Вы тут

БУСЛІНЫ, СОНЕЧНЫ КРАЙ…


Менавіта такою паўстае наша краіна ў творах, якія аздабляюць залы Палаца Незалежнасці

Год таму ў сталіцы з'явіўся Палац Незалежнасці — новы асяродак культуры. Культуры ў самым шырокім сэнсе слова — палітычнай, эканамічнай, культуры зносін і, вядома ж, культуры творчасці. За год у залах Палаца Незалежнасці адбылося нямала знакавых не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету падзей.

Відаць, нікога не трэба пераконваць у тым, што добразычлівая, працоўная і ў той жа час урачыстая атмасфера сустрэч і перамоў у многім залежыць ад агульнага настрою, атмасферы таго месца, дзе яны адбываюцца. Можам з гонарам сцвярджаць, што не толькі архітэктары, але і мастакі зрабілі ўсё, каб у залах Палаца Незалежнасці праз вобразы, колеры, рытміку ліній перадаць сам дух нашай Бацькаўшчыны — зямлі мірнай, добразычлівай, шчодрай. Сёння мы пагаворым пра серыю карцін для адной з зал палаца, над якімі працавалі вядомыя далёка за межамі нашай краіны выдатныя жывапісцы, графікі, майстры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Уладзімір Вішнеўскі, Віталь Герасімаў, Андрэй Савіч, Уладзімір Савіч, Рыгор Сітніца і Леанід Хобатаў.

Усе мастакі — вядомыя ў нашай краіне асобы. Але, галоўнае, што іх усіх яднае, — гэта тое, што яны любяць і выдатна ведаюць родны свой край. Беларусь, якую яны адкрылі і не стамляюцца адкрываць не толькі нам, але і ўсяму свету, стала для кожнага з іх галоўнаю тэмаю творчасці.

Людзей найлепш яднаюць агульная праца і прыгожыя святы. У другой палове дваццатага стагоддзя філосафы нават заўважылі, што на змену «чалавеку разумнаму» прыйшоў «чалавек святкуючы». У нашай мове слова «свята» суадносіцца са словам «святое». Свята — гэта не бяздумная весялосць, а заўжды далучанасць да традыцый свайго народа, а праз іх — да Вечнасці. І першае палатно — «Беларускі дом. Восень. Свабода. Танец» — шматгалоснае, паўнагучнае, вяртае нас да традыцыйнага беларускага Вяселля. Колеры, гукі роднай зямлі канцэнтруюцца ў народных строях, ручніках, у жывых, пазнавальных характарах. Сама прырода шчодра вітае маладых кветкамі і сакавітымі пладамі. А франтон новага дома, парог якога рыхтуюцца пераступіць маладыя, пазначаны традыцыйным для Беларусі салярным (сонечным) знакам. Мы баронімся ад зла дабром, мы сцвярджаем сваю незалежнасць, рупліва працуючы на сваёй роднай, Богам дадзенай нам зямлі.

Куды запрашаюць гасцей? На свята. Дзе, як не ў святочных строях адзення, дзе, як не ў песнях, музыцы, танцах раскрываецца душа народа? Мастакі прапануюць здзейсніць святочнае падарожжа па Беларусі. Вось «Падняпроўе. Зіма. Каляды». І пад сонцам снег шчодра раскрывае ўсе адценні белага. Зорка, звязда, у руках калядоўшчыкаў успрымаецца знакам шчасця і дабрабыту. Нашы продкі былі мудрыя людзі. І паступова многія хрысціянскія святы і традыцыі натуральна спалучыліся з традыцыйнымі народнымі. Прырода, як і Бог, вучыць чалавека быць міласэрным, шчырым, добразычлівым, вучыць любіць і кахаць.

Яшчэ адзін твор — «Панямонне. Лета. Купалле» — вяртае нас да самага таемнага, прыгожага беларускага свята Купалля (хрысціяне якраз у гэты час адзначаюць Нараджэнне Іаана Хрысціцеля). Мастакі з'ядналі ў адзіным каларыце дзве стыхіі — ваду і агонь — і па-над усім вясёлкавым ззяннем вылучылі жывую, рэальную кветку шчасця — нашу Папараць-кветку. «Падзвінне. Браслаўшчына. Восень. Дажынкі» ўражвае пазнавальнай безданню далягляду і нагадвае пра шчодрасць нашай зямлі. Плады, каласы, кветкі… Вынік руплівай, нялёгкай працы на зямлі. І як жа хораша яны глядзяцца на бялюткіх рукатворных ільняных тканінах! А вось палатно «Цэнтральная Міншчына. Ткацтва. Слуцкія паясы» прысвечана нашым здабыткам культурным. Слуцкія паясы — гэта не толькі ўнікальныя творы мастацтва, сведчанне высокага прафесіяналізму і адметнага густу нашых майстроў. Гэта яшчэ і знак нашай высокай культуры і цывілізаванасці ў гістарычным кантэксце. Мы вяртаемся да часоў Вялікага Княства Літоўскага, дзе мусім шукаць вытокі сваёй прагі незалежнасці, сваёй гістарычнай годнасці і прызнанай ужо тады ў свеце беларускай мовы. Слуцкія паясы — гэта і адвечная непарыўная сувязь нашага прафесійнага мастацтва з народнай традыцыяй. У рытміцы слуцкіх паясоў, кажуць навукоўцы, чытаецца рытміка народных ручнікоў.

