Вы тут

Мова ў фармаце... відэафлэшмобу


Восенню мінулага года Нацыянальны адукацыйны партал распачаў незвычайны конкурс пад назвай «Нестандартны варыянт», адной з мэт якога была папулярызацыя беларускай мовы. Ён праходзіў у фармаце інтэрнэт-флэшмобу: школьнікі здымалі на відэа сваё прачытанне вядомых твораў беларускай літаратуры, выкладвалі ролікі ў інтэрнэце і «кідалі выклікі» іншым. На сёння ўдзел у конкурсе ўзялі больш за 20 навучальных устаноў з усёй краіны і нават блізкага замежжа, а сам ён падышоў да завяршэння. Мы пагутарылі са стваральнікам «Нестандартнага варыянта», начальнікам ўпраўлення арганізацыйнага суправаджэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргеем АЛЬШЭЎСКІМ і даведаліся, якую ролю інтэрнэт выконвае ў сучаснай школе.

29-6

29-6

 

— Ідэя правядзення такога флэшмобу ў нас з'явілася летась, — расказвае спадар Альшэўскі. — Ва ўсім свеце тады быў папулярны так званы ІceBucket Challendge (флэшмоб, падчас якога людзі абліваліся халоднай вадой, такім чынам звятаючы ўвагу на неабходнасць барацьбы з адной з хвароб, і перадавалі эстафету сваім знаёмым. — Аўт.), а ў Расіі праводзілася акцыя «Карэніна. Жывое выданне», калі людзі з розных куткоў зямлі на працягу трыццаці гадзін чыталі раман Талстога ў інтэрнэт-эфіры. Наш конкурс спалучыў у сабе рысы гэтых двух праектаў і меў на мэце папулярызацыю роднай мовы шляхам пераасэнсавання твораў айчынных класікаў.

Усё пачыналася з сярэдняй школы №3 Нароўлі. Сябра і аднакурснік Сяргея Альшэўскага, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхаіл Шаўчэнка падтрымаў яго ініцыятыву і прапанаваў сваім вучням прачытаць верш на камеру. Быў выбраны ўрывак з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. Ролік даслалі ў сем школ (па адной з кожнай вобласці і Мінска), прапанаваўшым адрасатам на працягу трох дзён запісаць сваё відэа працягласцю да трох хвілін і перадаць эстафету новым сямі ўдзельнікам.

— Галоўнае, на што мы зрабілі акцэнт, — удзел неабавязковы, — распавядае Сяргей Альшэўскі. — Кожная школа магла адмовіцца ад здымак роліка. Няма часу або натхнення — проста праігнаруйце электронны ліст, які мы вам даслалі. Разумею, што можа існаваць і «прымусілаўка» на месцах, але калі вы паглядзіце дасланыя ролікі, то ўпэўніцеся — дзеці рабілі ўсё з душой.

Усе відэазапісы, адзнятыя школьнікамі, выкладзены на Нацыянальным адукацыйным партале, паглядзець і прагаласаваць за ўпадабаныя можа кожны. Ролік на свой густ тут знойдуць усе: ад выразнага прачытання да тэатральных пастановак, ад маленькіх кінастужак з сюжэтам да батлейкі... Паглядзіце і ўпэўніцеся — беларуская літаратура па-ранейшаму кранае школьнікаў. Вось дзяўчаты з дзвюх розных школ робяць ролікі паводле верша Анатоля Вярцінскага «Эдзіт Піяф хоча любві». Значыць, сапраўды «чапляе» дзявочыя сэрцы лірыка паэта?

Ёсць сярод выкладзеных і ролік з замежжа — вучні Вільнюскай гімназіі імя Ф. Скарыны прачыталі вершы беларускіх класікаў, прысвечаныя гораду, які адыграў у айчыннай гісторыі важнейшую ролю. Напэўна, самы незвычайны відэазапіс створаны ў мінскай сярэдняй школе №14 для дзяцей з парушэннем слыху — хлопцы і дзяўчаты чытаюць беларускія вершы на мове жэстаў.

Сяргей Альшэўскі дэманструе аналітыку па наведніках старонкі з відэазапісамі — спіс краін доўжыцца, здаецца, бясконца. На вяршыні — Беларусь, Расія, Украіна і — нечакана — Інданезія. А гэта толькі на партале: у кожнага роліка сотні і нават тысячы праглядаў на сайце YouTube.

— Калі падводзіць вынікі, то асабіста я, збольшага, задаволены тым, як прайшоў конкурс, — дзеліцца спадар Альшэўскі. — Чакаў, безумоўна, што колькасць удзельнікаў будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі, як гэта і задумвалася, але далёка не ўсе прынялі выклік. З іншага боку, некаторыя школы дасылалі нам ролікі самі, нават без запрашэння. Гэта значыць, што дзяцей зацікавіла. У хуткім часе мы абвесцім вынікі і адзначым удзельнікаў прызамі. Зараз працуем над тым, каб дапамагчы вучням згаданай 14-й школы: напрыканцы свайго відэа яны просяць адкрыць групу для глухіх навучэнцаў у каледжы кулінарыі.

Што далей? Спадар Альшэўскі дзеліцца планамі: літаральна на днях павінен пачацца новы падобны інтэрнэт-праект: ён будзе спалучаць у сабе рысы «вірусных» відэа і флэшмобаў. Праўда, фармат арганізатары пакуль пакідаюць у сакрэце — гэта будзе сюрпрызам для ўдзельнікаў.

Сяргей Альшэўскі займаецца ўсімі праектамі Інстытута адукацыі, звязанымі з інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі. Па яго словах, новыя тэхналогіі могуць даць шмат пазітыўнага навучальнаму працэсу ў краіне.

— Інтэрнэт — гэта проста шыкоўны сродак імгненнай перадачы інфармацыі, — лічыць спецыяліст. — Галоўны праект Інстытута адукацыі ў гэтай сферы — стварэнне так званай прафесійнай адукацыйнай сеткі. Пры яе дапамозе змогуць камунікаваць усе ўдзельнікі навучальнага працэсу: настаўнікі, вучні, бацькі. Такая сетка дазволіць ім заўжды быць на сувязі, бацькі і вучні змогуць у любы момант даведацца пра адзнакі, хатняе заданне і гэтак далей. Падобны досвед, калі не памыляюся, ёсць у Літве, і ён станоўчы.

Пакуль дакладнага рашэння па распрацоўцы прафесійнай адукацыйнай сеткі няма, аднак спадар Альшэўскі не выключае, што яно з'явіцца ў найбліжэйшы час. Па яго словах, тэхнічная распрацоўка праекта можа заняць прыкладна палову года. Укараненне і тэсціраванне — яшчэ год, якім, магчыма, стане ўжо наступны навучальны.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.