Вы тут

«Хімію ведаць трэба!»


У доўгія піліпаўскія вечары цяжка, мусіць, усім, а ўжо старым ды пажылым...

Чытаць ці вязаць — вочы «не свецяць», ткаць ці прасці — патрэбы няма, дзень пры дні тэлевізар глядзець — звар'яцееш...

Застаецца, значыць, адно — успамінаць сваё, даўно перажытае і такое ж, як гэтыя вечары, змрочнае. Бо там — вайна. Ды і пасля яе дзецям-сіротам хапіла напоўніцу. Мала таго, што жыць давялося ў холадзе ды голадзе, дык яшчэ і вучыцца ўсяму: як запрагаць каня, як араць, баранаваць ды сеяць, як касіць і вастрыць касу, як калоць дровы, як жаць і лён ірваць, як хлеб пячы... А трэба ж было яшчэ і ў школу хадзіць, урокі вучыць...

Мая аднавяскоўка Марылька больш-менш паспявала па ўсіх прадметах, а вось па хіміі... Як толькі гэты прадмет — у яе то галава «забаліць», то жывот пацісне. Зморшчыцца, бедная, у крук сагнецца. Матулька згледзіць ды і пашкадуе. Скажа: «Пасядзі сёння дома, дзіцятка»... І сапраўды — на халеру дачцэ тая хімія? Толькі мазгі забіваць.

Дарэмна яны так думалі! Як паказала далейшае жыццё, трэба (ды што там — жыццёва важна!) ведаць гэты прадмет, ведаць, напрыклад, якая рэакцыя адбываецца пры злучэнні Н2О з СО2. А інакш...

У той год Марылька (а яна ўжо за гаспадыню была) выкарміла здаравеннага вепрука. Кілаграмаў, мусіць, пад 300: перад Калядамі двое мужыкоў ледзьве закалолі, а паспрабавалі ўсцягнуць на падмостак, каб асмаліць — рады не далі. І так ля яго, і гэтак, — пакракталі ды пайшлі па вёсцы дапамогі прасіць.

Талакой, можна сказаць, кабана ўсцягнулі — асмалілі, разабралі: здору выкацілі — будзь здароў!.. Марылька, спарадкаваўшы іншае, хацела на тлушч яго распусціць: на алеі ў вёсцы тады не смажылі, значыць, спатрэбіцца.

Але ж пакруцілася гаспадыня па хаце, — пасудзіны пад гэткі аб'ём якраз і няма.

Ёй бы, галаве садовай, у некага пазычыць, альбо той здор на два гаршкі раздзяліць... Не, яна ўсё «стаптала» ў адзін. Накрыла зверху патэльняй — і шусь у печ, дзе дровы гараць. Яшчэ і засланку прыткнула.

Чуе хвілін праз колькі — нешта шыпіць. Яна зірк у печ — тлушч з-пад патэльні ручайкамі «бяжыць»... Загараецца... Дым чорны-чорны такі, і смурод на хату ідзе...

Трэба нешта рабіць! Марылька ў конаўку вады і на под — бух!

Полымя шуганула такое, што, здавалася, паднябенне ў печы парве!.. Не змагло — на Марыльчына шчасце! Тады агонь на прыпечак, маланкаю да сцяны насупраць — і назад у комін...

Шчасце, што гаспадыня адхінуцца паспела — у той момант не стала на шляху... А то магла б без вачэй застацца, скалечыцца на ўсё жыццё.

Карацей, перахрысцілася яна, бедная, падзякавала Госпаду, што ўратаваў. І дзецям наказала: хімію ведаць трэба!

Н. Шчурко,

г. Магілёў

Сябрамі не нараджаюцца...

Маё першае працоўнае месца — васьмігодка ў невялікай вёсцы Поці, што на беразе Бярэзіны. Настаўнікі там былі як настаўнікі, бацькі як бацькі і дзеці як дзеці: нехта вучыўся лепш, нехта горш...

Таццяна Ільінічна, мая старэйшая каляжанка, цудоўна ладзіла з усімі, найперш — з вучнямі. Яны вельмі палюбілі і настаўніцу, і яе ўрокі, старанна да іх рыхтаваліся. Але ж не заўсёды... Не ўсе.

Пяцікласнік Віця не зрабіў неяк хатняга задання. Прыйшлося пакінуць яго пасля ўрокаў. Пакуль займаліся, пакуль разам чыталі-пісалі, на дварэ сцямнела. А жыў хлапчук у суседняй вёсцы, за два кіламетры. Таццяне Ільінічне, атрымліваецца, трэба завесці малога — альбо дамоў да яго, альбо да сябе.

Свая хата была значна бліжэйшая — туды і пайшлі.

Свёкар са свекрывёй (настаўніца жыла ў сям'і свайго мужа) усё зразумелі: дзіця прывецілі, пасадзілі разам вячэраць, пакінулі начаваць. Назаўтра адправілі ў школу...

З таго вечара прайшло, можа, з тыдзень ці два, — Віця зноў прыйшоў непадрыхтаваны.

— Як табе не сорамна? — стала ўшчуваць яго Таццяна Ільінічна. — Я ж цябе пакідала пасля ўрокаў. І што — гэта не стала табе навукай?

— Стала, — прызнаўся малы. І, апусціўшы вочы, дадаў: — Я сумысля ўрок не вывучыў.

— Як гэта, — здзівілася настаўніца, — навошта?

— Каб да вас пайсці... Бо ў вас лепей кормяць.