Мы маем шчодрую зямлю, нам ёсць што ахоўваць. І тут мастакі знаходзяць дакладныя мастацкія вобразы-алегорыі. У палатне «Брэстчына. Белавежская пушча» сама прырода ахоўвае наш Беларускі дом. Сімвалічнае Дрэва жыцця, што сягае каранямі глыбока ў гісторыю і цягнецца галінкамі, на якіх спяваюць птушкі, да неба, у будучыню, ахоўваюць мужныя, непахісныя зубры. А ў нябеснай прасторы, сягаючы да сонца, кружаць буслы. Усе творы натхняюць і быццам нагадваюць: тут, на Беларусі, людзі ўмеюць працаваць і святкаваць. Тут шануюць традыцыі, гісторыю і з надзеяй глядзяць у будучыню.

20-20

Не толькі архітэктары, але і мастакі зрабілі ўсё, каб у залах Палаца Незалежнасці праз вобразы, колеры, рытміку ліній перадаць сам дух нашай Бацькаўшчыны — зямлі мірнай, добразычлівай, шчодрай.

Гэта выдатна ведаюць аўтары серыі палотнаў у Палацы Незалежнасці, што ў алегарычнай, блізкай па стылістыцы да традыцыйнай народнай мастацкай мовы форме, здаецца, увасабляюць адвечнае ахоўнае кола, ахоўнае поле Беларусі. Усе мастакі — вядомыя ў нашай краіне асобы, яны актыўна ўдзельнічаюць у выстаўках і пленэрах, з'яўляюцца аўтарамі знакавых для беларускага мастацтва твораў. Але, галоўнае, што іх усіх яднае, — гэта тое, што яны любяць і выдатна ведаюць родны свой край. Яны, класікі сучаснага мастацтва, прыехалі вучыцца ў сталіцу з розных куткоў Беларусі, а потым з эцюднікамі і альбомамі аб'ехалі яе ўсю: яны замалёўвалі яе краявіды, людзей, помнікі, яны бачылі ў ёй тое, што можа ўбачыць толькі мастак… Беларусь, якую яны адкрылі і не стамляюцца адкрываць не толькі нам, але і ўсяму свету, стала для кожнага з іх галоўнаю тэмаю творчасці. У скарбніцу беларускай графікі ўвайшлі ўнікальныя па мелодыцы ліній і вобразаў афорты да кнігі «Вянок беларускіх народных песень» Уладзіміра Вішнеўскага, серыя шчымлівых, дарагіх кожнаму беларусу вясковых малюнкаў «Святло адвечнае» Рыгора Сітніцы. Віталь Герасімаў убачыў Каложу і іншыя помнікі нашай архітэктуры ў іх жывапіснай, містычнай еднасці з навакольнай прыродай. Выдатны жывапісец Леанід Хобатаў — адзін з аўтараў мастацкага рашэння станцыі метро «Няміга». Уладзімір Савіч яшчэ напачатку свайго творчага шляху, па сутнасці, вывеў вобразныя формулы-архетыпы нашай культуры — напрыклад, адкрыў нам, як падобны постаці жанчын у намітках на схіленыя пад ветрам ядлоўцы — і здолеў перадаць праз каларыт нават «Смак мёду». І Андрэй Савіч, самы малады з усіх, углядаючыся ў структуру вострасучасных вобразаў, у пошуках камертона гармоніі раз-пораз вяртаецца да той самай непарушнай для кожнага з нас атлантыды традыцый. Пры ўсёй абагуленасці, алегарычнасці кампазіцый у Палацы Незалежнасці, яны нават у дэталях этнаграфічна дакладныя. Пры ўсёй дэкаратыўнай паўнагучнасці маюць у сабе ўласцівы толькі нашай зямлі камертон гармоніі і суладнасці, да якога добра было б, каб прыслухаліся ў свеце.

Галіна БАГДАНАВА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.