Вы тут

Андрэй БЕЛЯКОЎ: «Студатрадаўскія традыцыі — жыватворная глеба»…


 

image description

 

…калі туды кідаць зерне, то яна дасць цудоўныя плады

2015 год па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі быў абвешчаны ў Беларусі Годам моладзі. На 42‑м з'ездзе БРСМ першым сакратаром Цэнтральнага камітэта самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны быў абраны Андрэй БЕЛЯКОЎ. Мы сустрэліся з новым маладзёжным лідарам, каб даведацца, на якіх напрамках сканцэнтруе Саюз моладзі сваю работу ў найбліжэйшы час і ад чаго можа выйграць маладзёжная палітыка.

29-23

29-23

 

Пачуць маладых

—«Хацелася б, каб Год моладзі прайшоў заўважна. Калі ён пройдзе незаўважна — грош вам цана», — гэта сказаў у сваім выступленні на з'ездзе БРСМ Прэзідэнт краіны. Андрэй, як вы мяркуеце, ці зможа арганізацыя, якую вы ўзначалілі, зацікавіць сваімі праектамі і акцыямі ўсю беларускую моладзь?

—Будзем імкнуцца не расчараваць ні кіраўніка дзяржавы, які прадаставіў нам фактычна карт-бланш, падтрымаўшы нашу ініцыятыву, ні моладзь. Па-першае, мы павінны дакладна ўсведамляць, якая яна — сённяшняя моладзь, і адштурхоўвацца ад патрэб саміх маладых людзей.

Для прыкладу, сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што моладзь хвалюе матэрыяльны дабрабыт, памеры стыпендый і жыллёвая праблема. Значыць, трэба выбудоўваць сваю работу так, каб вырашаць і гэтыя пытанні. Праз унясенне адпаведных пунктаў у калектыўныя дагаворы на прадпрыемствах, праз арганізацыю другаснай занятасці навучэнскай моладзі, праз развіццё студатрадаўскага руху…

Другая праблема, якая хвалюе моладзь, — алкагалізм і наркаманія. Практычна палова моладзі ставіць гэту праблему на першае месца. Значыць, мы павінны прапанаваць маладым людзям здаровую альтэрнатыву — магчымасць далучыцца да шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў, да валанцёрскіх праектаў і студатрадаў. Сфарміраваць прыярытэт здаровага ладу жыцця. Менавіта таму Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі абвясціў бестэрміновую акцыю па антынаркатычнай прапагандзе «Асцярожна! Дарога ў пекла!».

29-21

29-21

 

Не менш важная задача — спыніць далейшае распаўсюджванне зла. Змагацца з ім трэба ўсімі даступнымі метадамі. Распаўсюджваць інфармацыю з нумарамі тэлефонаў службаў унутраных спраў для аператыўнага паведамлення пра любыя факты, звязаныя з абаротам наркатычных сродкаў праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Нядаўна нашы актывісты з Брэсцкай вобласці дапамаглі затрымаць наркагандляра. І гэта толькі адзін эпізод дзейнасці Маладзёжных атрадаў правапарадку, якія актыўна ўключыліся ў барацьбу са спайсамі.

Тое, што робіцца сёння на ўзроўні дзяржавы, мы толькі вітаем. Людзей, якія распаўсюджваюць наркотыкі, трэба караць вялікімі тэрмінамі пазбаўлення волі. Ва ўсіх павінна быць дакладнае разуменне таго, што калі ты сёння гандлюеш смерцю, то будзеш адказваць па поўнай праграме.

Трэці напрамак, які хвалюе маладых людзей, гэта працоўная занятасць. І ў гэтым плане мы лічым студатрадаўскі рух цудоўным прафарыентацыйным мерапрыемствам, паколькі работа ў студатрадах дапамагае многім заглыбіцца ў будучую прафесію, набыць практычныя навыкі, спрыяе прафесійнаму росту маладых спецыялістаў. Да таго ж гэта яшчэ і магчымасць для маладых людзей зарабіць уласныя грошы. Напрыклад, летась заробак некаторых «байцоў», якія рыхтавалі Заслаўе да Дня пісьменства, вагаўся ад 9 да 11 мільёнаў рублёў за месяц. Да таго ж і працаваць у студатрадах цяпер можна не толькі ўлетку, бо яны ствараюцца на працягу ўсяго года. Хачу падкрэсліць, што ўсё, што мы прапануем, знаходзіць самы непасрэдны водгук у моладзі.

Візітоўка БРСМ

—І ўсё ж такі, якія з праектаў БРСМ вы лічыце «брэндавымі»?

