Вы тут

Час «батанаў» і «дрывасекаў»


Увага, навіна! Хутка на вуліцах усіх вёсак і гарадоў! Будзьце ў курсе, не прапусціце! Нечаканы паварот падзей! Новы трэнд года! Упершыню і толькі для вас! Ашаламляльная прыгажосць і шарм! Выбух густу і вытанчанасці! Мара дзяўчат і будучых цешчаў!.. Нешта я з ходу разбалбатаўся, праўда? Як у тым анекдоце: «Працуюць усе радыёстанцыі краіны, працуюць усе радыёстанцыі краіны! Хто не працуе — той не радыёстанцыя!» Але ж навіна вартая таго. Дык вось, не было б тое, было б што другое: на змену хіпстарам (хлопцам з бародкамі і ў вузкіх штоніках), знікненне якіх прадракалі напрыканцы мінулага года, прыходзіць новая мужчынская мода. Але не ўсё так проста…

29-17

Ніколі не здагадаецеся, пра якую моду размова, калі ўжо не ведаеце пра гэта дакладна («Сустрэла мужчыну сваёй мары. Госпадзі… Ну і мары ў мяне!») У Вялікабрытаніі і ЗША яе называюць па-рознаму, як і крыніцы ўзнікнення, але па сутнасці гэта фактычна адно і тое ж. Калі вельмі проста, англічане вядуць гаворку пра «нармкор»: «супернармальны» стыль — рэчы па-за часам, якія захаваюць сваю непаўторнасць і індывідуальнасць і праз гады. Памятаеце, як у Валерыя Сюткіна ў песні «Вася»: «На нём всегда костюм отличный/Оттенка кофе с молоком…» Ці прыгадаем мару аднаго з герояў кінастужкі «Джэнтльмены ўдачы»: «Аўтамашыну куплю з магнітафонам, пашыю касцюм з адлівам — і ў Ялту!» Праўда, наконт вуліц вёсак я, прызнаюся, паспяшаўся ў запале. (Адразу ўзгадваецца фраза з фільма «Любоў і галубы», калі галоўны герой вяртацца дадому ў вёску: «Это откудово это к нам такого красивого дяденьку замело?») Трэнд новага года — «мужчына нябеснай прыгажосці» — жыхар хутчэй гарадскі. Як у той жа песні Сюткіна далей: «И побродить по улицам столичным/Очень любит он…» Гэткі «батан» ад моды…

Амерыканцы вынайшлі альтэрнатыву стылю метрасексуалаў. Памятаеце даўняе: «Ва Ухрупінску не сустрэць ніводнага метрасексуала, ёсць толькі маршруткасексуалы. Ну няма ва Ухрупінску метро!». Новы трэнд называецца «ламберджэк» (ламберсексуалы) і мае цікавае паходжанне. Слова перакладаецца з англійскай мовы як «дрывасек». Менавіта знешні выгляд паўночнаамерыканскіх дрывасекаў — барадатых моцных мужыкоў у фланелевых клятчастых кашулях і з сякерай у руках — лёг у аснову новага стылю. (Ага, «нішто так не выклікае прыхільнасць да сябе, як усмешка на твары і сякера ў руцэ».) Янкі кажуць, што ламберсексуалы — у адрозненне ад метрасексуалаў — больш зацікаўленыя ў жыцці на свежым паветры, чым прыгажосцю і дарагой моднай вопраткай. На знешні выгляд ламберсексуалаў паўплывала, акрамя стылю дрывасекаў, культура хіпстараў — барада засталася, але яна, як і прычоска, павінна быць дагледжанай, а сам яе носьбіт мець вытанчаны густ і любіць… хатнюю кухню. (Мара спадарожніцы жыцця, праўда? «Заканчваецца другі год нашага сужэнства. Муж дагэтуль упэўнены, што не ўжывае кабачкі і цыбулю».) Прадстаўнікі новай мужчынскай моды — тыповыя гарадскія жыхары, якія працуюць у сферы новых тэхналогій і атрымліваюць прыстойны заробак (безумоўна, такі не скажа, што «назва маркі машыны «Інфініці» вельмі добра адлюстроўвае суадносіны яе цаны і маёй зарплаты»).

У чым сыходзяцца і амерыканцы, і брытанцы, дык гэта ў тым, што вопратка не павінна «кідацца» ў вочы. У ёй павінны быць добра прадуманыя лініі, але чым прасцей, тым лепш. Новая мода заснаваная, хутчэй, на жаданні зліцца з навакольнымі, чым вылучыцца сярод іх (маўляў, усе ўжо стаміліся ад гэтага).

Прадстаўнікі стылю павінны выглядаць так, як быццам бы яны ўвогуле не клапоцяцца пра сваю манеру апранацца. Прачнуўся, адчыніў шафу: што першае выпала з яе — у тым і пайшоў. Маўляў, нікому не патрэбныя твае ахвяры, каб выглядаць, як кажуць, на ўсе сто. Няхай яны гэта нашаму прыгожаму полу раскажуць!.. «Новая сукенка дзейнічае на жанчыну, як чатыры кілішкі гарэлкі на мужчыну. Надыходзіць лёгкае галавакружэнне, і нясцерпна хочацца сексу».

…Як асабіста аўтар ставіцца да ўсіх гэтых новых павеваў маладзёжнай моды? Па прынцыпе: цырк згарэў, а клоўны… пераапрануліся. «Жадаеце хлеба і відовішчаў? Да вашых паслуг пекар-клоўн!». А што, па вялікім рахунку, змянілася? Хіпстары памылі галовы і схадзілі ў цырульню — падраўнялі бароды? Не тое, каб я быў супраць усёй моды ўвогуле. Насамрэч, калі такія перамены адбываюцца ў ёй нібы па нейкай камандзе, то міжволі пачынаеш усё больш думаць пра тое, што маладзёжная культура — гэта вялікі бізнес. Памятаеце, мы вышэй згадвалі пра добрыя заробкі патэнцыяльных прадстаўнікоў новай мужчынскай моды, да якіх, відаць, вельмі ласыя мадэльеры, дызайнеры і вытворцы вопраткі? Тут ужо атрымліваецца, як у анекдоце. «Зразумей, на адным сексе нармальныя адносіны не пабудуеш» — «Разумею. На адным — ніяк! Трэба шмат сексу!» Таму, каб не ліць ваду на «млын» таго бізнесу, хацелася б звярнуцца найперш да дзяўчат з анекдотам-заклікам: не кідайце хлопцаў, вакол і так ужо зашмат рэпераў, а будуць яшчэ і ламберсексуалы.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.