Калі старая Масква ў інтэлектуала сярэдняй рукі асацыюецца з Гіляроўскім, то стары Віцебск у яго павінен быць запаралелены з не менш слаўным прозвішчам Нікіфароўскага. Прынамсі, з апісанымі Мікалаем Якаўлевічам аптэкай канца ХІХ стагоддзя, што рэкламуе сябе шклянкамі, поўнымі аптымістычна настроеных п'явак, ці цырульняй, у якую запрашае грамадзянін з напалову пастрыжанай барадой.
Калі вы едзеце праз Віцебск, папярэдне начытаўшыся Нікіфароўскага, то піцэрыі з акна аўтамабіля здаюцца вам корчмамі, пазначанымі смажанай гускай з апетытна ўваткнутым у бок відэльцам. А шлях ваш, магчыма, ляжыць на поўнач ад горада, у бок пасёлка Руба, у сядзібу мастака Рэпіна, якую той самы Нікіфароўскі быць не можа каб не наведваў.
Набыўшы ў 1892‑м паблізу Віцебска ў «престарелой девицы» па імені Соф'я Арсенцьеўна занядбаны фальварак Сафіеўка, Ілья Яфімавіч Рэпін, не доўга думаючы, даў яму новую назву — Здраўнёва. І так апантана ўзяўся за перабудову, што ў выніку атрымаўся даволі прывабны, у тры ярусы з вежаю, церам. Яго, праўда, потым разабралі на дровы, затым узнавілі, ператварыўшы ў піянерскі лагер, пасля чаго рэарганізавалі ў музей, які, у сваю чаргу, перажыў пажар і яшчэ адно ўзнаўленне. Такім чынам, едучы ў Здраўнёва па ўражанні, мы сябе не падманваем, ведаючы, што з «аўтэнтычнага» там толькі — загінайце пальцы — склеены з асколкаў фарфоравы кубак (з залатым надпісам «Дзень анёла» на белым полі), сурвэтка (карункавая, выканана ў тэхніцы «філе», вельмі прыгожая), кавалак тытунёвай люлькі, два дыванкі і — злева ад ганку церама — склеп-лядоўня з мясцовай даламітавай скалы («дзікага каменю», як казаў Рэпін) з адзнакай на фасадзе «1895». Але сталовая была раней такой самай, і стол з белым абрусам сервіраваўся гэтак жа: прыборы — на металічных падстаўках-«лавачках», кампотніца — са сціплымі курчавымі лілеямі, цукерніца — на зграбнай ножцы, а побач — шэры крутабокі самавар. І той самы Нікіфароўскі тут, далібог, частаваўся, як і іншыя краязнаўцы, у тым ліку Аляксей Сапуноў, працу якога Ілья Яфімавіч ухваляў, бо і сам гісторыяй Віцебска зацікавіўся не на жарт (іначай «Прамова Ясафата Кунцэвіча» — уніяцкага пакутніка, за гвалтоўную смерць якога Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права — не атрымалася б у яго такой выразнай).
І славуты фатограф Сігізмунд Юркоўскі тут дакладна бываў. Ён трымаў атэлье ў Віцебску на Замкавай, але аднойчы сфатаграфаваў Рэпіна ў яго майстэрні — і добра, што гэта адбылося, бо калі інтэр'ер сталовай узноўлены тут па ўспамінах унучкі мастака, то майстэрня — акурат па фотаздымку Юркоўскага.
На пісьмовым стале здраўнёўскай майстэрні стаіць драўляная скрыня з кнігамі розных фарматаў. Наўрад ці Рэпін іх калі чытаў, бо і стол гэты яго не памятае, і скрыня — адно што перадае атмасферу. Але апошняя літаральна пранізвае цябе як турыста нечым няўлоўным і прывабным адначасова. Вось тут, у гэтым месцы, у такой самай майстэрні, за такім самым сталом Рэпін пісаў лісты да Таццяны, дачкі Льва Талстога. «Вспоминаю утренний кофе у вас на крокете в Ясной Поляне. Но у нас сейчас тоже появилась ровная, слегка покатая к Двине площадка для крокета». Гэтую пляцоўку ўзнавілі, і ў ясныя дні наведвальнікі сядзібы проста могуць згуляць партыю ў кракет. Што да лістоў, то яны былі доўгімі, падрабязнымі і трапяткімі. Тут, у сядзібе, яны цытуюцца перад наведвальнікамі так часта, што міжволі ўзнікаюць пытанні. Адказы можна шукаць у дзённіках Таццяны Львоўны.
