Вы тут

Біятлоннае свята вяртаецца ў Мінск!


Да старту чэмпіянату свету сярод юніёраў і юнакоў па біятлоне, які пройдзе ў Мінску ў лютым, засталося менш за 20 дзён. Апошні раз беларуская сталіца прымала біятлонныя спаборніцтвы такога ўзроўню ажно адзінаццаць гадоў таму (гаворка ідзе пра чэмпіянат Еўропы сярод дарослых спартсменаў. — Аўт.)! Дарэчы, той турнір паказаў, што ў нашай краіне біятлон не толькі любяць, на гэты від спорту яшчэ і з ахвотай ходзяць. Таму арганізатары сёлетняга чэмпіянату прагназуюць добрую наведвальнасць гонак: ад 2 тысяч балельшчыкаў у будныя дні і да 10 тысяч — у выхадныя.

29-38

Забяспечым зіму снегам

Калі чагосьці і асцерагацца, то, перш за ўсё, капрызаў надвор'я. Анамальна цёплая, бясснежная зіма можа сказаць сваё важкае «Не!». Зрэшты, арганізатары спаборніцтваў запэўніваюць: турнір адбудзецца пры любым надвор'і. «Цяпер вядзецца нарыхтоўка штучнага снегу. На трасах у Раўбічах усталявана пяць снежных гармат, — адзначыў старшыня працоўнай групы па падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету сярод юніёраў і юнакоў Аляксандр ГАГІЕЎ. — Ёсць дамоўленасць з нацыянальным аэрапортам: снег з узлётных палос будзе счышчацца і захоўвацца. Гэта на выпадак форс-мажораў. Карацей, прымаем усе неабходныя меры, каб пытанняў «Адкуль узяць снег?» не узнікала».

Між іншым, Раўбічы ўпершыню прымуць спартсменаў з усяго свету пасля глабальнай рэканструкцыі комплексу. За два гады цалкам перабудаваны лыжаролерная траса, біятлонны стадыён і стрэльбішча. «Мы ўлічылі ўсе патрабаванні Міжнароднага лыжнага саюза, — расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы» Андрэй АСТАШЭВІЧ. — Пабудавалі абсалютна новыя памяшканні, пачынаючы ад пункта допінг-кантролю да пакоя «Сівідаты» (праграмнае забеспячэнне, якое абслугоўвае біятлонныя спаборніцтвы. — Аўт.). Таксама ў нас з'явіўся крыты цір, дзе спартсмены могуць прыстрэльвацца і трэніравацца ў непагадзь. Забяспечылі і адпаведнае асвятленне — гэта было патрабаванне тэлевізійнікаў». Цяпер «Раўбічы» могуць прымаць самыя прэстыжныя спаборніцтвы па біятлоне і іншых зімовых відах спорту. Біятлонная федэрацыя збіраецца падаваць заяўкі на правядзенне ў Мінску этапаў Кубка свету і Кубка Еўропы, а таксама сусветных і еўрапейскіх чэмпіянатаў. Праўда, займець гэтыя спаборніцтвы на бліжэйшыя чатыры гады не атрымаецца: каляндар на гэты тэрмін ужо звярстаны. Хаця Андрэй Асташэвіч не губляе аптымізму: «Калі які-небудзь этап будзе пад пагрозай зрыву, мы ў любы момант зможам падстрахаваць».

29-39

Арыентацыя на Алімпіяду

Асноўная частка дэлегацый прыбудзе ў Мінск 15 лютага. Чакаецца больш за 400 спартсменаў з 42 краін. Пра самыя гучныя прозвішчы турніру можна будзе казаць пасля 1 лютага, калі скончыцца тэрмін падачы заявак і будзе сфарміраваны поўны спіс удзельнікаў чэмпіянату. У нас жа асноўныя надзеі на медалі звязаны з Віктарам Крыўко, Дзінарай Алімбекавай і Ганнай Сола. Гэтых біятланістаў спецыяльна аб'ядналі ў асобную групу пад кіраўніцтвам вопытнага Аляксандра Сымана, каб якасна падрыхтаваць іх да адказнага старту. «Жорсткіх задач перад спартсменамі і іх трэнерамі ніхто не ставіць. Але адзін-два медалі на хатнім чэмпіянаце заваяваць хацелася б, — прызнаўся Аляксандр Гагіеў. — Перспектывы ёсць. Тым больш што нашай камандзе будзе дапамагаць лепшая спецбрыгада (сэрвісмены, фармаколагі, урачы, псіхолагі), якая працавала з алімпійскай зборнай».

Старшы трэнер нацыянальнай каманды па біятлоне Юрый АЛЬБЕРС дадаў, што гэта пакаленне спартсменаў будуць мэтанакіравана рыхтаваць да наступнай Алімпіяды: «У нас ужо былі вельмі перспектыўныя біятланісты: Уладзімір Алянішка, Яўген Абраменка, Павел Ганчароў (чэмпіён свету сярод юніёраў 2011 года), і мы іх страцілі. Але ўсе гэтыя хлопцы рана завязалі з прафесійным спортам з-за праблем са здароўем. Чаму так здарылася, мы зразумелі літаральна пару гадоў таму. Раней, каб у зборнай была канкурэнцыя, юнакі выступалі разам з юніёрамі, а юніёры бегалі ў аснове нацыянальнай каманды. А гэта ўсё ж такі непараўнальныя нагрузкі. Цяпер у нас іншая задача — выявіць талент і акуратна, не спяшаючыся, давесці яго да Алімпіяды».

***

Арганізатары турніру абяцаюць забяспечыць камфорт не толькі спартсменам, але і гледачам. Квіткі на гонкі шмат каштаваць не будуць, а месцы ўздоўж трасы, хутчэй за ўсё, будуць бясплатнымі. Дабрацца да Раўбічаў можна будзе на спецыяльных рэйсавых аўтобусах, якія плануюць пусціць прыкладна раз на паўгадзіны ад станцыі метро «Усход». Арганізуюць і харчаванне: будуць працаваць гандлёвыя рады і палаткі. Акрамя гэтага, на тэрыторыі комплексу ёсць сталовая, рэстаран і піцэрыя. А той, хто не трапіць у Раўбічы, зможа паглядзець усе гонкі дома — чэмпіянат будуць трансляваць тэлеканалы «Беларусь 5» і «Еўра-спорт».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.