Разгубілася Таццяна Ільінічна: стала ўспамінаць, чым жа яны вячэралі? Здаецца, бульбай з кіслым малаком?.. Атрымліваецца, у Віцевай хаце ўдосталь няма нават гэтага?!

Што рабіць настаўніцы?

Не, яна не стала зноў пакідаць хлапчука пасля ўрокаў, не стала забіраць яго да сябе, але ж часцяком падпільноўвала вучня па дарозе дадому і ў торбачку з кнігамі клала скібку-другую хлеба — то з маслам, то са скрылькамі каўбасы ці сала, што для Віці на той час было вялікім гасцінцам, якім ён шчыра дзяліўся са сваімі малодшымі братамі...

Не ведаю, як іншых настаўнікаў, а мяне ў мае 20 гадоў гэтая гісторыя вельмі ўразіла, прымусіла задумацца, па-новаму паглядзець на дзяцей. І зразумець, што ў працы з імі галоўнае не тое, вывучылі яны ўрок альбо не... Галоўнае — стан душы. Кожнага... Адчуць яго, зразумець, стаць маленькаму чалавеку сябрам — вось што важна. Ці не так?

Л.В.,

Іўеўскі раён

А не падманвай!

Ну нарэшце дачакаліся: снегу наваліла. У горадзе яшчэ можна было праехаць (камунальнікі пастараліся), а вось у гаражным кааператыве — не. Старшыня толькі пра асноўныя праезды паклапаціўся ды пра сваю «рэзідэнцыю», усё ж астатняе...

Выратаванне галодных, як той казаў, — справа рук іх саміх. А не хочаш ці не можаш, — наймай бамжоў, што побач ашываюцца. Яны за пляшку-другую любыя вароты адкапаюць!.. Пры гэтым, праўда, закідаюць суседнія... Але ж зараз не столькі пра іх.

...Неяк раз, пасля вялікай завеі, на тэрыторыі кааператыву з'явілася адна з аўтаўладальніц, асоба гадоў трыццаці па мянушцы Мармазэль (ну, завуць яе так... Вядома ж, за вочы). Падышла яна, значыць, да свайго гаража і, так бы мовіць, «выпала ў асадак»: суседзі, мусіць, думалі, што яна зімой выязджаць не будзе, і таму ўвесь снег ад сваіх варот перакінулі ёй. У выніку — не падысці, дзвярэй не адчыніць...

З хвіліну Мармазэль «тармазіла» — думала, што ж рабіць? Самой адкідваць снег як быццам не выпадае: не з яе ручкамі, не ў яе боціках на высокіх абцасах... Ды і лапата была ў гаражы.

Прыйшлося ісці да будкі вартаўніка — прасіць дапамогі.

А той і рады: адразу ж «свіснуў» бамжоў, гатовых да любой падпрацоўкі, адразу ж папярэдзіў, што за работу і хлопцам трэба будзе заплаціць, і яму — за пасярэдніцтва. Такса — па бутэльцы «белай» на брата.

Мармазэль абяцала.

— Толькі ж акуратна ўсё зрабіце, — наказвала яна, паказваючы «хлопцам» фронт работы. — Так, каб можна было прайсці, бо ў мяне бачыце, якія боцікі?

«Хлопцы» стараліся! Не менш за гадзіну шчыравалі ў салодкім спадзяванні на пахмелку, на «тушэнне труб» — на абодва бакі раскідвалі снег, чысцілі пляцоўку перад варотамі.

Больш за тое, яны ж потым дапамаглі маладзіцы «адагрэць» замерзлы замок, выпхнуць з гаража яе «ластаўку». Яны ж, можна сказаць, з апошніх сіл — аж пакуль не завялася — штурхалі машыну (у той акумулятар «здох» ад доўгай стаянкі) па заснежаным праездзе...

А вось што далей было, апісваць цяжка, бо, прагрэўшы рухавік, жанчына замкнула гараж, села ў машыну і... паруліла да выезду!

— Алё, гараж! Мармазэль!.. А разлік? А бабло?

— Хлопчыкі, у мяне дробных грошай няма, — прашчабятала ў адказ маладуха. — Я ў горад па справах зганяю і прыеду назад. Тады і заплачу...

Адказаць ёй хлопцы не паспелі: Мармазэль, абдаўшы іх выхлапам з глушыцеля, панеслася «мяняць купюры».

...Вярнулася яна толькі ўвечары. Як нічога ніякага, з «помпай» пракаціла паўз будку злога, як сабака, вартаўніка, звярнула ў свой рад, спынілася... Потым, памалу, праехала трохі наперад... Здала назад. Стала...

Не, памылкі не было: ля яе гаража ўзвышалася яшчэ большая, чым раней, гурба снегу.

Не верачы вачам, Мармазэль круціла галавой, азіралася навокал (па-ранейшаму, мусіць, думала, што «прамахнулася», заехала не туды...).

Аднак ніякай памылкі не было: гэта яе вароты схаваліся за высокімі сумётамі. Прычым снегу перад імі не проста накідалі — яго ўтрамбавалі...

Хто гэта мог зрабіць, гадаць не трэба было: на снезе засталіся сляды ад вялізных валёнак, у якіх раніцай хадзілі «хлопчыкі»...

Раіса Васілёва,

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Ад яе ж — парада: калі вы таксама не ведаеце, што рабіць у «доўгія, піліпаўскія вечары», — чытайце... Добрыя кнігі, часопісы, газеты. І, вядома ж, пішыце. Напісанае, як вядома, застаецца.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.