цяпер Ажэшкі (блакітны нумар на зграбненькай шыльдзе — 17) займае інфармацыйна-адукацыйны цэнтр Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага. Рамантычны «салонік» і ўтульны (не хочацца пакідаць!) кабінет пісьменніцы аб'яднаны пад велічнай назвай «мемарыяльны пакой». Ну і няхай яно так — афіцыйна і строга. Усё роўна пасля не пакіне адчуванне, што наведалі вы не цэнтр, а ўласнай персонаю пані Элізу, якая ў дзень вашага візіту была ў выдатным настроі. Вы нават пачулі (ці здалося вам?), як пан Гадлеўскі, пракашляўшыся, чытае прысутным «Восень» Пушкіна, як рабіў ён гэта тут, бывала: Дни поздней осени бранят обыкновенно, но мне она мила, читатель дорогой... Нясумнай вам восені і паэтычных вандровак!

Рамантыкам

За сем вёрст ад Гродна «ў гміне Верцялішкі» ёсць вёска Путрышкі. «Здзівішся, вычытваючы наша месца, з якога пішу. Яно бо трохі дзікае, але перарабі яго сабе на Пятрушкі, як мы гэта зрабілі, бо запамінаць лацвей», — так піша пісьменніца ў лісце да сябра Леапольда Меета, не вельмі ўдалага літаратара, затое паспяховага калекцыянера і бібліяфіла. Пані Эліза здымала тут пакоі, а па сутнасці — альтанку. Будзеце ехаць у Гродна з боку Верцялішак-Путрышак — ведайце: ні пакояў тых, ні «маленькага дворыка», ні тым больш «сардэчных гаспадароў» даўно не існуе. Калі хочаце пабыць яшчэ дзесьці ў месцы, што помніць Ажэшку, пракладзіце маршрут праз Фларыянава ў Ляхавіцкім раёне. «Скажыце фларыянаўскаму бэзу, каб да майго прыезду не адцвіў», — так яна пісала колішнім гаспадарам сядзібы, якую быццам бы збіраюцца рэстаўраваць.

27-29

Вось мы пераступаем парог «салоніка». Ён не здань мінулага, а ўзноўленая рэальнасць. Карціны, фотаздымкі, кветкі, свечкі. Прэтэнцыёзнае (і цьмянае, лепш не глядзецца) люстэрка над мармуровым камінам... Апошні, між іншым, сапраўдны. У тым сэнсе, што памятае гаспадароў. Як памятаюць іх яшчэ два прадметы — разьбяны драўляны тамбур і балконная агароджа.

...Апантаны падарожнік ніколі не перакрэсліць уражанне, атрыманае ў адным месцы, нейкім іншым. Ён калі і выправіцца з дамка Ажэшкі яшчэ куды-небудзь у той самы дзень, дык хіба толькі ў касцёл Узвышэння Гасподняга Крыжа на Камуністычнай, дом №1 — каб паглядзець на рэнесансныя скульптуры, на якія глядзела ў 1855-м падчас вянчання з Пятром Ажэшкам шаснаццацігадовая паненка-пісарка Эльжбета Паўлоўская. «Ратуй, Божа! Не ўводзьце ёй гэта ў галаву!» — наказвала старэйшая Паўлоўская тым, хто заўважаў у выпускніцы Варшаўскага пансіёна сясцёр-сакраментак літаратурныя здольнасці. Пані Францішка, так звалі маці, была другой жонкай вядомага і паважанага гарадзенца — старшыні павятовага суда, «вальтэр'янца», кіраўніка масонскай ложы Бенедыкта Паўлоўскага. Своеасаблівая была жанчына, калі мякка казаць. Капрызліва-дэспатычная шукальніца міражоў. Яе партрэт вісіць цяпер над «бюркам». Глядзіш і думаеш: ці не з гэтай Францішкі пісалася Франка для «Хама»?..

Падарожнічала Святлана Дзянісава.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.