Вы тут

Неабходна адаптацыя да знешніх і ўнутраных умоў


Учора на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч агучыў вынікі 2014 года і праграму па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2015 годзе. Пасля чаго на заключных пасяджэннях пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў і шостай сесіі Савета Рэспублікі быў разгледжаны дэкрэт Прэзідэнта №5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» і ратыфікаваны дагавор аб далучэнні Рэспублікі Арменія да дагавора аб ЕАЭС. Верхняя палата парламента таксама ўхваліла бюджэтны пакет законапраектаў на наступны год.

Няпросты новы год

Ва ўрадзе чакаюць, што ў 2015 годзе прыйдзецца вырашаць яшчэ больш складаныя задачы, бо сітуацыю ва Украіне і Расіі па-ранейшаму складана спрагназаваць. Да таго ж, ва ўласнай краіне дастаткова ўнутраных пытанняў, якія трэба вырашаць.

«У 2015 годзе ўпершыню запланаваны тэмп росту ВУП на ўзроўні 100,2-100,7% і ўпершыню плануем зніжэнне экспарту нашых тавараў і паслуг, — сказаў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. — Гэта мінімальныя паказчыкі, але мы павінны рабіць усё неабходнае для таго, каб рэальныя дасягненні былі адносна вышэйшымі».

У сувязі з гэтым, на думку Пятра Пракаповіча, трэба адаптавацца да знешніх і ўнутраных умоў і зрабіць усё неабходнае для таго, каб забяспечыць у наступным годзе тэмп росту рэальных даходаў насельніцтва ў памеры не менш за 101-102% і забяспечыць збалансаванасць эканомікі. Адной з найважнейшых задач на 2015 год з'яўляецца дасягненне станоўчага сальда знешняга гандлю.

«Хоць мы і плануем адмоўнае сальда, але павінны па максімуме нарошчваць экспарт і скарачаць імпарт, каб у выніку атрымаць станоўчае сальда. Гэта будзе асновай для збалансаванасці нашай эканомікі», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. Таксама Пётр Пракаповіч лічыць, што неабходна павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі краіны, айчынных тавараў і паслуг.

«Мы губляем сёння і знешні, і ўнутраны рынкі з-за таго, што недастаткова высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці нашых тавараў і паслуг. На жаль, кожны год павялічваем імпарт тавараў унутры краіны, але гэтую тэндэнцыю трэба ў наступным годзе спыніць і імпарт скараціць», — растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Што тычыцца страты знешніх рынкаў, то, паводле інфармацыі Пятра Пракаповіча, раней доля Беларусі на рынку Расіі складала 9,5%, сёння знізіліся да 5%.

Замест «палучкі» — заработная плата

Прадстаўляючы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў дэкрэт №5, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна падкрэсліла, што гэты дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці гаспадарання, забеспячэнне належных умоў працы ў арганізацыях, незалежна ад формаў уласнасці. «Нормы дэкрэта накіраваны на ўдасканаленне работы па падборы і расстаноўцы кіруючых кадраў, на павышэнне персанальнай адказнасці кіраўнікоў за кадравыя рашэнні, на павышэнне адказнасці кожнага работніка за свой участак работы», — сказала міністр.

Дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Вольга Палітыка заўважыла, што гэта не першы дакумент падобнага кшталту, які разглядае парламент пятага склікання. «Ці эфектыўныя гэтыя меры больш жорсткага ўздзеяння і абмежавання?» — спытала яна міністра.

— Там, дзе кадры граматныя, мы ўбачым павышэнне эфектыўнасці, — адказала Марыяна Шчоткіна. — Мы павінны пераключыцца з тых часоў, калі былі заданні па росце заробку. Мы павінны ўвайсці ў эканамічныя законы, замяніць слова «палучка» паняццем «заработная плата». Самае галоўнае цяпер — бяспека і эканоміка, якая працуе і якая залежыць ад кожнага работніка.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ігар Станкевіч звярнуў увагу на тое, што асноўнай мэтай дэкрэта №5 з'яўляецца павышэнне дысцыпліны як кіруючых работнікаў, так і іх падначаленых. «Сёння рынак сур'ёзна змяняецца і абставіны патрабуюць прыняцця хуткіх і правільных рашэнняў ад кіраўнікоў. Таму ў дэкрэце ёсць адпаведныя палажэнні, дзякуючы якім кіраўнік можа аператыўна прымаць рашэнні ў выпадку змянення кан'юнктуры рынку, — паведаміў дэпутат. — Тыя палажэнні, якія звязаны менавіта з дысцыплінай працы і адказнасцю, з'яўляюцца асноўным крытэрыем, паводле якога ўсе пытанні будуць вырашацца больш эфектыўна для працы прадпрыемстваў і арганізацый».

Пазней дэкрэт №5 пракаментавалі сенатары.

— Каб быць паспяховымі на рынку, нам патрэбна мець, як мінімум, прадукт, які па якасці і цане адпавядае патрабаванням спажыўца. Каб стварыць такі прадукт, мы павінны валодаць сучаснымі тэхналогіямі, абсталяваннем, правільна арганізаваць вытворчасць і мець граматны, матываваны на вынік персанал, — сказаў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Анатоль РУСЕЦКІ. — Важна таксама, каб арганізацыя знаходзілася ў добрым макраасяроддзі, якое таксама садзейнічае выніку. У дэкрэце ўсё гэта адлюстравана. Дэкрэт павінен даць сінергетычны эфект за кошт таго, што дакладна вызначыў абавязкі кіраўніка, прапісаў меру адказнасці ўсіх удзельнікаў вытворчага працэсу і стварыў умовы для выбудоўвання ўзаемаадносін як паміж органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі ўладамі, так і ўнутры калектыву.

У Палаце прадстаўнікоў учора таксама былі разгледжаны кадравыя пытанні: на пасаду старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры быў выбраны Аляксандр Сягоднік, яго намеснікам стала Наталля Кучынская.

Ілья КРЫЖЭВІЧ,

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?