Вы тут

Падземнае жыццё сталіцы


або Адзін дзень у кабіне машыніста метро

За суткі сталічная падземка перавозіць каля 900 тысяч пасажыраў. Жыхары Мінска лічаць метро самым надзейным, камфортным і хуткім відам гарадскога транспарту. А ці ведаюць яны што-небудзь пра таго, хто кіруе цягніком? Карэспандэнту «Звязды» ўдалося высветліць, чаму машыністы мінскага метро не начуюць дома, за што іх «тузаюць» дыспетчары і каго яны завуць гора-пасажырамі.

Здароўе, як у касманаўта!

29-31

— Глядзіце пад ногі і нічога тут не чапайце! — папярэдзілі мяне адразу, як толькі мы зайшлі ў дэпо мінс-
кага метро. — Добра, што абутак у вас зручны. Гэта вам не па вуліцы гуляць.

Сапраўды, шпількі тут не да месца. Велізарнае памяшканне, гукі рамонтных работ і каля пятнаццаці пастаўленых у шэраг цягнікоў хутка нагадаюць вам пра гэта.

— Да нас сюды дзяўчыны заходзяць рэдка, таму бачыць тут жаночы твар неяк нязвыкла, — звяртаецца да мяне Аляксей Палубінскі, машыніст электрацягніка. — Жанчын-машыністаў у нас няма. Здаецца, на самым пачатку працы мінскай падземкі было некалькі, але сёння цягнікамі кіруюць толькі мужчыны. Вытрымаць такую нагрузку не кожны зможа!

І не кожнага, як высветлілася, возьмуць! Каб стаць вадзіцелем падземнага транспарту, трэба прайсці сур'ёзнае медыцынскае абследаванне. Здароўе павінна быць, як у касманаўта! Дарэчы, медкамісію ўсе вадзіцелі метро праходзяць штогод бясплатна, але ў абавязковым парадку, незалежна ад узросту і стажу працы.

Аляксей кіруе падземным транспартам ужо чатырнаццаць гадоў. Спачатку скончыў Мінскі каледж чыгуначнага транспарту, а потым пайшоў на курсы па падрыхтоўцы машыністаў метро. Навучанне працягваецца паўгода, пасля — іспыты. Акрамя тэорыі, «маладыя байцы» дэманструюць, як павінен весці сябе машыніст у выпадку надзвычайных сітуацый. Дзеля гэтага мадэлююцца спецыяльныя ўмовы, як мага больш набліжаныя да рэальнага жыцця. За пяць хвілін сапраўдны машыніст павінен ліквідаваць усе няспраўнасці і працягнуць рух.

«Пасажыраў не хвалюе, што нехта з машыністаў не выспаўся»

— Добра памятаю свой першы рэйс. Хваляваўся вельмі. Усё баяўся не тую кнопку націснуць, — дзеліцца сваімі ўспамінамі Аляксей. — Але ўсё абышлося.

Я ж хвалявалася ад таго, што ў такой маленькай кабіне машыніста ненаўмысна што-небудзь зачаплю!

— Чаму тут так цесна? — пытаюся.

— Нам хапае! Мы тут у футбол гуляць не збіраемся, — адказвае Аляксей. — Усё неабходнае, каб адкрываць і закрываць дзверы, тармазіць, паскарацца, сачыць за прыборамі, у кабіне змяшчаецца.

Цікава, што цягнік, у разуменні звычайнага чалавека, «паварочвае сам». Дакладней тое, што ўсе называюць «паваротамі», у машыністаў з'яўляецца «крывымі ўчасткамі». Цягнік праходзіць іх, і колы не паварочваюцца за кошт ухілу шляхоў.

29-32

— Хвілін за дзесяць да пачатку працы праходзім «хуткую медкамісію» (дыхаем у алкатэстар, мераем ціск), правяраем гатоўнасць цягніка да працы і выязджаем. Звычайна едзем з хуткасцю 40-50 км/г (максімальная хуткасць цягніка — 80 км/г). Вельмі важна прытрымлівацца графіка руху. Але ў «час пік» гэта зрабіць бывае складана. Інтэрвал невялікі, усяго дзве хвіліны, а пасажыры ўсё роўна не хочуць чакаць наступнага саставу і пачынаюць трымаць дзверы. Як вынік — цягнік ад'ехаў на дзесяць секунд пазней і, адпаведна, на наступную станцыю спазніўся. За падобныя адхіленні машыніста «тузаюць» дыспетчары, а гэта не вельмі прыемна, — дзеліцца Аляксей.