«Получила в прошлую почту письмо от Репина. Он пишет, что мои письма для него — большая радость. Я бы желала знать, такая же ли, как его письма для меня?». Дваццацівасьмігадовай незамужняй Таццяне Рэпін быў «очень интересен как художник» і «мил как человек». «Но я чувствую, что, хотя я ему друг, — пісала яна, — он мне другом быть не может. В Ясной под конец его пребывания тётя Таня стала намекать на то, что у него больше, чем простое участие ко мне, и что он уезжает от этого… и мне самой минутами казалось, что в наших отношениях было что-то не то. Но теперь через переписку мы установили те отношения, которые желательны, и я ни за что их не потеряю». З яе натурай ёй лёгка было закахацца, што, відаць, і адбылося на нейкі час. А ўвогуле яны, як і ўсе ў іх час, пісалі адно аднаму з той самай прычыны, з якой сёння перапісваюцца ў сацсетках.
З першай жонкай, дачкой архітэктара, Рэпін разышоўся яшчэ да здраўнёўскага перыяду, а з'ехаў адсюль канчаткова, купіўшы «Пенаты», калі сышоўся з другой, журналісткай. Здраўнёўскі перыяд мастак лічыў не вельмі плённым, але… як сказаць. Тут ён закахаўся ў сонца! Убачыў яго быццам упершыню — і ў вачах закруціліся дыскі. І «всякий солнечный день — к восходу солнца — я бежал на берег Западной Двины, от дому шагов 30‑ть. Алчно глотал: и тон неба, — розовых, перистых облаков над солнцем, и как дополнения: обмелевшую в продолжение лета Двину». Тую карціну ён падарыў Саву Мамантаву.
Падарожнічала Святлана Дзянісава.
Прагматыкам
Вяртаючыся да Нікіфароўскага. Член Рускага геаграфічнага таварыства, апантаны этнограф, ён у сваіх «Нарысах простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі» так смачна выпісаў побыт нашых калег-падарожнікаў з пазамінулага стагоддзя, што ніяк не выпадае яго тут не ўзгадаць. Пералічваючы гатункі хлябоў для «падарожных і ўвогуле няхатніх патрэб», ён спыняе ўвагу на лыпунах, якія пры выпяканні змазваюцца маслам або салам. «Таўшчыня лыпуна бывае ў пальцы два, але калі лыпун расплясканы значна танчэй ды пры тым таўсцейшы, чым блін, то ён называецца сочнем». Нашмараваны тонкім слоем прыпёкі і з ёю ж паўторна запечаны сочань «дае вядомы ўсім смачны ляпінь», які таксама «служыць падарожным патрэбам». Асобную «заедачную» страву, «застаючыся ласымі і ў дарозе», складаюць драчоны. А вось ладкі ад падарожнага голаду не ратуюць: яны «не змазваюцца зверху, як драчоны, і служаць заедачнай стравай пры якім-небудзь маканні, у дарогу яны не бяруцца».
Да чаго гэта ўсё? Ды каб ведаць наступным разам, якія хлябы ў дарогу збіраць.
Паслядоўнікам
Можаце паспрабаваць знайсці непадалёк магілу бацькі Рэпіна, старога рускага салдата, які таксама тут жыў і памёр напачатку лета 1894‑га. Яфім Васільевіч быў пахаваны на старэнькіх могілках у агароджы царквы ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У 1930‑я царкву разбурылі, і сляды магілы згубіліся, але прыблізнае месца пахавання адзначана гранітнай плітой і дубовым крыжам. Між іншым, сам мастак дазваляў сабе разважанні пра ўласнае пахаванне ў даволі дасціпнай манеры: «Я желал бы быть похороненным в своем саду… Я прошу у Академии художеств разрешения в указанном мною месте: быть закопанным (с посадкой дерева, в могиле же «ящика», то есть гроба, не надо)… Да, пора, пора подумать о могиле, так как Везувий далеко, и я уже не смог бы ныне доползти до кратера. Было бы весело избавить всех близких от всех расходов на похороны… Это тяжёлая скука».
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.