Міністр адукацыі мае намер разабрацца з выкананнем настаўнікамі неўласцівых для іх функцый
Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што гэтай праблемай ён займаецца з першага дня свайго знаходжання на пасадзе міністра. Паводле яго слоў, цяпер праводзіцца маніторынг школ і гімназій па ўсёй краіне. Пра гэта ён паведаміў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. «Вывучаем статыстыку, глядзім структуру даручэнняў, якія выконваюцца настаўнікамі, і высвятляем, хто іх дае. Акрамя таго, абмяркоўваем з настаўнікамі, дырэктарамі і прадстаўнікамі раённай улады, якім яны бачаць сваё ўзаемадзеянне ў будучыні. Паспрабуем як мага хутчэй абагульніць гэтыя матэрыялы і сфармуляваць рэкамендацыі», — паабяцаў міністр.
Безимени-2
Павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка, на думку кіраўніка галіны, важная місія, але гэта задача не толькі для Міністэрства адукацыі, а для ўсяго грамадства:
—Трэба ствараць у нашым грамадстве станоўчы вобраз настаўніка. Для гэтага неабходна і СМІ прыцягваць, больш расказваць пра нашых выдатных педагогаў, пра іх інавацыі…
Міністэрства адукацыі, са свайго боку, будзе старацца стварыць самыя аптымальныя ўмовы для таго, каб педагогі працавалі ў творчых і камфортных умовах, будзе клапаціцца пра іх матэрыяльнае заахвочванне…
Базавы падручнік
Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што летам выпускнікі 9‑х класаў будуць здаваць тры выпускныя экзамены — па беларускай, рускай мовах і матэматыцы (усе ў пісьмовай форме). З 2015 года абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі будуць здаваць толькі выпускнікі 11‑х класаў.
«Цяпер нашы спецыялісты распрацоўваюць крытэрыі адбору для залічэння ў 10‑я профільныя класы. Але пры гэтым мы захаваем і звычайныя 10‑я класы для дзяцей, якія не змаглі вызначыцца з профілем, дзе ўсе прадметы будуць вывучацца на базавым узроўні», — адзначыў міністр.
Ён дадаў, што на базе некаторых устаноў адукацыі краіны ў гэтым навучальным годзе праводзіцца эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў базавай школы. І толькі пасля яго завяршэння можна будзе праводзіць выпускныя іспыты для дзевяцікласнікаў па такой мадэлі.
У міністра адукацыі пацікавіліся, што ён думае наконт якасці і даступнасці выкладання матэрыялу ў школьных падручніках, а таксама магчымасці вяртання да правераных часам і многімі пакаленнямі школьнікаў савецкіх падручнікаў.
—Калі вы спытаеце бабуль, дзядуляў, бацькоў, яны скажуць вам, што гэта праблема была заўсёды і, напэўна, будзе. Нельга напісаць падручнік, які б задаволіў усіх без выключэння. Але ў нас узнікла ідэя стварэння базавага падручніка. Базавы падручнік — гэта падручнік, які будзе змяшчаць пэўны набор базавых ведаў, якімі павінен валодаць кожны вучань. Да базавага падручніка будуць выдадзены рэкамендацыі па велізарнай колькасці дадатковых матэрыялаў. Дадатковыя матэрыялы — гэта і інтэрнэт-рэсурсы, дадатковыя падручнікі альбо метадычныя матэрыялы. Іх будзе вызначаць альбо сам настаўнік-прадметнік, альбо педсавет.
Напрыклад, калі настаўнік профільных класаў працуе з моцнымі вучнямі, то ён, акрамя базавага падручніка, можа даць ім і вялікую колькасць дадатковага матэрыялу, які можа быць ім карысным. Дадатковыя матэрыялы могуць абнаўляцца кожны год, таму што інфармацыя мяняецца вельмі хутка. У той час як падручнікі пішуцца вельмі скрупулёзна, і перапісваць іх кожны год мы не можам. Таму пяройдзем да базавага падручніка і дадатковых матэрыялаў, — патлумачыў міністр. — Але проста так базавы падручнік не з'явіцца. Мы цяпер думаем над тым, якой павінна быць сістэма адбору калектыву для напісання базавага падручніка і як будзе праходзіць конкурс па яго напісанні.
Таксама Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што з наступнага года ў школы вяртаецца курс «Сусветная мастацкая культура». У кожнай паралелі ён будзе называцца па-свойму, у залежнасці ад таго, што менавіта будзе вывучацца ў канкрэтным класе.
