Вы тут

Валютным махінацыям «падрэзалі крылы»


Цяпер у абменніках пакупнікі замежных грошай часова будуць аплачваць яшчэ і 30% камісіі, якія пойдуць у бюджэт краіны

20-36

Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміках сумежных дзяржаў, і ў першую чаргу — у Расійскай Федэрацыі, урадам і Нацыянальным банкам краіны прыняты шэраг мер, накіраваных на недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках Беларусі і павышэнне прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце. Пра гэта паведаміў учора на брыфінгу першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

Прывабнасць дэпазітаў у рублях

Цяпер сваім рашэннем Нацыянальны банк павышае да 50% гадавых працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да прапарцыянальнага павелічэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце. Больш за тое, сёння ўсімі буйнымі беларускімі банкамі ўводзіцца тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змене абменнага курсу беларускага рубля. Гэта робіць зберажэнні ў нацыянальнай валюце абароненымі ад курсавых рызык і павышае іх прывабнасць у параўнанні з замежнай валютай.

Без абмежаванняў, але з камісіяй

З улікам узрослага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынята сумеснае рашэнне аб часовым увядзенні 30% збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць гэты збор пры набыцці валюты на біржы, а грамадзяне — у выглядзе камісіі пры куплі ў банках. Выплачаныя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт. Такім чынам, дадаткова атрыманыя грошы ад продажу валюты не застануцца ў банках, а будуць накіраваны на далейшае развіццё нашай эканомікі.

Пры гэтым падыходы да курсаўтварэння на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. Любы грамадзянін зможа здзяйсняць куплю і продаж валюты без абмежаванняў, суб'екты гаспадарання — на Беларускай валютна-фондавай біржы. Ажыццяўленне аперацый куплі-продажу замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь на пазабіржавым валютным рынку часова прыпыняецца. Для суб'ектаў гаспадарання існуе толькі адно выключэнне. Новы механізм канвертацыі замежнай валюты не будзе выкарыстоўвацца ў тым выпадку, калі яна пойдзе на куплю электрычнасці, газу і нафты за межамі краіны.

А вось купляць валюту з мэтай наступнага продажу па больш высокім курсе стала цяпер бессэнсоўна, лічыць першы намеснік кіраўніка Апарату Савета Міністраў — кіраўнік сакратарыята прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Забароўскі.

«Цяпер у кожнага эканамічнага агента ёсць выбар: захаваць дэпазіты ў беларускіх рублях па стаўцы каля 50% (гэта значыць, з сур'ёзнай прыбытковасцю) альбо змясціць грошы на ўклад «Гарант», дзе яны застрахаваны ад курсавых рызык. Калі ж грамадзянін выбірае
куплю валюты, то павінен заплаціць камісію».

Валюты хопіць усім

Так, Тарас Надольны адзначыў, што ў апошнія дні ў краіне назіраўся недахоп наяўнай замежнай валюты. Пры такім ажыятажным попыце на яе з боку насельніцтва гэта і не дзіўна, бо ў нас замежныя банкноты долараў і еўра не друкуюць. Прадстаўнік Нацбанка паведаміў, што цяпер галоўны рэгулятар гэтыя пытанні вырашае аператыўна. Валюта заказана ў замежных банках. Таму ў бліжэйшыя дні ў абменных пунктах яна будзе ў дастатковай колькасці. «Як гаворыцца, самалёты ўжо на падлёце», — сказаў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.

Больш паважаць свае грошы

Адначасова становяцца больш жорсткімі падыходы да правядзення грашова-крэдытнай палітыкі для абмежавання росту грашовай масы і павелічэння «кошту» грошай.

У прыватнасці, банкам рэкамендавана не дапускаць да 1 лютага наступнага года павелічэння крэдытнага партфеля ў беларускіх рублях і не ажыццяўляць змяненне валюты грашовых абавязацельстваў пазычальнікаў па крэдытных дагаворах.

