Вы тут

Загартаваныя ў «Булаце»


Рэпарцёр «ЧЗ» на свае вочы ўбачыў, як у спецыялізаваным клубе рыхтуюць чэмпіёнаў свету і Еўропы па тайскім боксе

«У кожным мужчыне ёсць ген воіна»

Муай-тай (альбо тайскі бокс) у Беларусі перажывае даволі добры перыяд у сваёй гісторыі. Спартсмены ўжо не першы год з'яўляюцца аднымі з найлепшых на планеце, а моладзь даволі актыўна ідзе займацца ў клубы. Адзін з такіх — сталічны «Булат». Адметны ён не толькі сваёй назвай, але і дасягненнямі.

З трэнерам Віталем Цішуровым я сустракаюся ў спартыўнай зале, якая месціцца ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка Міхаіла Высоцкага. Хлопцы ўважліва слухаюць устаноўку трэнера. Пасля разыходзяцца выконваць практыкаванні, а я паспяваю задаць спецыялісту некалькі пытанняў.

29-10

— Тут мы трэніруемся з 2011 года, — узгадвае суразмоўца. — У свой час кіраўніцтва каледжа пагадзілася заснаваць секцыю тайскага бокса. І не памылілася. Некаторыя навучэнцы ўжо атрымалі значныя перамогі. У нас трэніруюцца чэмпіён свету і Еўропы па тайскім боксе, трохразовы чэмпіён свету па К-1 (кікбоксінгу), шмат пераможцаў і прызёраў чэмпіянату Беларусі... У каледжы створаны добрыя ўмовы для заняткаў спортам. І многія навучэнцы пасля паступлення прыходзяць займацца ў нашу секцыю.

На чорнай футболцы Віталя чытаю надпіс: «Перамога альбо смерць». Цалкам верагодна, што ён адпавядае характару самога Цішурова. У 2009 годзе Віталь заваяваў Кубак свету па К-1. Але далёка не ўсе ведаюць, якой цаной была дасягнута тая перамога ў фінале.

— Я зламаў руку ў папярэднім паядынку, аднак нікому, акрамя трэнера, у гэтым не прызнаўся. Бо ведаў: з траўмай мяне могуць зняць са спаборніцтваў, а шанцу заваяваць «золата» магло б больш і не выпасці. У выніку я вытрымаў і перамог, а гіпс мне наклалі ўжо пасля бою.

Цяпер Віталь Цішуроў толькі трэніруе. Моладзі (і не толькі), якая хоча займацца тайскім боксам, сёння хапае. А таму ў гэтай спартзале цалкам магчыма ўбачыць і першакласніка, што марыць стаць чэмпіёнам, і салідных 50-гадовых мужчын-аматараў, якія прыходзяць сюды, каб падтрымліваць на добрым узроўні сваю фізічную форму.

— Трэніроўкі праводзяцца шэсць разоў на тыдзень. А ў перыяд падрыхтоўкі да важных спаборніцтваў прыходзіцца працаваць яшчэ больш. У нас, дарэчы, вельмі дружная федэрацыя. І калі нашы спартсмены рыхтуюцца да міжнародных турніраў, яна заўжды праводзіць зборы. На іх прыязджаюць добрыя трэнеры і байцы рознага ўзросту з самых моцных клубаў Беларусі. Усе пачынаюць працаваць у адным вялікім калектыве. А гэта вельмі добры вопыт і стымул для далейшага развіцця.

29-9

У секцыі хлопцы адначасова спрабуюць сябе і ў тайскім боксе, і ў кікбоксінгу. Як кажа Віталь Цішуроў, гэта вельмі добрая практыка для маладога спартсмена. З узростам ён з дапамогай трэнера сам абярэ дысцыпліну, у якой адчуе сябе больш упэўнена.

Пры гэтым тайскі бокс працягвае заставацца неалімпійскім відам спорту, а таму не можа разлічваць на датацыі. Многае залежыць ад бацькоў, спонсараў. Напрыклад, дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі «Інова-Белнафта» на чэмпіянат свету ў Малайзію атрымалася адправіць Мікіту Шостака, які вярнуўся дадому з залатым медалём. Безумоўна, «таец» наўрад ці калісьці будзе атрымліваць столькі, колькі зарабляе хакеіст ці футбаліст. Што ж цягне гэтых энтузіястаў у залу і прымушае прысвячаць сваё жыццё муай-тай?

