Вы тут

Як становяцца салдатамі


Лістападаўскія прызыўнікі — ужо ў вайсковых часцях. Яшчэ ўчора маладыя хлопцы былі ў віры цывільнага жыцця. А сёння — новенькі, халаднавата-нязграбны камуфляж, нязвыклы і вельмі афіцыйны зварот «таварыш салдат» ды строгі старшына, які цяпер пачаткоўцам замест таты і мамы. І толькі стракатая куча куртак, кашуль і джынсаў, складзеных у капцёрцы, нагадваюць пра дзень учарашні...

У 72-і гвардзейскі аб'яднаны вучэбны цэнтр прыбылі каля трохсот навабранцаў. І да канца армейскіх будняў усе яны застануцца служыць у сталым саставе армейскай «вучэбкі». Гэта будучыя малодшыя камандзіры, вадзіцелі ваенных аўтамабіляў, інструктары па ваджэнні баявых машын, сувязісты, спецыялісты па рамонце бранятанкавай тэхнікі. Пакуль на фоне бывалых салдат пачаткоўцы відавочна вылучаюцца: усе з прычоскай «пад нуль». Не аблегла на плячах новенькая ваенная форма, рухі часам няўпэўненыя. Хлопцы яшчэ не зусім асвоіліся ў вайсковым калектыве, не да ўсяго прызвычаіліся. Але гэта, як той казаў, справа нажыўная: салдатамі не нараджаюцца, імі становяцца.

У гэтай вучэбнай часці, якой камандуе падпалкоўнік Андрэй Чухлеб, адказна падрыхтаваліся да сустрэчы новага папаўнення. Навабранцам адвялі добраўпарадкаваныя ўтульныя памяшканні. Выдалі ўсё лепшае: новенькую ваенную форму, беласнежную пасцельную бялізну, мяккія матрацы і падушкі, пушыстыя коўдры. Словам, стварылі ўсе неабходныя ўмовы не толькі для службы, але і для жыцця.

Пра гэта пачаткоўцы ўжо ў першы дзень знаходжання ў арміі паспелі расказаць сваім бацькам па тэлефоне. Каб не хваляваліся: у казарме, дзе зроблены еўрарамонт, менш за 19 градусаў не бывае, у салдацкай сталовай кормяць смачна і сытна. А яшчэ ў кожным падраздзяленні ёсць плазменны тэлевізар, пральная машына, абсталяваныя бытавыя пакоі.

20-12

Радавы Васіль Масальскі асвойвае абавязкі няштатнага цырульніка падраздзялення.

Працаваць з новым папаўненнем камандаванне вучэбнай часці даверыла самым вопытным і адказным афіцэрам і прапаршчыкам, здольным зацікавіць пачаткоўцаў службай. Увесь сяржанцкі састаў укамплектавалі з хлопцаў, за плячыма якіх як мінімум год працы з падначаленымі.

— Навабранцаў можна параўнаць з пластылінам: якіх салдат мы «вылепім» з іх, такімі яны і будуць, — заўважыў у гутарцы падпалкоўнік Андрэй Чухлеб. — Таму «ставіць на крыло» ўчарашніх школьнікаў і студэнтаў даверылі толькі самым лепшым камандзірам, якія, як той казаў, не раўняюць усіх пад адзін грэбень, а выкарыстоўваюць індывідуальны падыход.

Камандзір роты новага папаўнення капітан Валянцін Аўтуховіч працуе з моладдзю ўжо больш за пяць гадоў. Вопыту не займаць. Паглядзіць на навабранца — і адразу бачыць, які ключык падыходзіць да яго душы.

— Калі парог казармы пераступілі цяперашнія прызыўнікі, — падзяліўся назіраннямі дасведчаны афіцэр, — у вачах толькі некаторых заўважыў разгубленасць. У большасці ж хлопцаў — гарыць іскрынка цікавасці: да арміі, да яе ўкладу жыцця. А гэта сведчыць пра адно: прызыўнікі не напалоханыя службай, упэўненыя ў сабе.

Пасля водных працэдур і пераапранання ўзвод навабранцаў пакідае салдацкую лазню. Вяртаючыся ў казарму, па камандзе сяржанта Рамана Лапкоўскага паспрабавалі перайсці на страявы крок. І хоць атрымаўся «гарох», адчувалася ўсеагульнае старанне.

20-11

Сяржант Яраслаў Тарасюк вучыць радавых Арцёма Майсевіча і Сяргея Стральчэню правільна падшываць падкаўнерык.

 

З чарговымі вайсковымі цяжкасцямі пачаткоўцам давялося сутыкнуцца пры запраўцы ложка, падшыванні падкаўнерыка, прасаванні абмундзіравання. Быццам невялікая хітрасць — падшыць беласнежны падкаўнерык. Але, як аказалася, для большасці гэта цэлая навука, якая непарыўна звязана з «іголкатэрапіяй».

— Нават не ўяўляў сабе, што гэта так складана, — адкрыта прызнаўся радавы Васіль Масальскі са Светлагорскага раёна, чарговы раз укалоўшы палец іголкай. — Да арміі мне ўсё рабіла мама, а тут вось самому давялося займацца «немужчынскай» справай.

А вось калегі «пакутніка», радавыя Арцём Майсевіч і Сяргей Стральчэня, пры падшыванні падкаўнерыка не лічылі ганебным звярнуцца па дапамогу да сяржанта Яраслава Тарасюка. Вопытны намеснік камандзіра ўзвода не толькі дапамог ім хутка справіцца з пастаўленай задачай, але і падказаў іншым навабранцам, як правільна абыходзіцца з ніткай і іголкай.

У цэлым жа, па словах ваеннага псіхолага — выкладчыцы вучэбнай часці лейтэнанта Ірыны Пазняк, жаданне служыць у навабранцаў ёсць. Прынамсі, ніводзін з салдат не прызнаўся падчас гутаркі, што хацеў бы прайсці вайсковую школу завочна. Акрамя таго, некаторыя не ўтойваюць, што ў войска прыйшлі па... ідэальную характарыстыку ад камандавання, каб пасля тэрміновай пайсці ў МНС, у органы правапарадку, у пазаведамасную ахову. Большасць жа навабранцаў ад службы хочуць, як яны кажуць, умацаваць малады арганізм, падтрэніраваць мышцы, набыць неабходныя веды і навыкі па ваенна-ўліковай спецыяльнасці, якія абавязкова спатрэбяцца ім у далейшым жыцці.

Выпускнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сяргей Каўтуноў шчыра прызнаўся, што на службу прыбыў, каб сур'ёзна падрыхтаваць сябе да далейшага самастойнай жыцця, навучыцца граматна і без перагібаў працаваць з людзьмі. У яго «цывільнай» прафесіі выкладчыка фізічнай культуры гэта вельмі важна. А арганізатарскія здольнасці можна развіць толькі ў арміі.

Што ж, першыя ўражанні аб пачатку тэрміновай ваеннай службы ў навабранцаў добрыя. І гэта толькі настроіць іх на добрую службу.

Мікалай Макарэвіч. Фота аўтара.

г. Барысаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.