— Затое, напэўна, пасля такога напружанага дня спіцца добра? — цікаўлюся я.

— Сон моцны, скардзіцца грэх. Але і да своеасаблівага нестабільнага графіка працы прывыкнуць трэба. Машыніст можа працаваць два дні запар у дзень, затым — у ноч, потым зноў — у дзень. Але змена абавязкова павінна доўжыцца не больш за сем гадзін, — тлумачыць мой суразмоўца.

Акрамя гэтага, на ўсіх канцавых станцыях ёсць пакоі адпачынку для супрацоўнікаў метро. І калі машыніст прывёў апошні цягнік, які прыбывае а палове другой ночы, тады ён едзе не дадому, а адсыпаецца тут да наступнай змены.

— Самае складанае ў нашай працы — гэта ўменне сканцэнтравацца. Ад увагі і засяроджанасці кожнага машыніста залежыць якасць работы метро. Наша задача — своечасова і без здарэнняў даставіць пасажыраў на патрэбную станцыю. Іх не павінна хваляваць тое, што нехта з машыністаў сёння не выспаўся ці моцна стаміўся пад канец змены, — расказвае Аляксей.

Лепш чытайце кніжкі!

— Аляксей, а людзі пад цягнік падаюць часта? — не вытрымліваю я і задаю пытанне, якое хвалявала з самага пачатку размовы.

— З гэтым мне, напэўна, пашанцавала. На маёй змене няшчасных выпадкаў не было. А вось калегам даводзілася ратаваць гора-пасажыраў, — сур'ёзна адказаў Аляксей. — У падобнай сітуацыі машыніст павінен імгненна затармазіць. Добра, што тармазы — «зверскія». Пасля гэтага забараняецца нават на сантыметр зрушваць цягнік, каб, не дай Бог, не даціснуць пасажыра. Напружанне, зразумела, адразу адключаюць. Выклікаецца спецыяльная брыгада, якая будзе выцягваць чалавека, хуткая дапамога, міліцыя, — тлумачыць машыніст.

Гэта вельмі страшна. А калі яшчэ ўлічваць, што дзевяноста адсоткаў — суіцыд, а не проста няшчасны выпадак, то становіцца жудасна.

— Вось вы, Кацярына, слухаеце музыку ў метро ў навушніках? — рэзка запытаў мяне Аляксей.

— Слухаю, але рэдка. Я больш чытаць у метро люблю, — адказваю я.

— Лепей чытайце. Так вы хоць будзеце чуць усе аб'явы, якія, дарэчы, робяцца менавіта для пасажыраў! Для вашай бяспекі, а вы ігнаруеце гэта. Нельга так.

Дарэчы, самім машыністам падчас руху нельга ні музыку слухаць, што дазволена, напрыклад, кіроўцам аўтобусаў, тралейбусаў, ні па мабільным тэлефоне размаўляць. Для такіх спраў існуюць перапынкі. На працягу змены машыніста падмяняе напарнік праз кожныя дзве гадзіны: у гэты час вадзіцель цягніка можа прыйсці ў пакой адпачынку паесці і аднавіць сілы.

— Цікава, а ці мяняецца з часам культура пасажыраў?

— Не ведаю, але мне здаецца, што людзі як раней спяшаліся, так і цяпер спяшаюцца. Сённяшні рытм жыцця не дазваляе паводзіць сябе па-іншаму. Усюды паспець — гэта нармальнае жаданне. Але чым больш пасажыраў, тым складаней становіцца праца машыніста. Адказнасці дадаецца.

Завяршыла размову з Аляксеем і вырашыла, што дадому паеду на метро. У вагоне электрацягніка я добра ўяўляла, як адбываецца кіраванне падземным транспартам, і ехаць ад гэтага было неяк спакайней. Ведала, што маё жыццё на гэтыя кароценькія тры-чатыры станцыі знаходзіцца ў руках прафесіяналаў.

Кацярына Асмыковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».