Вы тут

Рыхтуецца новая рэдакцыя закона аб натарыяце


Неабходнасць у карэкціроўцы дзейнага закону, які быў прыняты 10 гадоў таму, узнікла пасля падпісання ў лістападзе мінулага года Прэзідэнтам Беларусі Указа №523, які ўстанавіў, што з 1 студзеня 2014 года беларускія натарыусы ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць на ўмовах самакіравання і самафінансавання. Акрамя Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» законапраектам уносяцца змены яшчэ ў шэсць законаў і заканадаўчых актаў.

Днямі ў Палаце прадстаўнікоў адбылося пасяджэнне Пастаяннай камісіі па заканадаўстве пад кіраўніцтвам старшыні камісіі Людмілы Міхальковай, на якім абмяркоўваліся тыя палажэнні законапраекта, што супярэчаць Указу №523.

— Навела гэтага законапраекта заключаецца ў норме, звязанай з прыняццем натарыусам грашовых сродкаў і каштоўных папер ад грамадзян і юрыдычных асоб з адкрыццём у банках дэпазітных рахункаў з асаблівым прававым рэжымам, — патлумачыла журналістам дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы законапраекта да першага чытання Наталля ГУЙВІК. — Згодна з праектам, грашовыя сродкі, якія будуць паступаць на дэпазіт натарыуса, не будуць лічыцца даходам, таму банкам на іх не будуць налічвацца працэнты; таксама банкі не будуць браць плату за аказаную паслугу па адкрыцці і закрыцці такога рахунку, па аперацыях з гэтымі грашовымі сродкамі.

Карэкціроўка нормаў Закона «Аб натарыяце» прадугледжвае змены агульных палажэнняў, якія датычацца статусу натарыуса, абмежаванняў, якія з ім звязаны, набыцця гэтага статусу, прыпынення, аднаўлення, спынення паўнамоцтваў натарыуса, анулявання сведчанняў пра ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці, арганізацыйных формаў натарыяльнай дзейнасці і органаў натарыяльнага самакіравання, аплаты працы натарыуса, аплаты яго дзеянняў і паслуг і іншых.

Праект закону ліквідуе такія паняцці, як «дзяржаўны натарыус» і «прыватны натарыус», «дзяржаўная натарыяльная кантора», «ведамасныя натарыяльныя архівы», выключае норму пра ліцэнзаванне прыватнай натарыяльнай дзейнасці і пашырае паняцце «натарыяльная тайна». Апошняя ўключае ў сябе не толькі натарыяльныя дзеянні, але і тыя сведчанні, якія натарыус атрымаў, калі даваў кансультацыю грамадзянам і юрыдычным асобам. Таксама пашыраюцца паўнамоцтвы Беларускай натарыяльнай палаты.

Колькасць змен і дапаўненняў, якія ўносяцца ў закон «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», складае больш за палову яго тэксту, таму размова ідзе, па сутнасці, пра новую рэдакцыю закону.

У пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта, Беларускай і Мінскай гарадской натарыяльных палат, Савета Рэспублікі і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Па выніках пасяджэння было вырашана працягнуць падрыхтоўку законапраекта да першага чытання.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?