«Тэст» на наркотыкі
Міністр адукацыі расказаў, што з наступнага навучальнага года сярод беларускіх школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў плануецца праводзіць псіхасацыяльнае анкетаванне на схільнасць да наркотыкаў.
—Усе павінны разумець, якое зло нясуць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі. Спецыяльна для ўзмацнення барацьбы з гэтай згубнай з'явай міністэрствамі адукацыі, унутраных спраў, аховы здароўя распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод навучэнцаў, — расказаў Міхаіл Жураўкоў. — Акрамя гэтага дакумента, спецыялістамі распрацаваны парадак правядзення псіхасацыяльнага анкетавання і медыцынскага абследавання. Сёння спецыялісты ўстаноў адукацыі праводзяць з бацькамі работу, тлумачаць ім важнасць правядзення такога анкетавання. Нам бы хацелася, каб анкетаванне не стала стрэсам для дзяцей, не ўсхвалявала бацькоў, пры гэтым каб была захавана максімальная канфідэнцыяльнасць інфармацыі. Вось менавіта гэты аспект цяпер і прапрацоўваецца спецыялістамі. Як вырашыць, хто мае права доступу да інфармацыі, і як засцерагчы асабістыя даныя дзіцяці.
Акрамя падрыхтоўкі бацькоўскай грамадскасці, ёсць яшчэ адно важнае пытанне, без якога немагчыма якасна правесці такое анкетаванне — трэба падрыхтаваць спецыялістаў, якія будуць яго праводзіць. Усю вясну інстытуты развіцця адукацыі будуць рыхтаваць педагогаў-псіхолагаў і класных кіраўнікоў да правядзення анкетавання. Міністр адукацыі расказаў, што ўвесь мінулы год у некалькіх установах адукацыі вялася апрабацыя такога анкетавання.
Парогавыя ацэнкі на ЦТ
Адказваючы на пытанне: «Калі ў абітурыентаў з'явіцца магчымасць падаваць свае дакументы адразу ў некалькі ВНУ?» — Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што сёння такое пытанне не разглядаецца. «Гэта значыць, што ў бягучым і наступным навучальным годзе абітурыент павінен будзе падаваць дакументы ў канкрэтную ВНУ. У перспектыве, можа быць, мы да гэтага і прыйдзем, але не ў бліжэйшыя гады», — удакладніў міністр.
Пры гэтым Міхаіл Жураўкоў не выключае ў будучыні і павелічэння колькасці тэстаў, якія зможа здаваць адзін чалавек у ходзе цэнтралізаванага тэсціравання: «Будзем думаць, таму што няма абсалютна правільнай і дасканалай сістэмы адбору. Трэба ісці наперад, заўсёды ёсць што ўдасканальваць». Пры гэтым ён адзначыў, што ў любым выпадку правілы гульні будуць вызначаны загадзя. Пра новыя правілы паступлення ў ВНУ абвесцяць як мінімум за год.
Першае і, напэўна, самае галоўнае, што цікавіць абітурыентаў 2015 года, — гэта парогавыя балы па прадметах ЦТ.Яны змяняцца не будуць. «Мінімальная колькасць балаў, якую неабходна набраць абітурыенту на ЦТ, застанецца ранейшай, — запэўніў міністр. — Іншая справа, што мы крыху зменім падыход — будзе ўведзена паняцце «профільны прадмет». Зменіцца і працягласць перыяду падачы дакументаў абітурыентамі — колькасць дзён для падачы ў асноўную хвалю павялічыцца, затое зменшыцца колькасць дзён для тых, хто будзе падаваць дакументы ў рамках правядзення дадатковага набору. Іншых істотных змен, якія паўплываюць на лёс абітурыентаў і іх план падрыхтоўкі, не плануецца».
Што датычыцца плана набору на бюджэт, то ён можа вар'іравацца ў залежнасці ад колькасці выпускнікоў школ. Сёлета колькасць выпускнікоў школ засталася практычна на леташнім узроўні, таму колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ зменшыцца нязначна.
Дзіцячы садок — не «камера захоўвання»
«Хто прымае рашэнне аб выключэнні дзіцяці з дзіцячага садка і чаму было вырашана, што падставай для адлічэння могуць стаць 30 дзён, прапушчаных дзіцем без уважлівай прычыны?» — пацікавіліся ў міністра адукацыі.
