Вы тут

У Год моладзі — без фармальнасцяў


Адной з асноўных задач сістэмы адукацыі на гэты год першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ назваў павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі.

17-17

17-17

 

— Сучасная школа мае патрэбу ў такіх педагагічных кадрах, якія валодаюць высокім узроўнем прафесійнай культуры, сацыяльнай актыўнасці і мабільнасці. Можна смела казаць, што часта ад сацыяльнай актыўнасці, прынцыповасці і неабыякавасці настаўніка залежаць не толькі поспехі яго вучняў, але і эфектыўнасць узаемадзеяння сям'і і школы, сям'і і соцыуму, — падкрэсліў Вадзім Богуш у сваім выступленні на калегіі, прысвечанай падвядзенню вынікаў за папярэдні год. — Ад узроўню кадравага патэнцыялу залежыць і дынаміка развіцця галіны, таму адной з найважнейшых задач на 2015 год з'яўляецца для нас распрацоўка праграмы «Кадры».

Па словах Вадзіма Богуша, у цэлым сістэма адукацыі нашай краіны не адчувае недахопу ў кадрах. Іх ратацыя звязана пераважна з выхадам педагогаў на заслужаны адпачынак. Праўда, у асобных установах напружанне, хоць і часовае, узнікае. Таксама назіраецца тэндэнцыя павышэння сярэдняга ўзросту прафесарска-выкладчыцкага складу ў ВНУ, асабліва гэта тычыцца выкладчыкаў з навуковымі ступенямі.

Сярэднямесячная заработная плата педагагічных работнікаў (акрамя прафесарска-выкладчыцкага складу) была ў 2014 годзе 4,6 млн рублёў, або 75,4% ад узроўню сярэдняга заробку па краіне. Канкрэтна ў настаўнікаў — 4,8 млн рублёў, або 79,3% ад сярэдняга заробку па краіне, а ў прафесарска-выкладчыцкага складу — 6,9 млн рублёў, або 113%.

У 2014 годзе заработная плата педагагічных работнікаў павышалася двойчы. Павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам з 1 верасня дазволіла павысіць сярэднюю заработную плату настаўнікаў у сярэднім на 18%.

Разам з тым сярод галін сацыяльнай сферы па ўзроўні заработнай платы адукацыя заняла летась перадапошняе месца з паказчыкам 4121,3 тыс. рублёў.

— Сёлета і ў наступныя гады трэба імкнуцца давесці ўзровень сярэдняй зарплаты настаўніка да ўзроўню сярэдняй зарплаты ў рэгіёне, — паставіў задачу Вадзім Богуш. — А заробак прафесарска-выкладчыцкага складу павінен перавышаць узровень сярэдняй зарплаты ў краіне ў 1,5 раза.

Вынікі аптымізацыі

— Улічваючы, што выдаткі на адукацыю — адна з самых важкіх частак бюджэту, асаблівую ўвагу мы надаём эканамічным аспектам адукацыі, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — З улікам дэмаграфічнай сітуацыі, патрэбы ў кадрах і адукацыйных паслугах праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Летась была закрыта альбо рэарганізавана 341 установа дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі скарацілася на 18 адзінак. 8 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі ўключаны ў структуру ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Мы імкнёмся шырэй выкарыстоўваць велізарны патэнцыял універсітэцкай навукі, гатоўнасць арганізацый і грамадзян укладваць сродкі ў адукацыю. Іншымі словамі, мы вучымся зарабляць грошы для адукацыі. І ў нас гэта паступова пачынае атрымлівацца.

У 2014 годзе колькасць замежных грамадзян, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі нашай краіны, павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 2081 чалавека і склала 18 560 чалавек. Адукацыю ў Беларусі сёння атрымліваюць грамадзяне са 103 краін свету. Але для далейшага нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг трэба асвойваць новыя рынкі, працаваць над павышэннем іміджу і прывабнасці беларускай адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы.

Станоўчы імпульс гэтым працэсам, як спадзяюцца ў Міністэрстве адукацыі, надасць уключэнне Рэспублікі Беларусь у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу. Заяўка Беларусі на ўключэнне ў Балонскі працэс будзе разглядацца якраз сёлета.

Кадры трэба гадаваць

— У 2015 годзе працягнецца наша размова з моладдзю ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі. — Абвешчаны Год моладзі ўжо стартаваў. Яго яркім пачаткам стаў 42‑гі з'езд БРСМ, Рэспубліканскі студэнцкі форум у Горках і фінал конкурсу «Студэнт года». У Горках быў створаны грамадскі студэнцкі савет пры Міністэрстве адукацыі і падтрымана яго ініцыятыва аб рэалізацыі ў сацыяльных сетках праекта «Адукацыя вачамі маладых». Гэта пацвярджае і выбраны напрамак — удзел самой моладзі ў абмеркаванні праблем і прыняцці рашэнняў. Між іншым, у чэрвені ў нацыянальным аздараўленчым цэнтры «Зубраня» пройдзе тэматычная змена «Маладзёжнай ініцыятыве — ТАК!».

Сапраўдным падарункам краіне стане Маладзёжная сталіца, якая будзе абвешчаная па выніках конкурсу напрыканцы бягучага года.

— У Год моладзі я хачу папрасіць усе ўстановы адукацыі прадумаць нефармальныя «жывыя» мерапрыемствы, якія насамрэч будуць цікавыя для моладзі, — звярнуўся да прысутных міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.

Міністр выказаў незадаволенасць тым, як вядзецца ў краіне работа з кадравым рэзервам.

— Створаная база таленавітай моладзі выкарыстоўваецца слаба. Я цікавіўся, колькі зваротаў было да гэтай базы, хто запытвае інфармацыю, і магу сказаць, што зусім нязначная колькасць арганізацый да яе звяртаецца. Я разумею, што таленавіты чалавек (асабліва, калі ён таленавіты ў нейкай пэўнай вобласці) і таленавіты кіраўнік — гэта не адно і тое ж. Тым не менш дэфіцыт кіраўніцкіх кадраў у нас адчуваецца сёння на ўсіх узроўнях. Гэтае пытанне павінна хваляваць як кіраўнікоў абласцей, так і рэктараў. Кіраўніцкія кадры трэба гадаваць. Мяркую, што партнёрства ў гэтым пытанні з грамадскімі маладзёжнымі арганізацыямі, было б вельмі карысным. Маладзёжныя лідары і ёсць той самы рэзерв для папаўнення кіраўніцкіх пасад, — дадаў Міхаіл Жураўкоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Што яшчэ будзе зроблена ў сістэме адукацыі сёлета:

 увядзенне профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі;

 завяршэнне эксперымента па незалежнай атэстацыі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і прыняцце рашэння аб мэтазгоднасці рэалізацыі гэтай мадэлі;

 пераход да адносна завершанай ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі;

 максімальна поўнае ўключэнне ў адукацыйны працэс мабільных прылад асабістага і калектыўнага карыстання;

 распрацоўка «воблачных» электронных адукацыйных рэсурсаў;

 стварэнне навукова-адукацыйных кластараў, у тым ліку па педагагічнай адукацыі;

 развіццё дыстанцыйнай формы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў;

 фарміраванне новай класіфікацыі спецыяльнасцяў і кваліфікацый прафесійнай адукацыі ў адпаведнасці з відамі эканамічнай дзейнасці і МСКО 2011;

 укараненне і развіццё ў ВНУ модульнага прынцыпу пабудовы адукацыйных праграм, распрацоўка механізмаў і сеткавай формы рэалізацыі адукацыйных праграм магістратуры.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».