Адначасова прынята рашэнне аб непрымяненні да банкаў мер нагляднага рэагавання за невыкананне з 18 снежня сёлета да 1 студзеня 2015 года патрабаванняў пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі ад 22 красавіка 2014 года № 260 «Аб максімальным памеры працэнтных ставак па аперацыях банкаў па прадастаўленні грашовых сродкаў (крэдытаў) юрыдычным асобам — рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Прынятыя меры дадуць магчымасць павысіць прывабнасць зберажэнняў у беларускіх рублях, збалансаваць валютны рынак ва ўмовах павышанага попыту на замежную валюту і не дапусціць росту спекулятыўных настрояў.

З мэтай канцэнтрацыі ўсіх валютных патокаў сёння прапануецца ажыццяўляць кансалідацыю здзелак на біржавым рынку. Таму пакуль часова — папярэдне да 1 лютага 2015 года — мяркуецца прыпыніць правядзенне аперацый на пазабіржавым рынку, паведаміў намеснік кіраўніка Нацбанка. Ён звярнуў увагу на тое, што гэта падтрымліваецца рашэннем Нацбанка аб павелічэнні з 19 снежня для суб'ектаў гаспадарання — рэзідэнтаў Беларусі — нормы абавязковага продажу валютнай выручкі, якая паступае ў краіну, да 50%.

Тарас Надольны запэўніў, што ўсе меры, якія прымаюцца рэгулятарам і ўрадам, змогуць дазволіць у досыць хуткай перспектыве стабілізаваць напружанасць, збалансаваць попыт на валютным рынку з прапановай валюты, захаваць золатавалютныя рэзервы і не дапусціць росту спекулятыўных настрояў, якія пачынаюць праяўляцца.

Абвалу рубля не будзе — бо няма падстаў

Беларускі рубель не трапіць у такое ж становішча, як расійскі, запэўніў журналістаў Аляксандр Забароўскі. Чыноўнік упэўнены, што ўрадам і Нацбанкам краіны прыняты самыя рашучыя меры на валютным рынку, каб усе яго ўдзельнікі ясна разумелі, што спаду курсу беларускага рубля ў піке пад уздзеяннем ажыятажнага попыту дапушчана не будзе. «Мы разумеем, што ажыятажны попыт на валюту справакаваны чаканнямі з-за рэзкага падзення курсу ў нашага асноўнага гандлёвага партнёра. А раўнаважны курс расійскага рубля да гэтага часу не вызначаны. І за ім у гэтую нявызначанасць беларускі рубель не пойдзе», — адзначыў Аляксандр Забароўскі.

Ён падкрэсліў, што рашэнні ў галіне валютнай палітыкі прыняты і рэалізуюцца выключна рынкавымі інструментамі. Валютны рынак, як і любы іншы, падпарадкоўваецца законам попыту і прапановы. Таму палітыка рэгулятара і ўрада — рэзка знізіць попыт на валюту і павялічыць яе прапанову, лічыць Аляксандр Забароўскі.

Больш за тое, нейкага эканамічнага абгрунтавання валютнага ажыятажу сёння не існуе, лічыць спецыяліст. Дэфіцыт плацежнага балансу Беларусі зніжаны сёлета на 2 млрд долараў. Грашова-крэдытная і бюджэтна-падатковая палітыкі дзяржавы, а таксама структурныя меры даюць магчымасць забяспечыць рэнтабельнасць, эфектыўнасць і стабільнасць на беларускім валютным рынку, упэўнены прадстаўнік урада.

Паводле яго слоў, налета з 1 студзеня ў нашу краіну ў поўным аб'ёме пачнуць паступаць усе вывазныя мытныя пошліны ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, знізіцца кошт прыроднага газу, імпартнай сыравіны і матэрыялаў. Ва ўрадзе ўпэўнены, што гэта акажа сур'ёзнае станоўчае ўздзеянне на плацежны баланс краіны. Аляксандр Забароўскі адзначыў, што развіццё эканомікі Беларусі не будзе спынена, а працоўныя калектывы і прадпрыемствы будуць падтрыманы. Урад і Нацыянальны банк забяспечаць маніторынг становішча на валютным рынку і прымуць вычарпальныя меры для забеспячэння яго стабільнасці.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».