—Мяркую, што праект БРСМ «100 ідэй для Беларусі» стаў візітоўкай нашай арганізацыі не толькі ў Беларусі. Ён перарос ужо ў праект «100 ідэй для СНД», фінал якога адбудзецца ў 2016 годзе.

Гэта выдатная стартавая пляцоўка для маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў і рэальная дапамога ў прасоўванні іх ідэй, паколькі пераможцы атрымліваюць гранты, а іх праекты аўтаматычна трапляюць на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў, дзе прадугледжана асобная намінацыя для маладых талентаў.

На конкурс «100 ідэй для Беларусі» паступіла каля 7 тысяч праектаў у сферы прамысловасці, эканомікі, высокіх тэхналогій, вытворчасці, медыцыны… І многія з іх ужо рэалізаваны ў жыцці. Скажам, праект Паўла Лушчыка па стварэнні доследна-прамысловай вытворчасці сілумінаў і кампазітаў на аснове алюмінія быў прызнаны найлепшым маладзёжным інавацыйным праектам Саюзнай дзяржавы і ўжо рэалізаваны пры тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік». У ТОП‑10 конкурсу ў 2013 годзе ўвайшоў праект Вольгі Мусскай і Валянціны Круцько, якія прапанавалі, кажучы простымі словамі, біялагічны цэмент для замяшчэння коснай тканкі. Сёння на слыху не толькі самі ідэі, але і аўтары, што прапанавалі тое ці іншае вынаходніцтва.

Летась была распрацаваная «дарожная карта» праекта «100 ідэй для Беларусі», а ў гэтым годзе з'явіцца нарматыўна-прававы акт, які дасць магчымасць выбудаваць дакладную сістэму адбору, фінансавання і далейшага ўвасаблення маладзёжных ідэй.

«Брэндавымі» я лічу Дзень моладзі на «Славянскім базары», правядзенне конкурсу «Каралева вясна», конкурсу «Студэнт года» (дарэчы, фінал чарговага адбудзецца ў найбліжэйшыя дні). Ну і, безумоўна, наш валанцёрскі рух «Добрае сэрца», які аб'ядноўвае па ўсёй краіне 25 тысяч юнакоў і дзяўчат, і студатрадаўскі рух.

Студатрад ці вытворчая брыгада?

29-27

29-27

 Наліўныя яблыкі сталі сімвалам 42 з'езду БРСМ. А квітнеючы яблыневы сад — сімвалам маладой Беларусі

 

—А якія праблемы ў арганізацыі студатрадаўскага руху яшчэ патрабуюць свайго вырашэння?

—Для таго, каб студатрадаўскі рух быў менавіта рухам, сістэмным, са сваімі традыцыямі (а мы бяром за ўзор камсамольскія студэнцкія атрады), трэба прадумаць яго ідэалогію. Неабходна працаваць над сімваламі студатрадаўскага руху: курткай, што павінна ўяўляць каштоўнасць для кожнага «байца», песнямі. Вельмі важная роля адводзіцца лідарам — камандзірам і камісарам атрадаў. Многае залежыць ад іх здольнасці кіраваць калектывам, вырашаць агульныя праблемы… Упэўнены, што да гэтай работы трэба рыхтаваць маладых людзей мэтанакіравана.

Абавязкова будзем пашыраць практыку выязных студатрадаў, каб студэнты выязджалі ў іншы раён ці ў іншую вобласць. Паколькі атрад — гэта людзі, якія не толькі разам працуюць, але і дзеляць побыт, займаюцца спортам, арганізоўваюць свой адпачынак, разам вандруюць. Разам робіцца ўсё, таму за месяц-два фарміруецца калектыў, што немагчыма, калі маладыя людзі проста збіраюцца разам для выканання нейкага аб'ёму работы. Хутчэй, гэта вытворчая брыгада…

Беларускія студэнты ўжо не першы год працуюць на Усерасійскай студэнцкай будоўлі на паўвостраве Ямал, а расійскія — на будаўніцтве аб'ектаў Беларускай АЭС у Астраўцы. І не толькі на гэтых аб'ектах. Але хацелася б актывізаваць работу па абмене студэнцкімі атрадамі паміж нашымі краінамі. Дарэчы, сёння мы вядзем перамовы і з Казахстанам.

—Магчыма, актывізацыі студатрадаўскага руху паспрыяла б прадастаўленне падатковых прэферэнцый прадпрыемствам, гатовым забяспечваць працай маладых людзей?

