Вы тут

Мост Густава Эйфеля


У канцы ХІХ стагоддзя ён быў пабудаваны ў Баранавічах па праекце славутага француза. І гэтаму ёсць пацвярджэнне

Адным з найвялікшых геніяў інжынернай думкі на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў быў француз Густаў Эйфель. Ва ўсім свеце ён шырока вядомы сваімі дзіўнымі праектамі з металічных канструкцый. Асабліва папулярныя яго вежа ў Парыжы, жалезны каркас статуі Свабоды ў Нью-Ёрку, віядук дэ Гарабі ў Францыі... Але асаблівай любоўю і асноўным напрамкам работы Эйфеля былі масты. Яго нестандартныя рашэнні карысталіся неверагодным поспехам.

Дарэчы, на тэрыторыі Расійскай імперыі работы Густава Эйфеля былі запатрабаваныя не менш, чым у іншых краінах. Напрыклад, ён удзельнічаў у конкурсе на будаўніцтва Троіцкага моста ў Пецярбургу, часта выконваў заказы імперскіх чыгунак.

Сёння на тэрыторыі былога Савецкага Саюза захаваліся толькі два будынкі, да канструкцыі якіх прыклаў руку Эйфель. Гэта развадны мост у Ліепаі (былая Лібаве, Расійская імперыя) у Латвіі і мост ва Унгенах у Малдавіі. Унгенская пераправа пабудавана ў 1877 годзе, перад руска-турэцкай вайной — гэта значыць за 12 гадоў да ўзвядзення вежы ў Парыжы.

20-26

Фота пачатку ХХ стагоддзя. Падпаленая пільня на фоне разбуранага моста Эйфеля.

Але ж гэта далёка не поўны спіс інжынерных збудаванняў на тэрыторыі былой імперыі, створаных па праектах Густава Эйфеля. І таму ёсць пацвярджэнне.

У канцы ХІХ стагоддзя ў невялікім мястэчку Баранавічы размясцілася чыгуначная брыгада, для патрэб якой быў выкуплены вялікі ўчастак зямлі. На ім пабудавалі спецыяльны палігон для навучання салдат чыгуначнай справе. Палігон уяўляў сабой вузкакалейнае кольца працягласцю каля 7 кіламетраў. У цэнтры кольца размясціліся казармы для пражывання трох чыгуначных батальёнаў. У будаўніцтва гэтага палігона была ўкладзена каласальная па тых часах сума — больш за 300 тысяч царскіх рублёў! Салдаты батальёнаў вучыліся пракладваць чыгуначныя шляхі, вялі зямельныя работы для падрыхтоўкі пад кладку рэек, узводзілі масты.

Для вучэбных мэт на палігоне было адведзена спецыяльнае месца, дзе салдаты вучыліся ўзводзіць часовыя масты і пераправы. Размяшчаліся яны над ярам. Улетку яр выкарыстоўвалі яшчэ для стрэльбаў, калі батальёны чыгуначнай брыгады выступалі ў летні лагер. На палігоне было некалькі мастоў, але толькі некаторыя з іх трапілі ў кадр. Адным з іх быў разборны мост Эйфеля.

Першы вопыт выкарыстання моста Эйфеля вайскоўцы чыгуначнага батальёна атрымалі пры будаўніцтве чыгункі ў Кранштацкай крэпасці ў 1891 годзе, дзе была праведзена серыя доследаў па збіранні і разбіранні моста. А вось першае прымяненне на практыцы адбылося ў 1893 годзе, пры будаўніцтве Арана-Аліцкай веткі чыгункі Санкт-Пецярбург — Варшава.

Ваенным чыгуначнікам удалося тады на практыцы апрабаваць тэхналогію для паскоранага аднаўлення мастоў разборнай канструкцыі Эйфеля. Калі ўкладачная каманда дайшла да ракі Мерачанка, верхняя канструкцыя моста, заказаная кіраўнікамі Арана-Аліцкай чыгункі, яшчэ не была гатова. Узнікла пагроза поўнага прыпынення работ на няпэўны час. Выхад з гэтага становішча знайшлі дзякуючы ваенным чыгуначнікам — па камандзе начальніка Баранавіцкай чыгуначнай брыгады з палігона было дастаўлена верхняе збудаванне разборнага моста Эйфеля, якое выкарыстоўвалася ў вучэбных мэтах. Вось так ваенныя набылі досвед устаноўкі разборнага моста ў рэальных умовах.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны мост, як і ўся маёмасць брыгады, заставаўся на сваім месцы. Салдаты чыгуначных батальёнаў былі адпраўлены на фронт, а ў казармах і адміністрацыйных будынках размясцілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Вайна ўнесла свае карэктывы, і ў верасні 1915 года, у выніку спешнага адыходу Расійскай імператарскай арміі і перанясення Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў Магілёў, палігон чыгуначнай брыгады быў моцна разбураны. Частку абсталявання вывезлі, астатняе знішчылі. Сярод знішчаных збудаванняў аказаўся і разборны мост Эйфеля.

20-25

Паштоўка пачатку ХХ стагоддзя з выявай ваенных чыгуначнага батальёна. Злева — мост Эйфеля.

20-24

Густаў Эйфель.

На адным з фотаздымкаў разбурэнняў, зробленым немцамі, на фоне падарванай пільні відаць і зруйнаваны мост Эйфеля. На жаль, далейшы лёс гэтага моста невядомы. Пасля Першай сусветнай вайны згадкі пра яго не сустракаліся, магчыма, ён быў разабраны немцамі і выкарыстаны для патрэб нямецкай арміі.

Сёння на месцы яра, дзе знаходзіліся масты, размясціўся стадыён Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У народзе гэта месца называюць «конскія горы» — карані назвы ідуць ад больш позняга перыяду гісторыі горада Баранавічы. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Рамуальд Жабік.

Фотаздымкі, планы і паштоўкі з асабістага архіва аўтара

г. Баранавічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?