—Выключыць дзіця з дзіцячага садка без уважлівай прычыны ніхто не мае права, — запэўніў Міхаіл Жураўкоў. — Ніхто не можа гэтага зрабіць неабгрунтавана, не вывучыўшы ўсе абставіны, якія спрыялі таму, што дзіця перастала наведваць дашкольную ўстанову. Калі маці працуе дзень праз два ці тата можа пасядзець з дзіцем у будны дзень, то, натуральна, гэта трэба абгаварыць з загадчыцай садка.
Пры гэтым міністр удакладніў, што ў Кодэксе аб адукацыі ёсць раздзел, які рэгулюе наведванне ўстановы адукацыі: падпунктам 5.6 пункта 5 артыкула 79 вызначана, што датэрміновае спыненне адукацыйных адносін па ініцыятыве кіраўніцтва ўстановы (у тым ліку ўстановы дашкольнай адукацыі) ажыццяўляецца ў выпадку працяглай адсутнасці (больш за 30 дзён) на занятках без уважлівых прычын на працягу навучальнага года (за выключэннем канікулярнага часу, які не ўлічваецца як пропуск без уважлівых прычын: гэта 90 каляндарных дзён летам, 10 каляндарных дзён зімой і 10 каляндарных дзён вясной). Гэты пункт датычыцца ўсіх устаноў адукацыі, а не толькі дашкольных.
«Так зроблена таму, што ні дзіцячы садок, ні школа, ні прафтэхустанова не з'яўляюцца, так бы мовіць, «камерай захоўвання». Гэта ўстановы, якія прадастаўляюць адукацыйныя паслугі, і бацькі абавязаны вырашыць для сябе: будуць яны імі карыстацца або адмовяцца ад іх.
Мы лічым, што кіраўнік установы дашкольнай адукацыі мае права самастойна ў кожным асобным выпадку (з улікам канкрэтных абставін) вырашаць пытанне аб тым, ці з'яўляюцца тыя ці іншыя прычыны адсутнасці выхаванца ўважлівымі. Так ці інакш, рашэнне аб захаванні месца выхаванца ва ўстанове дашкольнай адукацыі прымаецца ў інтарэсах дзяцей», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. Ён растлумачыў, што калі ўзнікаюць спрэчкі, то пытанне вырашаецца аддзелам (упраўленнем) адукацыі, спорту і турызму, на тэрыторыі якога знаходзіцца дзіцячы садок.
«Справа ў тым, што дастаткова складана вызначыць на заканадаўчым узроўні вычарпальны пералік уважлівых прычын, па якіх дзіця можа адсутнічаць у дзіцячым садку. Напрыклад, бацькі з'ехалі за мяжу больш чым на паўгода, і дзіця з'ехала разам з імі, але яны не напісалі заяву аб тым, што просяць выключыць дзіця з ліку выхаванцаў дзіцячага садка. Таму і захоўвалася за ім гэтае месца. Такога быць не павінна», — рэзюмаваў Міхаіл Жураўкоў.
Міністр адукацыі паведаміў, што ў Беларусі цяпер працуе 10 прыватных устаноў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі (сем у Мінску, адна ў Мінскай вобласці і дзве ў Магілёўскай). З мінулага года спрошчаны патрабаванні ў плане адкрыцця сямейных дзіцячых садкоў на першых паверхах існуючага жыллёвага фонду (катэджнай забудовы). Гэта было зроблена, каб стымуляваць стварэнне ўстаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці.
—Я больш чым упэўнены, што цяпер многае будзе залежаць ад мясцовай выканаўчай улады і жадання людзей. На мясцовым узроўні, мы спадзяёмся, у бліжэйшы час будзе наладжана работа па істотным развіцці сеткі такіх устаноў, стварэнні для гэтага адпаведных умоў. Думаю, што трэба скласці ў кожным рэгіёне пералік будынкаў і памяшканняў, якія могуць быць аддадзены пад прыватныя дзіцячыя садкі. Для дашкольнай адукацыі цяпер вельмі актуальнае дзяржаўна-прыватнае партнёрства, паколькі, выкарыстоўваючы традыцыйныя падыходы пры арганізацыі дашкольнай адукацыі толькі за кошт дзяржаўных сродкаў, вырашыць гэтую праблему будзе складана, — дадаў Міхаіл Жураўкоў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.