—Сапраўды, мы ўжо неаднойчы выступалі з прапановай вызваліць прадпрыемствы, якія прымаюць студатрады, ад выплат узносаў на пенсійнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (так, як гэта зроблена ў Расіі). Гэтыя сродкі можна было б накіроўваць на развіццё студатрадаўскага руху (на набыццё тых жа куртак для «байцоў»), а пэўны працэнт пакідаць і наймальніку, каб стымуляваць зацікаўленасць у прыёме студэнцкіх атрадаў.

У выхаванне моладзі трэба ўкладваць сродкі. І калі прадпрыемства матываваць, то студ-
атрад будзе для яго не абузай, а стымулам. Трэба, каб усе зразумелі, што студатрадаўскі рух і студатрадаўскія традыцыі — гэта жыватворная глеба: калі туды кідаць зерне, то яна дасць цудоўныя плады.

 

Статус валанцёра

—Напярэдадні з'езду БРСМ аб'явіў старт адкрытаму дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», каб даць маладым людзям магчымасць заявіць пра сваю актыўную жыццёвую пазіцыю. Наколькі актуальныя праблемы і пытанні ўзнімаліся маладымі людзьмі?

—У рамках «Адкрытага дыялогу» ў нас адбылося каля 5 тысяч сустрэч, «круглых сталоў» і дыскусій па ўсёй краіне. Выказаныя ідэі і прапановы сталі асновай для агульнарэспубліканскага дыялогу на з'ездзе і дапамаглі вызначыцца з напрамкамі, па якіх мы будзем далей працаваць. Наш план дзеянняў, складзены на падставе прапаноў, што прагучалі на з'ездзе, утрымлівае некалькі дзясяткаў пунктаў. І калі мы збольшага іх рэалізуем, то ад гэтага выйграе і дзяржаўная маладзёжная палітыка, і ўвогуле краіна.

Напрыклад, на з'едзе была агучана прапанова аб стварэнні пры ўрадзе Міжведамаснага штаба студэнцкіх атрадаў з функцыямі планавання працоўных месцаў па галінах. Прагучала прапанова аб укараненні асабістых кніжак валанцёра (такі досвед ужо ёсць у Расіі). Асабістая кніжка валанцёра — гэта свайго кшталту аналаг «працоўнай кніжкі», якая ўтрымлівае інфармацыю пра валанцёрскі досвед чалавека, яго дасягненні, заахвочванні за ўдзел у канкрэтных мерапрыемствах. Такая кніжка дапаможа членам БРСМ пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і ВНУ. Напрыклад, калі наш валанцёр працяглы час працаваў з састарэлымі людзьмі, ветэранамі, шматдзетнымі сем'ямі ці сіротамі, то ўстановы адукацыі маглі б улічваць гэту акалічнасць пры паступленні абітурыента на сацыяльную спецыяльнасць. Асабістая кніжка валанцёра дапамагала б і пры працаўладкаванні.

Таксама на з'ездзе прагучала ініцыятыва па стварэнні адзінага добраахвотніцкага цэнтра, які б мог каардынаваць работу ўсіх валанцёраў краіны: і БРСМ, і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Мы не ведаем, колькі людзей у нашай краіне займаюцца валанцёрствам. Няма адзінага органа, што б вёў статыстыку, распрацоўваў метадычныя рэкамендацыі і праводзіў навучанне валанцёраў. Спадзяемся выйсці на стварэнне адзінай канцэпцыі валанцёрскага руху ў краіне і афіцыйна вызначыць статус валанцёра.

Мы выступілі з ініцыятывай вярнуць практыку ўключэння кіраўнікоў тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ у склад выканкамаў, што дасць магчымасць аператыўна вырашаць многія пытанні моладзі, напрамую даносіць думкі і меркаванні маладых людзей да выканаўчай улады. Новай формай работы магло б стаць праходжанне квотнай стажыроўкі студэнтаў у міністэрствах, ведамствах і на прадпрыемствах. БРСМ уяўляе сабой вялікі кадравы рэзерв для дзяржавы, але кадры трэба «вырошчваць».

Маладзёжны лідар: прызванне ці прафесія?

—Андрэй, а як вы лічыце: маладзёжнымі лідарамі нараджаюцца ці становяцца?

—Безумоўна, лідарскія задаткі ў чалавека павінны быць. Поспех любой каманды залежыць ад моцнага лідара. Але для таго, каб стаць лідарам маладзёжнай арганізацыі, трэба яшчэ валодаць пэўнымі ведамі і навыкамі. Таму наша задача — выяўляць патэнцыяльных лідараў, людзей з арганізатарскімі здольнасцямі як мага раней: у гэтым пытанні павінна прысутнічаць пераемнасць у рабоце піянерскай арганізацыі і БРСМ. Іх трэба знаходзіць, навучаць, суправаджаць і ствараць магчымасці для самарэалізацыі. Спецыяльную падрыхтоўку можна было б арганізаваць на базе аздараўленчых летнікаў ці на базе ўстаноў дадатковай адукацыі. Галоўнае — заўважыць перспектыўную моладзь…

—А хто вас калісьці заўважыў?

