Вы тут

Колькасць ці якасць?


Мінімальныя балы на ЦТ змяншаць не плануецца, а апошні дзень падачы дакументаў можа стаць «днём цішыні» 

«Вышэйшая адукацыя не павінна пераўтварацца ў прахадны двор, а розныя прывілеі маладыя людзі павінны атрымліваць ужо пасля свайго паступлення», — такую думку на калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай падвядзенню вынікаў прыёмнай кампаніі, агучыў віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Анатоль ТОЗІК.

27-51

27-51

Як вядома, сёлета для абітурыентаў, якія паступалі ў рамках дадатковага набору, планка на ЦТ была зніжана на 5 балаў па кожным прадмеце. А для асоб, якія паступалі на ваенныя, сельскагаспадарчыя і спартыўныя спецыяльнасці, мінімальнае значэнне складала ўвогуле 3 балы па ўсіх экзаменацыйных дысцыплінах ЦТ.
— Вызначэнне парогавых балаў для першай хвалі залічэння ўхвалілі як ва ўніверсітэцкім асяроддзі, так і сярод грамадзян — паколькі існаванне пэўнай планкі на ўваходзе ў ВНУ адпавядае разуменню пра элітарнасць вышэйшай адукацыі, — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ. — Адыход ад гэтага прынцыпу пры дадатковым наборы меў на мэце выканаць кантрольныя лічбы прыёму на вострадэфіцытных для эканомікі спецыяльнасцях, якія не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў. І гэтую задачу парогавыя значэнні паспяхова вырашылі. Аднак рэзка негатыўную ацэнку з боку грамадскасці атрымала парогавае значэнне ў 3 балы, пралабіраванае адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіравання. Міністэрства адукацыі лічыць, што зніжэнне парогавага ўзроўню ва ўмовах нізкага конкурсу не дазваляе адабраць лепшых абітурыентаў для атрымання вышэйшай адукацыі і ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да зніжэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, што выпускаюцца. Мяркуем, што выкананне кантрольных лічбаў прыёму павінна дасягацца не за кошт зніжэння парога, а дзякуючы ўзмацненню прафарыентацыйнай работы.
У 2015 годзе Міністэрства абароны прапануе ўстанавіць парогавае значэнне на ўзроўні 5 балаў па ўсіх дысцыплінах у асноўны набор. Але ў Міністэрстве адукацыі, якое нясе адказнасць за якасць падрыхтоўкі спецыялістаў па ўсёй краіне, з такім падыходам нязгодныя. Тут лічаць, што ўсім трэба прытрымлівацца адзінага парога, вызначанага для ўсіх профіляў адукацыі. Разам з тым у галоўным адукацыйным ведамстве дапускаюць, што пры ажыццяўленні мэтавага набору на вайсковыя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці адпаведнаму органу дзяржкіравання можна даць права вызначаць самастойна парогавыя значэнні вынікаў ЦТ.
Міністэрства адукацыі прапануе захаваць на наступны год парогавыя балы, вызначаныя для асноўнага і дадатковага набору ў 2014 годзе. Але да ўдзелу ў дадатковым наборы дапускаць тых абітурыентаў, якія не пераадолелі парог тэставага бала для асноўнага набору толькі па адным прадмеце. Сёлета пры дадатковым наборы было залічана каля 200 чалавек, якія не пераадолелі вызначаны на ЦТ парог адначасова па двух прадметах, а 12 чалавек правалілі іспыты па ўсіх трох дысцыплінах.
— Гэта ж трэба было ўмудрыцца, каб набраць на трох прадметах 9 балаў з 300 магчымых! І якіх спецыялістаў мы можам атрымаць з абітурыентаў з такімі ведамі? — задаў рытарычнае пытанне Анатоль Тозік. — Я ўпэўнены, што і мову будучым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй таксама трэба ведаць, каб хоць у заяве не дапускаць граматычных і арфаграфічных памылак.
Менавіта нізкія вынікі на ЦТ па беларускай ці рускай мове нярэдка становяцца перашкодай для абітурыентаў, якія паступаюць на інжынерна-тэхнічныя і вайсковыя спецыяльнасці. Таму некаторыя кіраўнікі ВНУ і спрабуюць сябе «падстрахаваць», лабіруючы зніжэнне важнасці адзнакі па гэтай дысцыпліне. Напрыклад, прапануюць прызначаць мінімальны парог не па кожнай дысцыпліне, а ўвесці нейкую суму балаў па ўсіх трох дысцыплінах ЦТ, ніжэй за якую абітурыенту, каб быць дапушчаным да конкурсу, нельга будзе набіраць.
Міністэрства адукацыі, у сваю чаргу, прапанавала падкрэсліць важнасць першай профільнай дысцыпліны (на кожнай спецыяльнасці абітурыенты здаюць дзве профільныя дысцыпліны плюс ЦТ па дзяржаўнай мове). Для першай профільнай дысцыпліны мінімальны парог можа быць павышаны на 5 балаў — да 20 балаў. Скажам, калі абітурыент паступае на хімфак, то ён павінен мець не менш як 20 балаў на ЦТ па хіміі.
Яшчэ адна прапанова Міністэрства адукацыі тычыцца змянення парадку інфармавання абітурыентаў аб ходзе падачы дакументаў. Фактычна такое інфармаванне зводзіць усю прафарыентацыйную работу ўстаноў адукацыі і заказчыкаў кадраў да нуля. Калі пасля вывучэння інфармацыйных табліц аб ходзе падачы дакументаў абітурыент выбірае спецыяльнасць, дзе яго шанцы на паступленне найбольш верагодныя, такі выбар можна назваць кан'юнктурным.
Да таго ж інфармаванне стварае праблему апошняга дня, калі па многіх спецыяльнасцях падача дакументаў пачынаецца фактычна пасля
15 гадзін, гэта значыць, пасля апошняга абнаўлення інфармацыі.
— Апошні дзень падачы дакументаў павінен быць «днём цішыні», — дадаў Вадзім Богуш, — каб у абітурыентаў была магчымасць у спакойных абставінах абдумаць свае памкненні і жаданні. Таксама трэба вярнуцца да ранейшага спосабу інфармавання, гэта значыць, даваць інфармацыю аб колькасці пададзеных заяў на канкрэтную спецыяльнасць без залішняй дэталізацыі. Дадаткова можна даваць інфармацыю пра мінімальную і максімальную суму балаў абітурыентаў, якія ўжо падалі свае заявы ў прыёмную камісію.

 

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.