— У кожным мужчыне ёсць ген воіна, — разважае наш суразмоўца. — У спорце ён праяўляецца праз сілу волі, вытрымку і цярпенне. Бегуну, напрыклад, трэба вытрымаць і прабегчы ўсю дыстанцыю, а ў тайскім боксе цябе да ўсяго іншага яшчэ і б'юць. А таму, калі ты апусціў рукі, акрамя стомленасці атрымаеш яшчэ і балючы ўдар. Гэты ген уласцівы і нашаму народу. Быў час, калі нашы землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, колішняй звышдзяржавы, а продкі адбівалі напады крыжакоў, мангола-татарскую навалу. Так, мы лагодныя, памяркоўныя, але пры неабходнасці адпор можам даць. Гэтыя словы можна лёгка падмацаваць фактамі. На леташнім чэмпіянаце свету ў Малайзіі наша мужчынская зборная заняла выніковае другое месца, а юніёрская — першае. І гэта пры каласальнай канкурэнцыі. У спаборніцвах удзельнічалі прадстаўнікі 105 краін.

«Хачу перамагчы тайца»

Нароўні з усімі ў зале працуе 16-гадовы Мікіта Шостак, навучэнец аўтамеханічнага каледжа. Негаваркі, але працавіты. Віталь Цішуроў кажа, што ў Мікіты тэхнічны склад розуму і ўсе патрабаванні даходзяць да яго з першай спробы. Летась ён здзейсніў сапраўдны фурор: за адзін год паспеў стаць чэмпіёнам свету і Еўропы сярод юніёраў. І гэта пры тым, што хлопец тайскім боксам у «Булаце» займаецца крыху больш за год. Спартыўныя поспехі заўважылі ў каледжы і прадаставілі Мікіту пакой у інтэрнаце, каб штодзённыя пераезды ў яго родны Лагойск не заміналі вучобе і спорту. А напрыканцы года Прэзідэнцкі спартыўны клуб зрабіў для хлопца сапраўдны падарунак — выдзеліў, як і іншым перспектыўным маладым спартсменам, грашовую стыпендыю.

— Мой прыход у секцыю па тайскім боксе — збег абставінаў, — падчас невялічкага перапынку ў двухгадзіннай трэніроўцы кажа Мікіта, які, да слова, раней займаўся біятлонам. — Я паступіў у каледж, даведаўся пра секцыю і вырашыў запісацца. Раней адзінаборствамі не цікавіўся. Вы не паверыце: я нават у пачатковай школе ніколі не біўся. Вырашыў пазаймацца выключна для сябе, але трэнер сказаў, што я яшчэ ў тым узросце, калі магу паспрабаваць дасягнуць чаго-небудь у спорце. Я пагадзіўся і цяпер планую надалей развівацца ў гэтым напрамку.

Мікіта цалкам прытрымліваецца спартыўнага рэжыму. Пасля заняткаў звычайна наведвае трэніроўку, потым вяртаецца ў інтэрнат, вячэрае, робіць хатняе заданне і ў 23:00 кладзецца спаць. Пад'ём —
у 7:00.

Пакуль самым цяжкім боем лічыць фінал чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў у Кракаве, у якім сустрэўся з сапернікам з Расіі, краіны, якая славіцца добрымі маладымі байцамі. Турнір наогул аказаўся для нашага героя больш складаным, чым першынство свету.

— Спачатку я перамог паляка, пасля — немца. Перад фіналам мы спецыяльна прагледзелі відэанарэзку апошняга бою з удзелам расіяніна. Па-першае, ён аказаўся ляўшуком, што выклікае дадатковыя нязручнасці, а па-другое, добра трымае тэмп. Першыя два раўнды нашага бою былі роўныя, а ў трэцім я мэтанакіравана ішоў у клінч, інакш кажучы, «вязаў» саперніка, і з невялікай перавагай перамогу прысудзілі мне.

Марыць хлопец перамагчы байца з Тайланда, краіны-роданачальніцы муай-тай, паспрабаваць свае сілы на дарослым чэмпіянаце свету. Дарэчы, Мікіта мае рэальную магчымасць патрапіць на радзіму ўлюбёнага віду спорту. Сёлета ў Тайландзе адбудзецца чарговы чэмпіянат свету. Трэба толькі годна выступіць на чэмпіянаце Беларусі — і чаканая мара стане бліжэйшай яшчэ на адзін крок.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?