—Заўважыў раённы камітэт БПСМ (Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. — Аўт.) Навабеліцкага раёна горада Гомеля. Я працаваў у школе, выкладаў у старшых класах гісторыю і сусветную мастацкую культуру, быў педагогам-арганізатарам. Мы хадзілі са старшакласнікамі ў паходы, удзельнічалі ў КВЗ, ладзілі ток-шоу з абмеркаваннем вострых праблем. Такая актыўнасць была заўважана, і мне прапанавалі працу спачатку ў Гомельскім раённым камітэце БПСМ. Шчыра скажу, што ўсе нюансы гэтай работы я не ведаў, таму даводзілася вельмі хутка вучыцца. А далей я быў абраны спачатку першым сакратаром Гомельскага гарадскога камітэта БРСМ, потым — Гомельскага абласнога камітэта, а з 2013 года працую ў цэнтральным апараце БРСМ.

Сімвалы, якія аб'ядноўваюць

—А як бы вы ацанілі прысутнасць БРСМ у віртуальнай прасторы?

—Паколькі 70% маладых людзей атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту, значыць, і мы павінны ісці ў інтэрнэт. Нашай галоўнай пляцоўкай для работы ў сусветным павуцінні стаў абноўлены інтэрнэт-партал brsm.by, які атрымаў прэстыжную інтэрнэт-прэмію
«ТІБО—2014». Мы запусцілі мабільны дадатак, і цяпер па хэштэгу «моладзь Беларусі» вы адразу знойдзеце менавіта нашу інфармацыю. Сёння навіны БРСМ можна прачытаць ва ўсіх сацыяльных сетках.

У нашых планах — распрацаваць з дапамогай юных «айцішнікаў» як мага больш мабільных дадаткаў, карысных студэнтам і школьнікам. Канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку ўжо робяцца. Так, пераможца конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Павел Бацылеў услед за сваім мабільным дадаткам «Хімія Х10» распрацаваў мабільны дадатак «У Саюз з сябрамі» — з выкарыстаннем у інтэрфейсе беларускай мовы. Ён прызначаны для аперацыйнай сістэмы Androіd. З яго дапамогай даведацца, дзе менавіта і на якой адлегласці знаходзяцца твае сябры, аднакласнікі, аднакурснікі, бясплатна кантактаваць з імі ў анлайн-рэжыме.

Аляксандр Тумоўскі стварыў новую платформу для сайтаў Quіsety. Іван Клячкоўскі распрацаваў мабільны дадатак для аперацыйнай сістэмы Androіd «Памочнік турыста», у якім сабраны самыя распаўсюджаныя фразы на англійскай мове. Ужо дзейнічае цалкам адаптаваны для студэнтаў праект Андрэя Храмцова Students Helper, дзе можна паглядзець расклад заняткаў, экзаменаў, вучэбную літаратуру і нават шпаргалкі.

—У хуткім часе Беларусь разам з усім светам будзем святкаваць 70‑годдзе Вялікай Перамогі. І БРСМ прапанаваў свой сімвал для гэтага свята…

—Грамадзянска-патрыятычная тэматыка — адзін з ключавых напрамкаў дзейнасці арганізацыі. Наша задача — дайсці да кожнага ветэрана, дапамагчы, падтрымаць, выслухаць гісторыі гэтых людзей. Таму рэалізуецца шэраг праектаў: «70 гадоў міру», «Героі Перамогі», курсіруе перасоўная выстава «Музей-бус».

Прыярытэт Саюза моладзі — аб'ядноўваць, знаходзіць кропкі для кансалідацыі грамадства. І мы вырашылі, што ў нас павінны быць свае сімвалы Перамогі. Сімвалам праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» стала кветка яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай. Яблыневая квецень — гэта сімвал мая, Вялікай Перамогі, сімвал маладосці і квітнеючага сада, які трэба беражліва даглядаць для таго, каб атрымаць багаты ўраджай. А ў больш шырокім сэнсе — гэта сімвал квітнеючай Беларусі. Мы спадзяемся, што многія пажадаюць прымацаваць кветку яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай на сваё адзенне. Будзем рады, калі гэты сімвал прыжывецца ў нашым грамадстве…

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».